Учитель начальных классов Алина Жук: "Профессия передаётся по наследству"

12:00 / 16.06.2015
Сярод актыўных удзельнікаў традыцыйнага гродзенскага злёту педагагічных дынастый, які аб'яднаў вопытных і маладых педагогаў і дзе можна было падзяліцца сакрэтамі поспеху і вопытам настаўніцкага майстэрства, была настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы №1 Аліна Тадэвушаўна Жук.


На працягу трох дзён педагогі з усёй Беларусі сталі ўдзельнікамі майстар-класаў і адкрытых урокаў, інтэрактыўных перапынкаў і круглых сталоў, прэзентацый і ток-шоу.

– Самымі запамінальнымі момантамі педагагічнага злёту стала, безумоўна, ток-шоу «Прызванне – педагог», удзел у якім прынялі прадстаўнікі педагагічных дынастый, – дзеліцца ўражаннямі Аліна Тадэвушаўна Жук. – Цікава было наведаць адкрытыя ўрокі, якія давалі пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», удзельнікі клуба «Крыштальны журавель». Спадабаліся майстар-класы, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі і Году моладзі. Некаторыя з іх я ўжо выкарыстала ў рабоце са сваімі трэцякласнікамі.

Ужо 22 гады жыццё настаўніцы пачатковых класаў Аліны Тадэвушаўны Жук звязана з сярэдняй школай №1 г. Астравец. У далёкім 1993 годзе пасля заканчэння Лідскага педагагічнага вучылішча яна пераступіла школьны парог – з таго часу ў яе ні разу не ўзнікла нават думкі аб тым, каб змяніць прафесію.

Тое, што Аліна стане педагогам, было зразумела з дзяцінства: ніякай іншай прафесіі яна не ведала. Першыя словы, якія яна чула з малых гадоў, былі «ўрок», «званок», «сшыткі», «адзнакі», «планы».

– Гэтыя словы ўвайшлі ў маё жыццё, можна сказаць, з малаком маці. Больш за сорак гадоў жыцця мая матуля Ядвіга Каятанаўна Шаблінская прысвяціла школе. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры – яна і дома размаўляла выключна па-беларуску, – расказвае Аліна Тадэвушаўна. – З дзяцінства лялькі і мяккія цацкі былі маімі «вучнямі», аловак станавіўся ўказкай, а звычайны сіні сшытак – журналам, у які я выстаўляла адзнакі. Далей – болей: я цішком брала сшыткі маміных вучняў, выпраўляла памылкі і ставіла адзнакі. Мама злавалася, толькі гэта не адбівала ў мяне жаданне «дапамагаць» ёй.

А пасля дзявятага класа Аліна падала дакументы ў Лідскае педвучылішча. Калі шчыра, то на той момант гэта было хутчэй рашэнне мамы, супраць якога дзяўчына нават спрабавала пратэставаць.

Але калі 18-гадовая Аліна Тадэвушаўна прыйшла ў школу ў якасці маладога педагога, то пасля першых стасункаў з вучнямі, яна зразумела: выбар быў зроблены правільна.

– Сёння я ўпэўнена, што педагогамі нараджаюцца, а не становяцца. І па спадчыннасці могуць перадавацца не толькі хваробы, але і прафесіі, – з усмешкай гаворыць Аліна Тадэвушаўна. – Маміна захапленне кнігамі, яе прыгожая беларуская мова заўсёды ўражвалі мяне. Яна ведала адказы на ўсе пытанні. А яшчэ мне здавалася, што няма лепшага занятку, як з дня ў дзень пісаць планы – і сёння я бачу тоўстыя карычневыя сшыткі, спісаныя акуратным маміным почыркам. Што можа быць лепш, чым прафесія настаўніка?

Дарэчы, бацька Ядвігі Каятанаўны Шаблінскай таксама быў педагогам. Менавіта ён, Зянон Антонавіч Пілецкі, стаў заснавальнікам педагагічнай дынастыі ў сваёй сям'і. Настаўнік местачкова-Гудагайскай і Даўкшышскай школ, дырэктар Алясінскай і Клюшчанскай, ветэран педагагічнай працы – сістэме адукацыі ён аддаў 48 гадоў свайго жыцця.

Напэўна, і яго дочкі, Ядвіга і Людміла, вырашылі стаць настаўніцамі, таму што бачылі адданасць бацькі школе і дзецям.

– Мама ўсё сваё жыццё працавала ў сярэдняй школе №1 – 40 гадоў з дня ў дзень пераступала яе парог і аддавала свае веды школьнікам. Яна двойчы станавілася стыпендыятам спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, – расказвае Аліна Тадэвушаўна. – Мама выкладала беларускую мову і ў маім классе. І я ніколі не чула, каб яна павысіла голас на сваіх вучняў – хаця дома заўсёды была строгай з намі, дзецьмі.

І дачка ўзяла ад маці яе лепшыя якасці. Дарэчы, і сястра Аліны – Надзея таксама першапачаткова выбрала педагагічную спецыяльнасць.

– Надзея, у адрозненні ад мяне, прафесію выбірала свядома. Мама заўсёды гаварыла, што гэта – яе прызванне. Менавіта, Надзя была першай школьніцай у нашым раёне, якая заняла прызавое месца на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове.

Дарэчы, свякроў і свёкар Аліны Тадэвушаўны таксама педагогі. Напэўна, гэта дапамагае яе мужу Сяргею Яўгенавічу разумець усю адказнасць прафесіі жонкі-настаўніцы.

– З дзяцінства Сяргей бачыў сшыткі, якія правяралі яго бацькі, і планы, якія яны пісалі, і таму мне не давялося тлумачыць яму, што гэта такое – быць настаўніцай. Ён з самага пачатку ведаў, што на першым месце ў спісе маіх каштоўнасцей будуць стаяць школа і вучні, – усміхаецца Аліна Тадэвушаўна. – Хоць, магчыма, гэта і няправільна – але так ёсць. Але Сяргей мяне разумее, заўсёды дапамагае і часта  паўтарае «Куды ж ты без школы?»

Сёння ўжо і дачка Аліны і Сяргея задумваецца пра будучую прафесію: Паліна, як і мама, і бабулі і дзядуля, і прадзед таксама марыць быць настаўніцай.

– І мне б хацелася, каб дачка ажыццявіла сваю сённяшнюю мару, бо калі душа кліча, гэтаму трэба падпарадкоўвацца, – упэўнена Аліна Тадэвушаўна.

Усе мары Аліны Тадэвушаўны Жук здзейсніліся. Яна – шчаслівая маці і жонка, а яшчэ – любімая настаўніца, да якой дзеці з задавальненнем бягуць на ўрок.

З першых вуснаў:

Пра прафесію настаўніка:

– Гэта самая лепшая прафесія ў свеце! Настаўнік у любой сітуацыі можа і павінен даць дзецям веды. А яшчэ – выхаваць іх добрымі людзьмі. Некалі мама гаварыла: «Заходзіш у школу – пакідай за дзвярыма ўсё дрэннае і ўсе свае праблемы. І тады станеш з дзецьмі адным цэлым».

Пра дзяцей:

– Я і сёння помню сваіх першых выпускнікоў. Мы былі вельмі блізкімі. Мне – 18 гадоў, ім – 6-7. А розніцы ніякай. І сёння мы з імі – лепшыя сябры. Гэтаксама як і з астатнімі дзецьмі, якіх я вучыла. Канешне, сённяшнія дзеці адрозніваюцца ад тых, 22-гадовай даўнасці – але яны ўсё ж дзеці, хаця і больш развітыя, актыўныя, на «ты» з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Пра школу:

– Сучасная школа павінна ісці ў нагу з дзецьмі, бо толькі з дапамогай крэйды і дошкі навучыць нечаму дзяцей з планшэтамі, камп'ютарамі і электроннымі кнігамі немагчыма.

Пра хобі:

– Захапленняў у мяне шмат. Люблю пакаёвыя кветкі. А яшчэ – прыгатаваць што-небудзь смачнае для сваёй сям'і. Новыя стравы, выпечка – для мяне гэта адпачынак.

Пра мару:

– Мара мая некаму можа падацца вельмі банальнай. У мяне ёсць сям'я і любімая работа. Засталося толькі працаваць, пажадана – у добрых умовах. Сёння ў сярэдняй школе №1 г. Астравец робіцца многае. І вельмі хацелася б, каб рамонт хутчэй закончыўся і мы б па ўмовах нічым не саступалі новай гімназіі – наша школа гэтага, лічу, заслужыла.


-----------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ.