Работнікаў Астравецкага вопытнага лясгаса адзначылі за дапамогу калегам у ліквідацыі бураломаў
Лясное брацтва – інакш і не скажаш пра работнікаў краіны гэтай галіны. Леташні ўраган стаў самым разбуральным у гісторыі Беларусі: ліквідаваць яго наступствы калегам з найбольш пацярпелых лясгасаў дапамагалі без перабольшвання ўсёй краінай. Не засталося ў баку і Астравецкі вопытны лясгас. Нядаўна ў Мінску адбылося ўрачыстае ўшанаванне ліквідатараў бураломаў. Прыемна адзначыць, што ў ліку 200 працаўнікоў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у гэтую важную справу, 3 – з Астравеччыны.
Нагадаю, калі здарылася бяда, кіраўнікі лесагаспадарчых устаноў Гродзеншчыны, у тым ліку дырэктар Астравецкага вопытнага лясгаса Рыгор Долгі, адразу выехалі на месца для падбору дзялянак. На працягу некалькіх месяцаў на распрацоўцы ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці ў дзве змены былі задзейнічаны машыністы, вадзіцелі, майстры лесапункта і лесанарыхтоўчая тэхніка нашага лясгаса. Як адзначыў падчас урачыстасці міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, за 7 месяцаў распрацавана звыш 47 тысяч гектараў бураломных дзялянак і нарыхтавана каля 6,5 мільёна драўніны.
Прыемна, што і работа астраўчан была ацэнена на самым высокім ўзроўні. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі машыністы трылёвачных лесанарыхтоўчых машын Віталь Тумінскі і Аляксандр Жук, а такама вадзіцель гэтага структурнага падраздзялення Эдуард Валуевіч.
Фота з архіва лясгаса