Як гэта – стаць у 17 гадоў юрысконсультам такой вялікай гаспадаркі, як КСУП “Гудагай”, расказвае Вера Сівец
У іх розная спецыфіка дзейнасці, успрыманне, але аб’ядноўвае іх тое, што першыя крокі ў прафесію яны робяць у КСУП «Гудагай». Моладзь, якая тут працуе, расказала пра выбар прафесіі і пра тое, чым для іх з’яўляецца іх гаспадарка.
Юрысконсульт
Вера Сівец:
– Пра прафесію юрыста марыла з дзяцінства. Магчыма, з-за таго, што ў свой час перагледзела шмат серыялаў крымінальнай тэматыкі накшталт «Вяртанне Мухтара», «Ментаўскія войны» і іншыя. (Усміхаецца.)
У школе, акрамя таго што ўзмоцнена займалася рускай мовай, цікавілася грамадазнаўствам. Дзякуючы алімпіядам і конкурсам зразумела, што менавіта гэта галіна для мяне найбольш блізкая. Таму вырашыла працягнуць адукацыю ў гэтым накірунку. Для паступлення выбрала юрыдычны каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мне падалося гэта добрым варыянтам. Па-першае, гэта філіял самай прэстыжнай вну ў нашай краіне; па-другое, разумела, што з-за высокіх прахадных балаў там будуць вучыцца таленавітыя і мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты, што стварае выдатную магчымасць развівацца ў асяроддзі матываванай і адукаванай моладзі.
Паралельна з работай цяпер завочна вучуся на апошнім курсе юрфака Белдзяржуніверсітэта, праўда, спецыялізацыю выбрала судова-пракурорска-следчага профілю. Напэўна, каб пашырыць свой кругагляд і крыху абстрагіравацца ад работы грамадзянскай накіраванасці. (Усміхаецца.)
Калі скончыла каледж, мне было 17 гадоў. З блізкімі мы разглядалі розныя варыянты: і сталіцу, і іншыя гарады. Улічваючы, якія прапаноўвалі зарплаты маладым спецылістам з юрыдычнай адукацый, заставацца ў Мінску было немэтазгодна. Пра вакансію ў КСУП «Гудагай» даведаліся выпадкова. Сустрэліся з Эдуардам Іванавічам, ён праявіў давер і ўзяў мяне. У гэтай гаспадарцы я з 2021 года.
Наша прадпрыемства сельскагаспадарчае, таму ў сваёй рабоце я сутыкаюся абсалютна з рознымі сферамі. У мяне не толькі дагаварная і прэтэнзійна-іскавая работа, падача да спагнання запазычанасцей, але і афармленне спонсарскай дапамогі, бязвыплатнай перадачы аб’ектаў, вядзенне дзелавой перапіскі – шмат нюансаў, таму што мы дзяржпрадпрыемства…
Дапамагаю з прававой базай калегам з іншых аддзелаў. Удзельнічаю ў распрацоўцы лакальных нарматыўна-прававых актаў, у тым ліку калектыўнага дагавора.
Работу імкнуся выконваць правільна, дакладна і ў тэрмін. У мяне няма такога, каб нешта адклала, усе пытанні стараюся вырашаць па меры іх паступлення. Нават калі ўпэўнена ў нечым на ўсе 100%, усё адно пераправеру – заканадаўства хутка мяняецца. Добрае падспор’е – прававыя базы, напрыклад, праграмы «Бізнес-інфо», «Айлекс». Ёсць шмат сумежных пытанняў, таму заўсёды можна звярнуцца да калег – паміж усімі нашымі аддзеламі наладжана ўзаемадзеянне.
Таксама я ўзначальваю пярвічку БРСМ. У КСУП «Гудагай» працуе 71 чалавек ва ўзросце да 31 года. З калегамі стараемся ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія ладзіць наш райкам. Нават некалькі дыпломаў маем. (Усміхаецца.)
Не толькі для маладых спецыялістаў, але і для ўсіх работнікаў калдагаворам прадугледжана шмат бонусаў: выплата пад’ёмных, прадастаўленне жылля і кампенсацыя за яго з’ём, падвоз, бясплатныя пуцёўкі ў лагер і санаторый для дзяцей работнікаў... Словам, у нас ніхто не абдзелены!
КСУП «Гудагай» – стабільная арганізацыя, якая дае сваім супрацоўнікам магчымасць развівацца. Многія ў нас пастаянна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі. Кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач, адкрыта для ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, і гэта адчуваецца, калі ты малады спецыяліст. Ведаю з уласнага досведу.
Гэта самая лепшая гаспадарка ў раёне па многіх накірунках. Я рада, што трапіла на работу менавіта сюды. Гэта дало мне непераўзыдзенную магчымасць спазнаць знутры спецыфіку работы дзяржаўнага прадпрыемства».