Есці ці не: салаты ў школьным меню

14:14 / 30.09.2024

У школьным меню разнастайныя салаты ёсць заўсёды, прычым як з сырой, так і варанай гародніны, а таксама з садавіны. Але пытанне: ці ядуць іх вучні?



І вось тут з’яўляецца расчараванне. А, між іншым, гародніна і садавіна (крыніцы клятчаткі, вітамінаў, мінералаў і антыаксідантаў) павінны быць у рацыёне чалавека кожны дзень.

Часам можна назіраць, як некаторыя вучні адносяць ледзь кранутыя салаты. Калі ў дзяцей пытаеш, чаму не ядуць іх, то пачуеш: дома такое рэдка гатуюць; такое ў нас толькі на свята ці ў выхадныя; я такога не ем; люблю асобна памідор альбо гурок, а не ў салаце... З гэтага можна зрабіць выснову: дзеці не прывучаны да такіх страў, а рабіць гэта трэба.

Звяртаюся да вас, паважаныя бацькі. Дабаўце ў меню свайго абеда ці вячэры салат, дазвольце дзецям паўдзельнічаць у іх выбары, падрыхтоўцы прадуктаў і прыгатаванні. А чаму б не правесці сямейны конкурс “Чый салат смачнейшы альбо прыгажэй аформлены?”. Нават дашкольнік можа дапамагаць у прыгатаванні. Гэта абавязкова дапаможа сфарміраваць у дзяцей правільныя харчовыя звычкі. Расказвайце дзецям пра карысць салатаў, што іх абавязкова трэба есці, бо гэта прафілактыка хвароб, умацаванне імунітэту, яны станоўча ўплываюць на здароўе арганізма.

І тады, спадзяюся, настане час, калі ўсе вучні будуць пакідаць на сталах пусты посуд. Давайце над гэтым папрацуем разам.

Таццяна КАЗАК,

намеснік дырэктара гімназіі.

Фота Дзіны ТРУСЕВІЧ.

Текст: Главный администратор