Снова в школу, или Ходят ли островчане на вечер встреч
10:00 / 01.02.2025
Анастасія Філіпоўская, прадавец-кансультант:
– Сустракаемся ў школе ў юбілейныя гады. Многія спецыяльна прыязджаюць на ўрачыстасць. Больш таго, пастаянна на сувязі з былымі аднакласнікамі ў агульнай групе ў адным з мэсэнджараў: віншуем са святамі, падтрымліваем, дзелімся парадамі. Так што наш чат жывы. (Усміхаецца.)
Я вучылася ў сярэдняй школе №2 Астраўца. На жаль, ці, наадварот, да радасці, з малодшага звяна паралелі тасавалі, мяняліся класныя кіраўнікі – і гэта здружыла ўвесь наш выпуск-2003, калі ў дарослае жыццё пайшло каля сотні юнакоў і дзяўчат.
Лілія Анімуцкая, на заслужаным адпачынку:
– У наступным годзе будзе 50 гадоў як скончыла Варнянскую сярэднюю школу. Спадзяюся, што абавязкова сустрэнемся і ўзгадаем пару юнацтва.
Апошні раз з аднакласнікамі збіраліся на 40-годдзе (прыйшло каля 13 чалавек з усіх паралеляў), урачыстай праграмы ў школе ў той год не было. У кафэ з намі святкавалі выпускі 5-ці, 10-ці і 20-ці гадоў. Яны, напэўна, дзіваваліся з нас, што мы ўжо ў гадах, а весялімся. Тады хацелася сказаць: «Дзеткі, некалі і вы будзеце такімі». (Усміхаецца.) Калі сур’ёзна, то цудоўна адпачылі і пастасаваліся. Вучылася з Генам Узарэвічам, Лёшам Кірпам, Нінай Тамашэвіч (па мужу – Муха), Ірай і Ванем Калтанамі, апошнія – прыклад кахання са школьнай лаўкі.
Хоць мы ўсе даўно бабулі і дзядулі, у нас дарослыя дзеці, на вечары сустрэч мы становімся тымі ж выпускнікамі, што і шмат гадоў назад.
Рыта Валанцэвіч, ліфцёр:
– З былымі аднакласнікамі стараемся збірацца кожныя 5 гадоў. Апошні раз бачыліся ў 2000-м на вечары сустрэчы выпускнікоў на школьнай урачыстасці ў Варнянскай СШ. Сёлета ў нас 40-годдзе! Арганізацыяй сустрэчы займаюся я, Света Янковіч і Ліля Масейка. Чакаецца, што збярэцца каля 18 чалавек з дзвюх паралеляў. Спадзяюся, што ўсе, хто даваў згоду, абавязкова будуць. На днях адпісалася Аня Тамашэвіч (яна жыве ў Вілейцы), што не зможа, а вось Слава Вішнеўскі, з якім не бачыліся з выпускнога, абяцаў прыехаць з Піцера. Вельмі хочацца ўсіх убачыць!
Антон Мірончык, загадчык склада:
– Працоўнага стажу ў мяне 55 гадоў, а калі скончыў школу ўжо і не ўспомню. Але ў памяці на ўсё жыццё засталіся выпускны і сустрэча світання.
У маладосці ездзіў на вечар сустрэч. Родам я з мястэчка Празарокі Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Цяпер гэтага не раблю. Лічу, што сустракацца варта маладым.