Астравецкія айбаліты, ці Чым займаюцца спецыялісты райветстанцыі

15:00 / 18.10.2024

З падапечным ветурач-серолаг Наталля Шостак

З падапечным ветурач-серолаг Наталля Шостак

Нязменнай задачай як кожнай асобнай гаспадаркі ў прыватнасці, так і жывёлагадоўлі ўвогуле застаецца нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці малака і мяса. Асноўная перадумова для гэтага – здаровае пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У гэтым выпадку ролю ветэры­нарнай службы раёна ў паспяховым правядзенні прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў складана пераацаніць. Наведалі Астравецкую ветэрынарную станцыю, каб даведацца, чым займаюцца яе спецыялісты і які ўнёсак робяць у жывёлагадоўлю раёна. 

Капітан

Начальніка райветстанцыі і па сумяшчальніцтве галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага інспектара Наталлю Назараву пера­хапіла ля адміністрацыйнага будынка перад яе выездам на раён. Хоць кіраўнік напачатку адмахвалася, маўляў, лепш паназірайце за работай спецыялістаў і з імі пагутарце, але расказала пра ўстанову, якую ўзначальвае з 2020 года.

Начальнік райветстанцыі Наталля Назарава

Начальнік райветстанцыі Наталля Назарава

– На Астравеччыне я з 2000-га. На нашай ветстанцыі прайшла ўсе прыступкі і дарасла да начальніка. Таму знутры ведаю спецыфіку работы кожнага спецыяліста. А яны ў нас прафесіяналы сваёй справы. Больш таго, мы дружная каманда з 51 чалавека, – расказала Наталля Назарава. – У структуру ўстановы ўваходзіць сама ветстанцыя, тры ўчастковыя лячэбніцы ў Астраўцы, Страчанцы і Міхалішках, дыягнастычны аддзел лабараторыі і лабара­торыя санітарна-ветэрынарнай экспертызы. Акрамя гэтага дзейнічае асобны атрад, які аказвае паслугі па дэз­інфекцыі і пабелцы жывёлагадоўчых памяшканняў. Па любых узнікаючых пытаннях у гаспадаркі раёна аператыўна, а таксама планава выязджаюць нашы спецыялісты для аказання метадычнай і практычнай дапамогі. Лячэнне жывёл, вакцынацыя, дыягнастычныя даследванні па выяў­ленні туберкулёзу, лейкозу, бруцэлёзу і іншых за­хворванняў, забор крыві – спектр дзейнасці разнастайны. 

Спецыялісты на месцах звяртаюць увагу на ветэрынарна-санітарны стан ферм і малочна-таварных комплексаў. Таксама пытанні захаванасці жывёлы і мінімізацыі яе невытворчага выбыцця знаходзяцца на нашым кантролі, як і тэхналогія вырошчвання маладняку. 

У лабараторыі дзейнічае 5 аддзелаў: сералагічны, вірусалагічны, бактэрыялагічны, біяхімічны і хіміка-таксікалагічны. Яе спецыялістаў лічу нашымі вачыма – яны непасрэдна працуюць з матэрыялам і выносяць канчатковы вердыкт. 

– Мы цесна супрацоўнічаем з ветурачамі гаспадарак. Дзе ёсць недахоп кадраў, дапамагаем закрываць гэты накірунак. Вакцынацыя, лячэнне цялят, даследванне на субклінічныя мастыты – больш узмоцнена працуем з «Варнянамі». Спецыялісты Міхалішскай і Страчанскай лячэбніц адказваюць за жывёлагадоўчыя аб’ёкты зоны свайго абслугоўвання, – працягвае начальнік райветстанцыі. – На падхопе пастаянна знаходзяцца работнікі лабараторыі і эпізаатолагі, і я таксама. (Усміхаецца.) Хоць і ёсць канкрэтны падзел па накірунках, але лічу, што кожны спецыяліст нашай установы – універсальны.

Напрыклад, Вадзім Герасімовіч загадвае Міхалішскай участковай ветлячэбніцай. З раніцы ён аказвае практычную дапамогу на малочна-таварным комплексе «Рытань» РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», а пасля 16.00 займаецца лячэннем дробных жывёл. Стараемся падстройвацца пад людзей, каб пасля працоўнага дня яны маглі прывесці хвастатага сябра. Па вялікім рахунку, мы адзіныя на Астравеччыне, куды можна звярнуцца за дапамогай пры хваробе хатняга гадаванца. 

Каманда

Правая рука Наталлі Назаравай – гэта яе намеснік Надзея Шушко, якая, да таго ж, загадчык лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы. 

Намеснік начальніка Надзея Шушко

Намеснік начальніка Надзея Шушко

– Я адказваю за ўсю справаздачнасць, улік, статыстычныя дадзеныя, вакцынацыю і іншае, але практычная работа мне больш па душы, – прызнаецца Надзея Шушко. – У лабараторыі мы займаемся даследваннем дзікоў на трыхінілёз. Гэта вельмі небяспечнае захворванне. За маю практыку быў толькі адзіны выпадак, дарэчы, у маі гэтага года, калі выявілі трыхіну. А ўвогуле з пачатку года даследвалі 135 галоў. Акрамя гэтага, правяраем і мяса хатніх свіней па заявах жыхароў. 

Наша лабараторыя адказвае за бяспеку харчовай прадукцыі, якая рэалізуецца на рынку. Садавіну і гародніну правяраем на нітраты, а таксама робім радыялагічныя вымярэнні. 

Па словах Надзеі Шушко, адна з галоўных задач калектыву – падтрыманне станоўчай эпізаатычнай сітуацыі ў раёне. За незразумелымі для недасведчанага чалавека словамі хаваецца важная справа: намаганнямі спецыялістаў райветстанцыі робіцца ўсё неабходнае для недапушчэння распаўсюджання разнастайных заразных і інфекцыйных захворванняў. 

– Для гэга рэалізуецца цэлы комплекс мерапрыемст­ваў, у тым ліку па папярэджванні туберкулёзу ў жывёл, прафілактыцы шаленства, – расказала намеснік начальніка райветстанцыі. 

***
Загадчыка ветлабараторыі, ветурача-бактэрыёлага Валянціну Карэйву заспела за разлівам пажыўных рэчываў для далейшага аўтаклававання. Каб не замінаць і даць скончыць работу спецыялісту, пацікавілася працэсам у Надзеі Шушко. 

Загадчык ветлабараторыі Валянціна Карэйва

Загадчык ветлабараторыяй Валянціна Карэйва

– Валянціна Станіславаўна размяркоўвае па колбачках бруцэалагар для правядзення даследвання на бруцэлёз – гэта небяспечнае інфекцыйнае захворванне, – суразмоўца злавіла мой разгублены позірк і растлумачыла простымі словамі. – Для кожнага мікраарганізма патрэбна спажыўнае асяроддзе. Для сальманелы, напрыклад, гэта «булёнчык», каб ёй смачненька было, яна магла расці, а мы адпаведна – вывучыць узор.

Бактэрыёлаг якраз управілася з работай і далучылася да размовы. 

– Мы праводзім даследванні па пастаноўцы дыягназу захворвання жывёл, птушак, рыб і пчол, таксама правяраем якасць кармоў, робім біяхімічныя даследванні крыві, сералагічныя, радыялагічныя, – патлумачыла Валянціна Карэйва. – Таксама пры патрэбе адбываецца працэс заражэння лабараторных жывёл для канчатковай пастаноўкі дыягназу таго ці іншага захворвання. З дапамогай такога метаду на марскіх свінках выяўляем туберкулёз, кроліках – лептаспіроз, авечцы – хламідыёз. 

Загадчык ветлабараторыі зазначыла, што ў нашым раёне спакойная сітуацыя па вострых інфекцыйных захворваннях.
 – Калі будуць выконвацца ўмовы ўтрымання, кармлення жывёлы і своечасова праводзіцца ўсе неабходныя ветэрынарныя маніпуляцыі, хвароба не прычэпіцца, – напрыканцы гутаркі падкрэсліла Валянціна Карэйва.

***
Аказваецца, на тэрыторыі райветстанцыі ёсць віварый – асобнае памяшканне, дзе ўтрымліваюцца здаровыя лабараторныя жывёлы. Тут «прапісаліся» не адзін дзясятак кролікаў, марскіх свінак, белых пацукоў і авечка, якую даглядчык «ахрысціў» Зінай.

– Я працую з кролікамі. У здаровых асобін мы бяром сываратку крыві для вырошчвання штамаў лептаспірознай культуры. Замяшчаем яе ў тэрмастат, адстойваем і назіраем, ці расце лептаспіра, каб устанавіць дыягназ, – расказала ветурач-серолаг Наталля Шэстак (фота на 1-й старонцы). – У некаторых выпадках дыягназ лічыцца ўмоўна станоўчым, пакуль не паставім біяпробы. Для гэтага і праводзіцца заражэнне здаровых жывёл – марскіх свінак і пацукоў. Далей іх пераводзяць у ізалятар і назіраюць. Калі жывёліна заразілася, дыягназ лічыцца ўстаноўленым цалкам. Калі здаровая, значыць дыягназ па крыві быў памылковым.

***
«Зялёнае святло» на адкрыццё тэхналагічных ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў даюць менавіта ў райветстанцыі. За гэта адказвае лабарант-таксіколаг Юлія Афоніна.

Лабарант-таксіколаг Юлія Афоніна даследуе «выцяжку» з сіласу

Лабарант-таксіколаг Юлія Афоніна даследуе “выцяжку” з сіласу

– Летам кантралюем закладку сянажнай і сіласнай мас у траншэі. Штодзень выязджаем у гаспадаркі для вымярэння тэмпературы, вільготнасці, колькасці караціну. Падчас зімне-стойлавага перыяду за 15 дзён да адкрыцця траншэі правяраем сілас і сянаж, ці прыдатныя яны для скормліван­ня, – патлумачыла спецыяліст. – Цяпер, напрыклад, займаюся праверкай сіласу. Пробу на ноч заліваю дыстыляванай ва­дой, на наступны дзень працэджваю, дадаю ўсё набходнае і «разганяю». 

Пры мне Юлія Афоніна дадала ў вадкасць натрый гідравокісь, «пацітравала» – і раствор з бясколернага стаў насычана ружовым. 

– Потым праводзім разлікі на ўтрыманне розных кіслот. Атрыманую інфармацыю накіроўваем у гаспадарку, – працягвае лабарант-таксіколаг. – Калі сілас недаспелы, «скачуць» уксусная і масленая кіслоты, а гэта значыць, што траншэю рана адкрываць. 

Юлія Афоніна сумесна з урачом-таксіколагам Галінай Малочкай, партрэт якой занесены на раённую Дошку гонару, даследуюць кроў нованароджаных цялят на наяўнасць імунаглабулінаў. Па гэтым паказчыку можна меркаваць не толькі пра стан здароўя жывёліны, але і пра сумленнасць жывёлаводаў: ці своечасова яны напаілі малое малозівам. 

Акрамя гэтага, спецыялісты хіміка-таксікалагічнага і бія­хімічнага аддзелаў правяраюць поўсць дробных хатніх жывёл на мікраспарыю: лішай вельмі небяспечны не толь­кі для хатніх гадаванцаў, але і чалавека.

– У нашай лабараторыі працягваецца рамонт. Акрамя гэтага, абнаўляецца спецыяльнае абсталяванне: ёсць новы спектрафатометр, вагі, сушыльная шафа, – расказала Юлія. – Работу сваю ведаю да дробязей – усе даслед­ванні праходзяць без эксцэсаў. 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Видео: Алёна Ганулич