Добрая справа: помнік ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ўстанавілі ўдзячныя нашчадкі
Новы помнік устанавілі на магіле ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Канстанцінавіча Сташэўскага.
-- Аднойчы на могілках у вёсцы Градаўшчыне адзін чалавек убачыў напаўразрушаны помнік – на ім удалося прачытаць надпіс “Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Канстанцінавіч Сташэўскі 1921 – 1974” – з гэтай інфармацыяй ён і звярнуўся ў сельсавет , – расказвае старшыня Гудагайскага сельсавета Уладзімір Барысевіч. – Работнікі сельвыканкама навялі парадак на магіле. Але гэтага было мала для ўвекавечвання памяці ветэрана.
Уладзімір Барысевіч звярнуўся да індывідуальнага прадпрымальніка Алега Казлоўскага, які зрабіў помнік і ўстанавіў яго, прычым бясплатна.
Старажылы ўспамінаюць, што ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Канстанцінавіч Сташэўскі жыў у вёсцы Захарышкі. На жаль, ніякай інфармацыі ні пра яго, ні пра яго родзічаў ніхто паведаміць не змог.
На электроннных рэсурсах “Памяць народа”, “Дарога памяці”, “Подзвіг народа” захоўваецца інфармацыя пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з такім жа прозвішчам, імем і імем па бацьку і годам нараджэння. Паведамляецца, што нарадзіўся ён у горадзе Варашылаў Прыморскага краю, у 1941 годзе прызваны на фронт, быў радавым, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Аднак сцвярджаць, што гэта той ветэран, які пазней жыў у нашым раёне, падстаў няма.
Калі вам вядома што-небудзь пра Васіля Канстанцінавіча, звярніцеся ў рэдакцыю. І разам адкрыем астраўчанам імя яшчэ аднаго героя Вялікай Перамогі.
Падрыхтавала Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Уладзіміра БАРЫСЕВІЧА.