Амаль 300 гадоў складае агульны сямейны стаж дынастыі аграрыяў Янковіч–Баравік
08:28 / 01.05.2021
Аднойчы Вераніка з Дзмітрыем падлічылі: 12 чалавек з іх роду працуюць ці працавалі ў аграпрамысловым комплексе, больш таго – у адной, гервяцкай, гаспадарцы, а агульны стаж дынастыі аграрыяў Янковіч-Баравік набліжаецца да 300 гадоў.
Янковічы
Родам Дзмітрый з невялічкай вёсачкі Кярэлі, якая туліцца да крутых берагоў ракі Ашмянкі.
– Цяпер там жылыя толькі 2 дамы, і то стаяць адзін ад аднаго на адлегласці ў кіламетр: у адным – мае бацькі, у іншым – Шаблінскія. А ў дзяцінстве, памятаю, каля 20 хат было! Нават ферма, ад якой да нашых дзён і знаку не засталося, была. Бабуля Леанарда там даяркай працавала, потым была адной з лепшых звеннявых у калгасе. Да гэтага часу нічога смачнейшага за яе булкі ў жыцці не каштаваў, – узгадвае дзяцінства механізатар. – Я адзінае дзіця ў сям’і. Ведаю, што бацькі пазнаёміліся на Астравеччыне: маці кожнае лета з Вільнюса прыязджала гасціць да бабулі ў вёску Швяйляны, ды так і засталася.
Алена Зянонаўна – маці Дзмітрыя – вучылася ў тэхнікуме лёгкай прамысловасці, а прамудрасці жывёлагадоўлі спасцігала на практыцы: з 1994 года жанчына працуе аператарам машыннага даення на малочна-таварнай ферме «Малюта». У 2017 годзе партрэт даяркі быў занесены на раённую Дошку гонару, яе неаднойчы адзначалі ў межах рэспубліканскай акцыі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу «Наш жывёлавод». На гэтай жа ферме не адно дзесяцігоддзе працуе і бацька Дзмітрыя, а ў гервяцкай гаспадарцы ўвогуле – з 1982 года. Уладзіслаў Вітольдавіч адначасова механізатар і слесар. Летам – на трактары, калі каровы пасвяцца круглыя суткі, прывозіць на поле ваду, а на працягу года сочыць за станам малакапровада: памыць абсталяванне пасля дойкі – таксама яго абавязак.
– З маленства ведаў: як і бацька, стану механізатарам. Нічога, акрамя трактара, мяне не цікавіла. Ды і калі тата рамантаваў тэхніку, не адыходзіў ад яго ні на крок: з цікавасцю «лавіў» назвы дэталяў, падаваў ключы, а пазней і дапамагаў закручваць гайкі. За шчасце было, калі бацька браў з сабой на працу, – успамінае Дзмітрый. – Да 11 класа ўстройства трактара я ведаў, як свае пяць пальцаў. Правы атрымаў у Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і адразу пайшоў у калгас – гэта быў 2012 год. Пасля арміі вярнуўся ў родныя «Гервяты».
Дзмітрый і Вераніка ведалі адзін аднаго даўно: вучыліся ў адной школе, бегалі аднымі сцежкамі, але па-сапраўднаму разгледзелі адзін у адным сваю другую палавінку ў 2015-м, а праз паўтара гады пабраліся шлюбам.
– Водар жніва і смак камбайнерскага хлеба ведаю з дзяцінства: бацька не адно лета працаваў на «Доне». У хатнім архіве нават фотаздымак захаваўся: на камбайне я са стрыечнай сястрой Алесяй, – успамінае Дзмітрый. – Упершыню па-сапраўднаму ўбіраць ураджай дапамагаў Андрэю Махоньку ў 2011 годзе. І па гэты час удзячны старэйшаму напарніку за камбайнерскую навуку. Пазалетась прапанавалі новенькі камбайн айчыннай вытворчасці КЗС-1218. Вагаўся: як кажуць, і хацелася і калолася, але механізатарскі азарт усё ж перамог.
Вось толькі памочніка Дзмітрый не мог сабе падабраць – гэтым механізатар падзяліўся за вячэрай з жонкай. Яны пераглянуліся – і зразумелі адзін аднаго без слоў, што працаваць на жніве будуць разам.
– Дарэчы, у дзяцінстве больш часу я праводзіла з татам, чым з мамай: напэўна, пагэтаму так люблю тэхніку. Вядома, што асноўныя клопаты ляглі на Дзіму, але я старалася з усіх сіл і, спадзяюся, у мяне нядрэнна атрымлівалася, – да размовы далучаецца Вераніка. – Хоць у пары мы працавалі толькі два сезоны, але ў некаторыя камбайнерскія забабоны паверыла і я. Тэхніка баіцца чужога вока: вы, напэўна, і самі ў гэтым упэўніліся, калі прыязджалі рабіць рэпартаж пра ўборку. Механізатары лічаць: варта сфатаграфаваць камбайн – і ён неўзабаве зламаецца. У нас летась здарылася нешта падобнае на полі ля Гальчун. Пераязджалі на іншы ўчастак, і мне трэба было падчапіць жатку. Звычайна гэта атрымлівалася без праблем. А тут хоць ты плач! Раптам адчуваю чыйсьці цікаўны позірк – пажарны, які дзяжурыў на машыне ў полі… Канешне ж, цікава: працую я для «галачкі» ці не. Але варта аддаць належнае выратавальніку – ён дапамог мне з жаткай… Вось і не вер пасля гэтага ў сурокі.
Леанарда Янковіч
Баравікі
– Я прымаю і правяраю справаздачы па руху буйной рагатай жывёлы на фермах і комплексах, – уводзіць мяне ў курс сваёй прафесійнай дзейнасці Вераніка. – Работа бухгалтара патрабуе ўважлівасці і канцэнтрацыі, мы ж працуем з лічбамі, а адна памылка можа дарагога каштаваць.
Работа маладой жанчыне падабаецца, але аддушыну яна знаходзіць у шматлікіх хобі. Адно з самых значных – фатаграфія.
– З вясны да позняй восені Дзіма літаральна днямі і начамі ў полі. Каб не сумаваць адной – перад самым Новым 2019 годам у Гервятах мы набылі жыллё і калядныя святы сустракалі ў сваім доме, – пастаянна шукаю сабе заняткі, – дзеліцца Вераніка. – Самастойна асвоіла, праўда, не без дапамогі відэаўрокаў і вебінараў, графічную праграму «Фоташоп». Умею апрацоўваць здымкі, раблю метрыкі для дзетак, ляплю кветкі з фаамірану. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» дзялюся з сябрамі і падпісчыкамі цікавымі фотаздымкамі: летась падчас жніва «злавіла» аленя. Бачылі шмат лісаў, зайцаў і казуль.
У дзяцінстве Вераніка марыла стаць цырульнікам: з прычоскамі эксперыментавала на ляльках і нават аднойчы на сабе – але няўдалая стрыжка адбіла ўсю ахвоту.
У старэйшых класах дзяўчына стала сур’ёзна задумвацца пра прафесію. Ехаць далёка ад дома не хацелася – Вераніка выбрала Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж.
– Прафесія бухгалтара запатрабаваная, работу можна знайсці ў любой арганізацыі. Пасля вучобы ўладкавалася ў КСУП «Гервяты», – расказвае дзяўчына.
Дарэчы сказаць, родныя Веранікі таксама працуюць у гэтай гаспадарцы. Сёлета бацькі дзяўчыны Зянон Ксаверавіч і Тарэса Уладзіславаўна, якія малочна-таварнай ферме «Чэхі» і жывёле прысвяцілі шмат гадоў, былі адзначаны ў межах жывёлагадоўчай акцыі. А родны брат Юрый Баравік у КСУП «Гервяты» працуе электрагазазваршчыкам. Неаднойчы малады чалавек з напарнікамі – Францам Тотчыкам і Анатолем Сасноўскім – святкавалі перамогу ў жніўным спаборніцтве – першымі ў раёне сярод зернесушыльшчыкаў даводзілі да кандыцыі больш за 2 тысячы тон рапсу і збожжа.
Феліцыя Баравік
Ванда Мілаш
– Мая бабуля Ванда Мілаш – тата ад першага шлюбу – больш за 40 гадоў адпрацавала даяркай. Родная сястра таты Галіна Урбановіч і яе муж Віктар таксама працуюць у КСУП «Гервяты». Яна – аператарам машыннага даення на малочна-таварнай ферме «Чэхі», ён – трактарыстам-машыністам; брат Валерый Мілаш таксама тут, – успамінае блізкіх, якія звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, Вераніка. – Як і большасць вясковых дзяцей я ведаю, што такое сенаванне, як прачынацца на досвітку, каб выгнаць на пашу кароў. Наша з братам дзяцінства, лічы, прайшло на ферме. І мае, і Дзіміны бацькі трымаюць хатнюю гаспадарку, а мы – ужо іншае пакаленне вяскоўцаў, маем толькі сабаку. Ці магла падумаць мая бабуля Ванда, якая ўручную даіла больш за 15 кароў, што некалі з’явяцца вялізныя комплексы, дзе працэсам дойкі будзе кіраваць камп’ютар? Напэўна, не… Час мяняецца – тэхналогіі таксама. У гэтым сэнсе сельская гаспадарка не стаіць на месцы, але па-ранейшаму цэнтральнае месца ў ёй займае чалавек, яго карані і зямля. Хто ведае, магчыма, і нашым будучым дзецям перадасца любоў да прыроды, роднага краю, і яны стануць прадаўжальнікамі аграрнай дынастыі Янковіч-Баравік…Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.