Астравецкая сям’я Жук пабывала на прыёме ў губернатара Гродзенскай вобласці

16:39 / 18.10.2024



Запрашэнне на ўрачысты прыём з нагоды Рэспубліканскага тыдня бацькоўскай любові атрымала 19 сямей Прынёмання. Сярод іх – шматдзетныя бацькі, таты і мамы таленавітых і адораных у розных галінах дзяцей, прастаўнікі сямейных дынастый. Астравеччыну на сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама прадстаўлялі Сяргей і Аліна Жукі з Астраўца.

– Нас запрасілі як сямейную дынастыю. Я, як некалі мая маці, працую настаўнікам пачатковых класаў. Гэтай дарогай пайшла і дачка Паліна – дарэчы, абедзьве вучым дзяцей у сярэдняй школе №3. Муж хоць і не звязаны з педагогікай (працуе ў КСУП “Гудагай”), але яго бацькі прысвяцілі жыццё школе, – расказала Аліна Тадэвушаўна. – Прыём праходзіў у філармоніі. Пра кожную сям’ю былі падрыхтаваны відэапрэзентацыі, а кульмінацыяй урачыстасці стала ўручэнне ордэнаў Маці жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі звыш 5-ці дзяцей. Прыемна ўразілі сямейныя пары, якія адсвяткавалі паўвекавыя юбілеі сумеснага жыцця.

Уладзімір Каранік адрасаваў шмат цёплых слоў, напрыканцы ўрачыстасці нас чакала некалькі сюрпрызаў: майстар-клас па народных беларускіх танцах і падарунак: тэлевізар айчыннага вытворцы “Гарызонт”. 




Текст: Алёна Ганулич