Ушанаваннем працаўнікоў КСУП “Гервяты” на Астравеччыне завяршылася акцыя “Наш жывёлавод”

15:00 / 22.01.2025

На Астравеччыне завяршылася рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Падзякі і падарункавыя сертыфікаты атрымалі працаўнікі КСУП “Гервяты”.

Жывёлагадоўчыя аб’екты гэтай гаспадаркі дастаткова аддалены адзін ад аднаго, таму старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыю Адулу, галоўнаму бухгалтару Марыі Станкевіч і прафсаюзнаму лідару гаспадаркі Марыне Івашцы спатрэбілся два дні, каб наведаць комплексы і фермы.

Падчас сустрэч з калектывамі прадстаўнікі аграрнага прафсаюза ўздымалі пытанні правядзення электаральай кампаніі і важнасці ўдзелу ў ёй; ролі грамадскага інспектара ў жыцці калектыву і змяншэнні вытворчага траўматызму; забяспечанасці спецвопраткай; абавязковай выплаты заработнай платы 2 разы на месяц і іншыя.

МТФ “Гіры”

Гэтая невялікая ферма адметная тым, што тут працуюць сямейнымі падрадамі.

– У нас усё добра, – сустракаючы гасцей, адзначыла загадчык МТФ Жанна Кімса. – Амаль 97% малака адпраўляем на перапрацоўку гатункам экстра. Будзем імкнуцца і надалей утрымліваць гэты ўзровень.

Як заўважыў Юрый Адула, вытворчыя паказчыкі – важны складнік для эканамічнай стабільнасці прадпрыемства, але не менш важна, якія ўмовы створаны для работы і адпачынку людзей. Нараканняў на гэты конт ад працаўнікоў госці не пачулі.

Аператар машыннага даення Валянціна Балтруковіч у жывёлагадоўлі больш за 30 гадоў.

– Я мясцовая. На гірскай ферме працаваў мой дзядуля, мама. Атрымліваецца, што я трэцяе пакаленне, а дачка (яна загадчык) – чацвёртае, – расказала жанчына. – У маёй групе 80 кароў і 11 цялятак.

Вера Пятроўская, як і яе напарніца, большую частку працоўнага жыцця аддала жывёлагадоўлі.

– У маёй групе такая ж колькасць кароў, праўда, цялятак на некалькі галоў больш. Здараецца, што клапоцімся і пра 25 малышоў. Гадуем да 2-месячнага ўзросту, а потым іх перавозяць у Гервяты на цэх, – расказала даярка.


Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы

Гэта адзіны падобны аб’ект на Астравеччыне, дзе ў двух цэхах цяпер утрымліваецца звыш 5 тысяч галоў. Многія работніцы (а сёлета адзначылі менавіта прыгожую палавіну калектыву) тут працуюць не адно дзесяцігоддзе і, па вялікім рахунку, на іх жаночых руках усё і трымаецца.

У цэху дарошчвання пра самых маленькіх клапоцяцца Галіна Худалеева, Алена Мацко, Мая Яновіч. У кожнай цялятніцы свая секцыя, дзе ўтрымліваецца каля 170-180 галдоў. Малышоў яны гадуюць да 6-ці месяцаў, потым набіраюць новую групу.

Былыя гадаванцы жанчын трапляюць у цэх адкорма да Надзеі Жакун і Таццяны Кацяш.

Таццяну Кацяш віншуе Юрый Адула

Таццяну Кацяш віншуе Юрый Адула

Лепшыя працаўніцы комплексу па дарошчванні і адкорме жывёлы: Мая Яновіч, Надзея Жакун, Алена Мацко, Таццяна Кацяш, Галіна Худалеева (злева направа)

Лепшыя працаўніцы комплексу па дарошчванні і адкорме жывёлы: Мая Яновіч, Надзея Жакун, Алена Мацко, Таццяна Кацяш, Галіна Худалеева (злева направа)

МТК “Сакалойці”

З нядаўняга часу аднайменная ферма стала комплексам. Тут пабудавалі новыя жывёлагадоўчыя і іншыя памяшканні, малочны блок, дзе дояць 370 кароў. У планах павялічыць дойны статак удвая, да канца адладзіць усе тэхналагічныя працэсы і добраўпарадкаваць тэрыторыю ля аб’екта.

Начальнік МТК Марыя Лапуня прыйшла ў “Сакалойці” 6 лютага 2000 года па запрашэнні тагачаснага галоўнага заатэхніка Алены Каркоцкай. І сёння працуе тут.

– Першыя некалькі дзён спалі па чарзе літаральна па некалькі гадзін, – расказала начальнік малочна-таварнага комплексу. – Цяжка далося прывучэнне кароў да даільнай устаноўкі (а ў нас “Паралель” на 48 галоў), але цяпер укладваемся па часе ў рэгламент дойкі. Работы яшчэ шмат, спадзяюся, што разам справімся з усім.


Ферма “Чэхі”

Жывёлавод Тэрэса Баравік, лічы, усё жыццё тут. Больш таго, у КСУП “Гервяты” працуюць муж, зяць, сын.

– Ваша газета пісала пра нашу дынастыю Янковіч-Баравік, агульны сямейны працоўны стаж перавысіў за 300 гадоў, – расказала жанчына. – На ферме з 1993 года, раней тут і цялушкі былі, але апошнія 9 гадоў толькі быкі стаяць.


МТК “Газа”

Некалькі гадоў назад, калі гэты варнянскі комплекс адышоў пад КСУП “Гервяты”, тут адбыліся значныя змены: для работнікаў палепшалі ўмовы працы, адбыўся капітальны рамонт некаторых жывёлагадоўчых памяшканняў. Больш таго, работнікам гэтага комплексу прывозяць абеды з КСУПаўскага кафэ, большую частку якіх кампенсуе гаспадарка, а людзі аплочваюць толькі 1 рубель.

Не адзін год на МТК працуе сямейная пара Надзеі і Станіслава Сенюцёў. Жанчына клапоціцца пра цялят, а мужчына сочыць за станам малочнай даільнай устаноўкі.


Пуцёўку ў санаторый ад прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі ўручылі прыбіральшчыку Святлане Комар. Як заўважыла Марына Івашка, дзякуючы старанням працаўніцы, на комплексе пануе чысціня.


МТК “Дайлідкі”

Хоць кажуць, што незаменных работнікаў няма, але гэта выслоўе не тычыцца падсобнага рабочага Валерыя Грамбоўскага. Акрамя таго, што чатыры разы на дзень на малочным таксі ён развозіць каля 500 кілаграмаў падрыхтаванага пастэрызаванага малака, яшчэ і мае сваю групу цялят.

– Сюды прыйшоў пасля арміі ў 2021 годзе. Думаў, што часова, толькі маці дапамагчы (яна тут 25 гадоў працуе), але ўцягнуўся, – усміхаючыся, расказаў малады чалавек.


Падзякі і падарункавыя сертыфікаты перадалі і аператарам машыннага даення Тэрэзе Апалонік і Але Пашкевіч, якія ўвечары павінны былі заступіць на змену.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич