Працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны КСУП “Гудагай” адзначыў прафсаюз работнікаў АПК

14:45 / 16.01.2025

Гэтая гаспадарка паказальная ў многіх сэнсах. Менавіта тут ўпершыню ў гісторыі раёна ад каровы надаілі 10 059 кілаграмаў малака (з улікам першацёлак). Тут не толькі робяць стаўку на прагрэсіўныя сельгастэхналогіі і ўзвядзенне новых малочна-таварных комплексаў, але і дбаюць пра людзей, таму што менавіта іх працай памнажаюцца надоі і прывагі. У межах акцыі “Наш жывёлавод” Падзякі і падарункавыя сертыфікаты атрымала 10 працаўнікоў гэтай гаспадаркі.

Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыем Адулам, галоўным бухгалтарам Марыяй Станкевіч, спецыялістам па ахове працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасіяй Крывіцкай, прафсаюзным лідарам гаспадаркі Ганнай Налівайкай накіраваліся на комплексы і фермы.

Забягаючы наперад зазначу, што на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах, якія мы наведалі, для працаўнікоў створаны годныя ўмовы для працы і адпачынку, ёсць пакоі для прыёму ежы з усім неабходным абсталяваннем, раздзявалкі, душавыя кабіны, пральныя машыны. Работнікам выдадзены спецыяльныя адзенне і абутак, а таксама камізэлькі са святлоадбівальнымі элементамі. Працаўнікам малочна-таварных комплексаў “Кярняны” і “Германішкі” прывозяць паўнавартасныя абеды з КСУПаўскага кафэ “Эдэм” за сімвалічныя 3 рублі. Нагод для радасці за “гудагайцаў” хоць адбаўляй!


Падчас сустрэчы з калектывамі Юрый Адула ўздымаў некалькі важных тэм рэспубліканскага і лакальнага характару: абмяркоўвалі выбары лідара краіны, прэферэнцыі прафсаюза, ролю грамадскага інспектара ў жыццядзейнасці кожнага асобнага калектыву і аб’екта.

Анастасія Крывіцкая адзначыла, што жывёлагадоўля – адна з самых траўманебяспечных галін , і прывяла статыстыку. Так, за 10 месяцаў мінулага года зафіксавана 88 выпадкаў траўмавання, у тым ліку 19 – са складаным зыходам, 9 – са смяротным. Спецыяліст нагадала, што кожны сам адказны са сваё жыццё і здароўе, а таксама параіла ні на хвіліну не забываць пра ахову працы і прытрымлівацца правілаў.

МТК “Кярняны”

Пагалоўе – 1 364 асобіны, у тым ліку 610 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 10 033 кілаграмы (+3 816).

Гэта адзін з першых комплексаў раёна, утвораных на базе фермы. Але з цягам часу ён стаў саступаць сваім больш сучасных “братам”.

“Кярняны” набылі другое дыханне, калі адышлі пад КСУП “Гудагай”. Хутка тут выраслі новыя жывёлагадоўчыя памяшканні, даільная зала, ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў, а на тэрыторыі з’явіўся асфальт.

На комплексе працуе 30 чалавек – калектыў малады і дружны. Жывёлавод, які адказвае за падсоўванне сумесі, ачыстку кармавых сталоў, Арцём Юркойць тут адносна нядаўна, але, можна сказаць, што хлопец вырас на ферме. Тут працуюць яго бацькі, працавалі дзяды.

Анатоль Гасцевіч і Арцём Юркойць, МТК “Кярняны”

Анатоль Гасцевіч і Арцём Юркойць, МТК “Кярняны”

Анатоль Гасцевіч, які на МТК каля 10-ці гадоў, адказвае за падгон кароў.

Узнагароду атрымлівае Анатоль Гасцевіч

Узнагароду атрымлівае Анатоль Гасцевіч 

МТК “Малі”

Пагалоўе – 1 753 асобіны, у тым ліку 700 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 039 кілаграмы (-345).

Хоць у параўнанні з мінулым годам надой ад каровы крыху знізіўся, тым не менш , 11 тысяч кілаграмаў малака з лішкам – таксама дасягненне. Начальнік комплексу Вольга Яцэнка зазначыла, што нічога новага яны не прыдумвалі. Якасныя кармы, у тым ліку плюшчаная кукуруза, строгая тэхналагічная дысцыпліна і селекцыйная работа – ад гэтых складнікаў залежаць надоі.

За рагулямі пазменна даглядае Іван Кісель з напарнікамі.

– Чышчу кармавыя сталы і лёжкі, падсуваю кармы пасля “Гаспадара”, развожу соль і “маляс” – работы хапае на ўвесь дзень, – расказаў мужчына.


Падмяніць любога на комплексе можа Людміла Казырская. За 20 гадоў работы яна даглядала і за цялятамі, і за каровамі.


Пасля ўзнагароджвання работнікі задалі пытанні гасцям. Большасць людзей цікавіліся, чым абумоўлена змяншэнне колькасці дзён адпачынку.

– У большасці з вас сапраўды працоўны водпуск паменшаў на 2 дні. Гэта звязана з правядзеннем атэстацыі на шкоднасць, якая паказала, што ўмовы працы палепшалі, адпаведна з адпачынку выпалі 2 дні за шкоднасць, – патлумачыла прафсаюзны лідар Ганна Налівайка.

Работнікі таксама цікавіліся, што ўплывае на памер падаходнага падатку; якія льготы прадугледжаны для жанчыны, якая адна выхоўвае дзяцей; прапаноўвалі прадугледзець матэрыяльную падтрымку працаўнікоў, якія вядуць здаровы лад жыцця.

МТК “Смілгі”

Пагалоўе – 1 800 асобін, у тым ліку 700 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 10 727 кілаграмаў (+88).

У КСУП “Гудагай” гэта адзін з самых сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў, які пабудаваны не па тыповым праекце, а па індывідуальным. Кіраўнік гаспадаркі сумесна са спецыялістамі пры яго ўзвядзенні ўлічылі многія нюансы.

Аператар машыннага даення Галіна Алёкса працуе на раздоі. Каб прывучыць навацельную карову да дойкі, трэба папацець. Але за 25 гадоў работы ў жывёлагадоўлі жанчына гэтую навуку добра вывучыла!


Падсувае кармы, чысціць лёжкі і праходы жывёлавод Павел Дарашкевіч. Пасля арміі 2 гады мужчына працаваў у камбінаце будаўнічых матэрыялаў, а потым перайшоў у калгас імя Мічурына і да гэтага часу тут, хоць гаспадарка даўно носіць іншую назву.


МТК “Германішкі”

Пагалоўе – 1 767 асобін, у тым ліку 700 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 11 132 кілаграмы (+656).

Комплекс па выніках мінулага года стаў неаспрэчным лідарам у раёне і адным з перадавых у вобласці. Старанная праца людзей, выкарыстанне сучасных тэхналогій і далі такі станоўчы вынік.

Без малога 30 гадоў у сельскай гаспадарцы працуе цялятніца Таццяна Высоцкая, якая з напарніцамі апякуецца самымі маленькімі жыхарамі комплексу, а іх цяпер 320 галоў.

– Гадуем іх да 3-х месяцаў. А потым жывёлу размяркоўваюць у іншыя групы і секцыі, – расказала працаўніца. – Сельскую гаспадарку можна лічыць нашай сямейнай справай. Сын у КСУПе працуе вадзіцелем. Артур неаднаразова станавіўся першым “тысячнікам” у раёне сярод маладых вадзіцеляў. Нявестка Аксана заатэхнік-селекцыянер на МТК “Смілгі”. Некалькі гадоў назад дзеці занялі 2-е месца на вобласці ў конкурсе “Уладар сяла”. Магчыма, потым хтосьці з унукаў працягне нашу дынастыю.

Жывёлавод Міхаіл Санкоўскі пачынаў паляводам, а потым перайшоў на ферму (цяпер гэта комплекс), дзе і працуе апошніх 25 гадоў. Дойны гурт – а гэта 4 тэхналагічныя групы – пад пільным наглядам адказнага работніка!

Ветэрынарнаму ўрачу Андрэю Авіжэню, у якога ў гэты дзень быў выхадны, Падзяку і падарунак пакінулі на комплексе.

МТФ “Дравянікі”

Пагалоўе – 543 асобіны, у тым ліку 168 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 6 741 кілаграм (+935).

Нядоўга засталося “Дравянікам” фермай звацца, літаральна праз год яны стануць комплексам у нечым падобным да “Кярнян”. Будаўніцтва тут не спыняецца і зімой, побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі ўжо ўзвышаецца каркас будучага кароўніка.

Зазначу, што гэта ферма адна з нямногіх у раёне, дзе ўсё малако ідзе на перапрацоўку гатункам экстра. І вялікая ў гэтым заслуга даярак, партрэты многіх з іх былі змешчаны на раённую Дошку гонару.

На гэтай ферме Наталля Сухадольская з 2004 года. У групе аператара машыннага даення 45 кароў. Акрамя гэтага, жанчына клапоціцца пра нованароджаных цялят.


Наталля Сухадольская, Валянціна Паршутовіч, Данута Кель, даяркі МТФ “Дравянікі”

Наталля Сухадольская, Валянціна Паршутовіч, Данута Кель, даяркі МТФ “Дравянікі”

У адрозненне ад комплексаў, дзе кармы развозіць раздатчык, на невялікіх лінейных фермах гэта робяць з дапамогай каня. Адзін з лепшых у гэтай справе – Юрый Паршутовіч. Ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі мужчына атрымаў пуцёўку на 10-дзённы адпачынак у адзін з нарачанскіх санаторыяў.

Пуцёўку Юрыю Паршутовічу ўручае Ганна Налівайка

Пуцёўку Юрыю Паршутовічу ўручае Ганна Налівайка

З першых вуснаў

Юрый Адула:

– Лічу, што прыклад жывёлагадоўчых аб’ектаў КСУП “Гудагай” паказальны для іншых гаспадарак, дзе кіраўнікі павінны імкнуцца стварыць для сваіх работнікаў калі не такія ж, то хоць бы крыху набліжаныя ўмовы для працы і адпачынку.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич