Каго з вучняў і педагогаў адзначылі на раённым свяце “Трыумф розуму і таленту”

14:00 / 18.02.2025


Раённае свята “Трыумф розуму і таленту” сабрала ў актавай зале гімназіі пераможцаў і ўдзельнікаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, іх бацькоў і педагогаў. Нагадаю, што Астравеччыну на вобласці прадстаўляла 28 вучняў, 14 з якіх вярнуліся з Гродна і Скідзеля з дыпломамі рознай ступені і граматамі – яны і сталі героямі ўрачыстасці.

Па задуме арганізатараў, у залежнасці ад вучэбнага прадмета разумнікаў і разумніц віншавалі прадстаўнікі розных галін, якія дасягнулі пэўных вынікаў у прафесіі.

Так, дзесяцікласніц Варнянскай СШ Аляксандру Гануліч, Марыю Кучэўскую і адзінаццацікласніка Міхалішкаўскай СШ Яўгенія Трафімчыка – яны атрымалі Дыпломы ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры, ушанавала начальнік аддзела адукацыі Аксана Землякова, якая па адукацыі беларускі філолаг.



Член саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі, аўтар шматлікіх навукова-папулярных і літаратурных кніг Аляксандр Марозаў звярнуўся да дзевяцікласніцы гімназіі №1 Кацярыны Цвірко (Дыплом ІІІ ступені па рускай мове і літаратуры), адзінаццацікласніцы гімназіі Міланы Новік (грамата па рускай мове і літаратуры), дзесяцікласніка Альхоўскай СШ Канстанціна Талуця (грамата па нямецкай мове). На жаль, адзінаццацікласніца СШ №2 г.Астраўца Вікторыя Сільвановіч, якая заваявала Дыплом ІІ ступені па рускай мове і літаратуры, не прысутнічала на раённай ўрачыстасці – дзяўчына ў гэты час рыхтуецца (і верыцца, што выступіць паспяхова!) на абласных зборах да рэспубліканскага этапу.


Намеснік старшыні райвыканама Мікіта Алянцэвіч адзначыў уладальнікаў Дыпломаў ІІІ ступені па геаграфіі і матэматыцы – дзесяцікласніка гімназіі №1 Дзмітрыя Крамінкіна і адзінаццацікласніка гэтай жа установы Ілью Мацура. А намеснік камандзіра вайсковай часці 97106 Сяргей Ермолаў – адзінаццацікласніцу гімназіі №1 Вікторыю Старынскую (Дыплом ІІІ ступені па астраноміі).

У адрас старшакласнікаў гімназіі №1 Канстанціна Ігнаценкі, Марыі Дземід, уладальнікаў Дыпломаў ІІІ ступені па фізіцы, а таксама дзесяцікласніка СШ №3 Цімафея Магідава (грамата па гэтым прадмеце) генеральны дырэктар Беларускай АЭС Сяргей Бабовіч выказаў спадзяванне, што, магчыма, яны стануць калегамі, і ўручыў ім і педагогам сувенірныя падарункі ад прадпрыемства.



Трэнер па боксе Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Аляксей Маргуж павіншаваў дзесяцікласніцу СШ №2 Паліну Субко, якая на вобласці атрымала грамату па фізічнай культуры і здароўі.

Безумоўна, такога выніку не было б без педагогаў, якія рыхтавалі вучняў да алімпіяды: Таццяны Берняковіч, Дар’і Вашчылінай, Марыі Блізнік, Марыі Юркойць, Наталлі Адулы, Наталлі Ермак, Святланы Кунігель, Таццяны Базюк, Галіны Внуковіч, Наталлі Бондзікавай, Алесі Парневіч і Людмілы Анімуцкай. Падзякі і віншаванні адрасавалі і бацькам, слова ад якіх трымала Алена Сільвановіч.  


…Верыцца, што перамогі на абласным этапе алімпіяды стануць для юнакоў і дзяўчат трамплінам для новых дасягненняў!

Віншавальнае слова

Мікіта Алянцэвіч, намеснік старшыні райвыканкама:


– Збіраючыся сёння да вас на сустрэчу, узгадаў свае школьныя гады. На падобным мерапрыемстве, дзе ўшаноўвалі алімпіяднікаў і выдатнікаў вучобы, наш дырэктар сказаў, што поспех на 90% залежыць ад працы і толькі на 10% – ад таленту. Гэтымі словамі я кіруюся па жыцці і заўсёды нагадваю іх сваім дзецям.

Дзякуй, за ваша імкненне да ведаў і самаразвіцця, вы ўсе – вялікія малайцы. На гэтым этапе свайго жыцця вы фарміруеце той фундамент, які стане асновай вашых далейшых поспехаў. Нам, дарослым, ёсць чым ганарыцца, і ў першую чаргу – тым, што будучыня нашай Беларусі ў надзейных руках.

Аксана Землякова, начальнік аддзела адукацыі:


– Дарагія пераможцы і ўдзельнікі абласнога этапу алімпіяды, сёння ваш дзень трыумфу розуму і таленту. Мы ўскладаем на вас вялікія надзеі, таму што ад вас залежыць будучыня і нашай маленькай радзімы, і нашай краіны ў цэлым.

Шаноўныя калегі – педагогі, якія прывялі да пераможнага выніку нашых вучняў. Жадаю, каб і надалей вы вялі па сцяжыне ведаў юнакоў і дзяўчат і разам з імі скаралі новыя вяршыні.

Паважаныя бацькі, дзякуй вялікі за такіх таленавітых, адораных і разумных дзяцей.

Сяргей Бабовіч, генеральны дырэктар ДП “Беларуская АЭС”:


– Радуе, што наша астравецкая зямля багата на таленты – і гэта не толькі дзеці, але і педагогі, дырэктарскі корпус. У раёне функцыянуе адзін з самых знакавых аб’ектаў Беларусі – атамная электрастанцыя, куды прыехалі на работу таленавітыя і разумныя спецыялісты, дзеці якіх вучацца ў гарадскіх установах адукацыі. Што тычыцца самой фізікі, то гэта дакладная навука. І для нашай галіны вельмі важны тыя дзеці, якія выдатна ведаюць гэты адзін з самых складаных прадметаў.

Наталля Ярмак, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхалішкаўскай СШ:

– У гэтай зале сабраліся лепшыя з лепшых вучняў, тыя, кім ганарымся мы, настаўнікі, і бацькі; тыя, каго ведаюць далёка за межамі школы; тыя, хто з’яўляецца ўвасабленнем гарманічнага спалучэння розуму і таленту. Калі сёння запытацца, што такое алімпіяда,  я з упэўненасцю скажу і, думаю, што вучні, якія прысутнічаюць у зале, пагодзяцца, што гэта хвароба, прышчэпак ад якой не існуе. Яна вучыць нестандартна мысліць, заўсёды рухацца наперад і дазваляе быць канкурэнтна здольным у нашым зменлівым жыцці.


Удзячнасць накіроўваю раённаму выканаўчаму камітэту, які заўсёды падтрымлівае таленавітую моладзь нашага раёна. Прыемна ўсведамляць, што інтэлектуальная праца будзе ацэнена годна.

Вялікі дзякуй вам, бацькі, за тое, што вы заўсёды былі побач; за патрымку і слушныя парады. Жадаю моцнага здароўя, матэрыяльнай стабільнасці і радасці ад поспехаў вашых дзяцей.

Калегі, нам з вамі застаецца верыць у тое, што на нашым педагагічным шляху заўсёды будуць сустракацца разумныя, таленавітыя, адказныя, цікаўныя вучні, для якіх менавіта ваш прадмет будзе самым лепшым.

Дарагія вучні, я ўпэўнена, што менавіта вы – інтэлектуальная эліта, гонар нашага раёна. Хутка вы станеце той сілай, якая будзе авангардам эканомікі, навукі і культуры Беларусі. Ніколі не забывайце свае карані, вяртайцеся да сваіх вытокаў і прымнажайце славу і прыгажосць нашай Астравеччыны. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич