У СШ №3 Астраўца прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў

17:18 / 11.04.2025

Ва ўсім свеце 11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў. З гэтай нагоды для старшакласнікаў раёна на базе СШ №3 арганізавалі сустрэчу з вязнямі канцэнтрацыйных лагераў Нінай Іларыёнаўнай Мілідовіч і Нінай Адамаўнай Маргуж.

Мерапрыемства распачалося з кранальнага харэаграфічнага пралогу пра Хатынь.

Узгадалі і гісторыю ўзнікнення даты Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх лагераў – гэта памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў “Бухенвальда” 11 красавіка 1945 года.



Прыгадалі жудасныя факты з гісторыі. У лік сусветна вядомых нацысцкіх канцлагераў увайшлі “Асвенцым” – звыш 4-х мільёнаў вязняў, “Трэблінка” – 800 тысяч, “Трасцянец” – 580 тысяч і іншыя. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана звыш 570 лагераў прымусовага ўтрымання людзей, у тым ліку сумна вядомы “Чырвоны Бор“. Па некаторых дадзеных, там загінула звыш паўтара мільёна людзей. З нашай краіны ў Германію на прымусовыя работы вывезена каля 380 тысяч чалавек. Кожны лагер смерці ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.

Запрошаныя на сустрэчу госці падзяліліся бачаннем тых далёкіх крывавых падзей і паразважалі пра тое, што для захавання памяці і міру павінна зрабіць сённяшняе пакаленне.


Падчас мерапрыемства ўзнагародзілі пераможцаў 2-га этапу конкурсу малюнкаў, які да 80-годдзя Вялікай Перамогі зладзілі раённы савет ветэранаў сумесна з рэдакцыяй газеты “Астравецкая праўда”. Дыпломы пераможцаў у розных узроставых намінацыях атрымалі Паліна Дмітрук, Лізавета Емяльян, Улляна Казак.




Пасля сустрэчы першы сакратар райкама ГА БРСМ Вольга Максімава і актывістка раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Святлана Пятніцкая адведалі былога вязня канцлагера Сафію Цярэнцьеўну Палуян.


З выступленняў спікераў

Павел Міхалюк, намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама:


Ёсць даты ў календары, якія мы заўсёды будзем помніць. Гэта пачатак Вялікай Айчыннай вайны і яе канец, Міжнародны дзень вызвалення вязняў з фашысцкіх лагераў… Як бы хто ні імкнуўся перапісаць гісторыю, мы яе заўсёды трапятліва зберагаем і ўрачыста святкуем Дзень Перамогі.

Вайна – гэта не толькі боль у нашых сэрцах, але і трагедыя ўсяго беларускага народа. Адны з відаў лютасці нямецка-фашысцкіх захопнікаў – канцэнтрацыйныя лагеры. Мы нават уявіць не можам, у якіх умовах утрымліваліся і што адчувалі вязні. Такая форма здзекаў з людзей, як канцлагеры, была і на Астравеччыне.

Да нашай вялікай радасці мы сёння маем магчымасць знаходзіцца ў адной зале з Нінай Іларыёнаўнай Мілідовіч і Нінай Адамаўнай Маргуж. На жаль, не ўсе былыя вязні змаглі быць на сустрэчы.

Мы павінны памятаць пра халакост. Дзень вызвалення вязняў – напамін пра тое, што апрыёры вайна гуманнай не бывае. Наша сіла ў нашых руках. Разам нам варта захоўваць мір на нашай зямлі, гісторыю пра трагічныя ваенныя падзеі і не забываць, што толькі мы з’яўляемся асновай жыцця.

Ірына Шляхтун, старшыня раённага савета ветэранаў:

– Гэты дзень нагадвае нам пра тое, што Перамога сямімільнымі крокамі ішла па нашай маці-зямлі. “Бухенвальд”… Людзі паўсталі супраць нелюдзяў і для ўсяго свету сталі сімвалам моцы і адвагі. З 1933 па 1945 год было створана 14 тысяч канцлагераў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання людзей. На жаль, на нашай астравецкай зямлі таксама былі такія жудасныя месцы: філіял лагера для ваеннапалонных “Шталаг-3622” у Гудагаі, гета ў Астраўцы, Варнянах, Быстрыцы, Міхалішках, Кемелішках. Мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, бачым у вас, юнаках і дзяўчатах, працягвальнікаў лепшых традыцый па захаванні памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Мікіта Мыслівец, пракурор Астравецкага раёна:


– Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа. Нямецка-фашысцкія захопнікі зверскі забівалі немаўлят, жанчын, старыкоў…

Хатынь – сімвал трагедыі нашага народа. Такіх вёсак у Беларусі было вельмі шмат. І сёння падчас расследвання крымінальнай справы ўстанаўліваюцца раней невядомыя вёскі, спаленыя захопнікамі падчас вайны. Гэтыя звесткі ўносяцца ў адпаведныя картатэкі, на месцах сясцёр Хатыні ўстанаўліваюцца помнікі, каб мы не ніколі не забывалі пра страшныя падзеі. Пакуль мы памятаем, у нас ёсць сучаснасць і будучыня. Сённяшняе мерапрыемства – гэта найменшае, што можа зрабіць наша пакаленне для загінулых і ацалелых, для дзяцей вайны, якія перажылі тыя страшныя падзеі.

Сведчанні малалетніх вязняў канцэнтрацыйных лагераў

Ніна Адамаўна Маргуж:

– Ледзьве сёння не плакала. Удзячна педагогам і вучням, якія запрасілі нас на ўрачыстасць…

У 1972 годзе з сям’ёй мы едзілі на месца канцэнтрацыйнага лагера. Ведаю, што там навечна застаўся мой брацік.

Ніна Іларыёнаўна Мілідовіч:

Мае бацькі трапілі на прымусовыя работы на шахту ў Германію, там я і нарадзілася. Выжылі толькі таму, што мама падчас цяжарнасці працавала на кухні.

…Беларусь – самая мірная краіна ў свеце. Наш Аляксандр Рыгоравіч праводзіць вельмі правільную палітыку, каб ніводзін чужы бот не ступіў на нашу зямлю.

Пра ўражанні – з першых вуснаў

Іван Шышкевіч, выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба “Адзінства”:


– Вялікая Айчынная вайна з’яўляецца самай кровапралітнай і жорсткай старонкай у гісторыі нашай Беларусі. На тэрыторыі краіны было арганізавана каля 580 лагераў смерці, з якіх “Трасцянец” самы вядомы. Пацверджана, што 580 тысяч чалавек там было зверскі забіта і закатавана.

Для мяне 11 красавіка – важны дзень. З аднаго боку, ён трагічны, таму што мы ўзгадваем тых, хто прайшоў праз лагеры смерці. З іншага, светлы, таму што нагадвае пра Вялікую Перамогу. Людзі, якія перажылі канцлагеры, – прыклад неймаверных мужнасці і стойкасці. Мы павінны захоўваць памяць, каб гісторыя ніколі не паўтарылася.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич