Рамонт тэхнікі, вырошчванне збожжавых і цукровых буракоў, ці Якімі клопатамі жыве Астравецкая сельгастэхніка

14:00 / 29.03.2025
Здаецца, сама назва гэтага прадпрыемства гаворыць за сябе. Тым не менш, сёння Астравецкая сельгастэхніка – гэта шмат­вектарная арганізацыя, дзейнасць якой не абмяжоўваецца грузаперавозкамі. 

Без малога 5 гадоў назад прадпрыемства ўзначаліў Аляксандр Шчука, чалавек не новы ў сельскай гаспадарцы. Як і што за гэты час змянілася ў рабоце сельгастэхнікі, карэспандэнт «раёнкі» пагутарыў з дырэктарам. 

– Калі асноўная задача гаспадарак – вытворчасць жывёлагадоўчай і раслі­наводчай прадукцыі, то якая спецыфіка работы вашага прадпрыемства?

– Галоўнае – аказанне паслуг у галіне аграпрамысловага комплексу. Рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, абслу­гоў­ванне жывёлагадоўчых аб’ектаў, дапамога аграрыям, і не толькі, у перавозцы прадукцыі і на палявых работах – гэта кароткі пералік асноўных работ. 

«За няпоўныя пяць гадоў у нас атрымалася ў некалькі разоў павялічыць выручку. Для параўнання, за 2024 год яна склала 5 мільёнаў 896 тысяч рублёў, а ў 2020-м была толькі 1,5 мільёна. Калі я ўзначаліў сельгастэхніку, прадпрыемства было стратным. З 2022 года сталі атрымліваць прыбытак і развіваць новыя накірункі работы. 

– Як атрымалася за невялікі тэрмін выйсці з мінуса на плюс?

– За любымі, нават невялікімі дасяг­неннямі ў першую чаргу стаяць людзі. Нездарма кажуць, адзін у полі – не воін. (Усміхаецца.) Менавіта на працаўнікоў я разлічваў і стараўся іх зацікавіць. Упэўнены, што кожная праца павінна годна аплочвацца. Змянілі расцэнкі і ўвялі здзельную аплату. Кажучы простай мовай, калі вадзіцель ці механізатар зарабіў для нашай арганізацыі 100 рублёў, то ён атрымае каля 12% ад гэтай сумы плюс прэмію. Мне здаецца, што гэта самая аб’ектыўная сістэма аплаты. Пра гэта сведчыць і той факт, што да нас сталі ўладкоўвацца на работу, а добрыя механізатары і вадзіцелі – на вагу золата. Калі ўзначаліў сельгастэхніку, тут працаваў 51 чалавек, цяпер – 63. Калектыў абнавіўся працэнтаў на 80. Лічу, цяпер мы адна каманда і кожны годна працуе на агульны вынік. Радуе, што ў нашых шэрагах ёсць моладзь. 

– Напэўна, і тэхнічная аснашчанасць прадпрыемства ў гэтым адыграла пэў­ную ролю? 

– Неяк падлічваў, што за пяць гадоў у гаспадарак раёна купілі і забралі больш за 30 адзінак тэхнікі, якую збіраліся спісваць. Скажам так, яшчэ ўчора на задворках механічнай майстэрні стаяла куча металалому, а ў нас яна спраўна служыць. Усе сельгасмашыны і агрэгаты адрамантавалі і карыстаемся. У КСУП
«Гудагай», напрык­лад, набылі збожжаўборачны камбайн. З’явіліся сеялкі для цукровых буракоў і збожжавых, апрысквальнікі, плуг, раскід­вальнікі арганічных і мінеральных угна­енняў. Нядаўна набылі энерганасычаны трактар, уклалі ў яго рамонт грошы, засталося купіць пакрышкі – і «Беларуса» можна выпускаць у поле. 

Пазалетась купілі 2 новыя трактары. Летась планавалі 2 пагрузчыкі, але завод не змог паставіць, атрымалі толькі адзін. У гэтым годзе павінна прыйсці 7 адзінак новай тэхнікі прыблізна на 1 мільён 870 тысяч у межах лізінгу. 

У межах Указа Прэзідэнта №146 ёсць лізінгавая праграма па абнаўленні тэхнікі, яна прадастаўляецца пад 2% на 8 гадоў. Вельмі выгадныя ўмовы і дастаткова вялікі тэрмін, каб выплаціць усю суму. Раней мы не маглі браць тэхніку ў лізінг, таму што нашым асноўным відам дзейнасці лічыліся грузаперавозкі. Два гады назад «перавялі» сельгастэхніку ў шэраг сельгасарганізацый – змянілі від дзейнасці на аказанне паслуг у галіне сельскай гаспадаркі. Дзякуючы гэтаму змаглі карыстацца гэтай праграмай і паступова абнаўляць тэхнапарк. Таксама на­бываем запчасткі ў межах пастановы Савета Міністраў №114 – нацэнка на іх для сельгасарганізацый не перавышае 20%.

Займаемся і раслінаводствам, канешне, не ў такіх аб’ёмах, як гэта робяць гаспадаркі, але, як па мне, пэўныя ста­ноўчыя вынікі ўжо ёсць. 

Паступова павялічылі плошчы з 50-ці да 300-т гектараў. Удзячны кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якія даюць на год у арэнду ўчасткі, дзе вырошчваем пшаніцу, рэдзьку, авёс, трыцікале, жыта, цукровыя буракі. У асноўным гэта КСУП «Варняны», «Міхалішкі», сёлета павінны дапамагчы і «Гервяты». 

Летась у бункернай вазе накапалі 8 ты­сяч тон салодкіх караняплодаў пры ўра­джайнасці 500 цэнтнераў з гектара. Сёлета плануем павялічыць плошчы пад гэтай культурай, таму што яе вырошчванне эканамічна выгаднае. Ужо закупілі насенне. 

Раней збожжавая група на палавіну была яравой і азімай. Сёлета насенне будзем прыгортваць у глебу вясной – з восені не паспелі. Але на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны, у першую чаргу, таму што тэрміны ўборкі цукровых буракоў дастаткова познія.

Плануем закласці насеннікі шматгадовых траў – у апошні час такі матэрыял карыстаецца вялікім попытам. 

Усе палявыя работы выконваем самі: заворваем і культывуем глебу, сеем, пад­кормліваем расліны, абараняем ад хвароб, убіраем ураджай і нават сушым. У КСУП «Варняны» набылі перавазную сушылку, якая не выкарыстоўвалася працяг­лы час, давялі да толку.

Летась у межах дзяржаўнага заказу пастаўлялі азімую пшаніцу на Мінскі камбінат хлебапрадуктаў. Вельмі парадавала, што вырашчанае намі збожжа прызналі адным з лепшых па якасці, у першую чаргу, па ўтрыманні клейкавіны. 

– Якія накірункі развіваеце яшчэ? 

– Ёсць асобная брыгада электрыкаў, якія займаюцца рамонтам на малочна-таварных фермах і комплексах. Перамотваем і рамантуем электрарухавікі. 

З’яўляюцца адзінкавыя заказы на аль­танкі, гандлёвыя прылаўкі. Але гэта ра­завыя работы, яны больш працазатратныя, чым прыбытковыя. Атрымалі заяўку ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі на выраб сметніц. 

Прадстаўляем паслугі платнай стаянкі для грузавых аўтамабіляў. Здаём у арэнду свабодныя плошчы. 

Нядаўна набылі станок для аднаўлення пашкоджаных адтулін вялікагабарытнай тэхнікі. Наколькі ведаю, бліжэйшыя пунк­ты, дзе можна скарыстацца такімі паслу­гамі, знаходзяцца ў Мінску і Гродне.

Пачалі займацца гандлем. Дамовіліся аб узаемадзеянні з некаторымі вы­т­вор­цамі і пастаўшчыкамі запчастак і адкрылі гандлёвыя склады. Ад рэалізацыі атрымліваем 10% ад кошту. Няхай і невя­лікія грошы, але ўсё ж: рубль да руб­ля – неблагая сума набягае. 

– Якія планы на будучыню?

– Прадоўжыць абнаўленне тэхнікі. Спа­дзяюся, калектыў пабольшае; бу­дзем асвой­ваць новыя віды дзейнасці, у пры­ват­насці – па рамонце, а таксама займацца раслі­наводствам. Толькі ад рэалізацыі цукро­вікаў летась мы атрымалі выручку больш за мільён. Словам, работы ў сезон хапае. 

– А чым займаецеся зімой?

– У гэты перыяд асноўную выручку прыносяць склады мінеральных угнаенняў, паколькі у гаспадарках ідзе іх закупка і назапашванне. Каля 50-60 тысяч рублёў у месяц маем на разгрузцы вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі і іх захоўванні. А таксама займаемся рамонтам тэхнікі. 

– Дзякуй, Аляксандр Віктаравіч, за змястоўную гутарку. І няхай вашы задумы абавязкова рэалізуюцца!

На іх трымаецца прадпрыемства

Электрагаза­зваршчык Максім Цэйка малады і рукасты. За што ні возьмецца, усё ў яго атрым­ліваецца. Нядаўна пра­цаўнік асвоіў новы станок для аднаў­лення раз­бітых унутра­ных адтулін вяліка­габарытных машын. Дарэчы, драўляныя альтанкі, якія ўпрыгожылі сквер да калядных вечароў, – справа рук Максіма і яго калег. 

Электрагаза­зваршчык Максім Цэйка

Універсальны работнік – інакш пра Славіяна Захарэўскага не скажаш. І араць, і культываваць, і сеяць, і вапнаваць – няма тых сельскагаспадарчых работ, якія б механізатар ні выконваў. Здзіўляцца не выпадае: за плячыма мужчыны звыш 25 га­доў работы ў аграпрамысловым комплексе раёна, у тым ліку 20 уборак у якасці старшага камбайнера і памочніка.

Славіян Захарэўскі

Сямейны тандэм у складзе Андрэя і Часлава Казлоўскіх карыстаецца павагай у калег. Вадзіцель Часлаў Іванавіч ў сельгастэхніцы працуе пад 40 гадоў, сюды ж ён перацягнуў і сына. Андрэй слесар па рамонце аўтамабіляў і сельгастэхнікі. Працавітыя, адказныя, старанныя, летась яны ў пары ўбіралі ўраджай і дапамагалі гэта рабіць прыватнікам.

Андрэй і Часлаў Казлоўскія



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич