Мікалай Пляшчоў у “Памяці народа”

14:00 / 22.06.2024


Здаецца, за амаль 80 гадоў з дня Перамогі мы ўсё ведаем пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пра подзвігі герояў, пра вязняў канцлагераў і ветэранаў, якія жылі на нашай Астравеччыне або абаранялі яе. 

Аднак гэта не так. І расказаць нешта новае або проста напомніць імёны абарон­цаў Радзімы, дзяцей вайны, вязняў канцлагераў могуць работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Каб яны гэта зрабілі, мы запусцілі сумесны праект газеты і раённага прафсаюза «Я хачу вам расказаць».

Ні адну сям’ю не мінула Вялікая Айчынная: бацька ці маці, браты і сёстры, дзеці – многія не вярнуліся з поля бою…

Дзед старшыні прафсаюзнай пярвічкі астравецкай меліярацыі Надзеі Ненарто­віч прайшоў усю вайну і быў узнагаро­джаны за вернасць і служэнне Радзіме, а вось яго братам не так пашанцавала.

– Нарадзіўся дзядуля, Мікалай Фаміч Пляшчоў, на Віцеб­шчыне, у вёсцы Ізухава ў 1922 годзе. Адтуль у 1941-м і быў прызваны на фронт. Дзень і месяц яго нараджэння дакладна невядомы, толькі год. Нават у пасведчанні аб шлюбе ўказалі «было 26 гадоў». Па меркаванні родных, дзесьці, у сакавіку.


ПРА СЯМ’Ю

– У  Пляшчовых было 11 дзяцей, двое з якіх памерлі малымі. З вялікай сям’і ваяваў не толькі дзядуля, але і яго браты, і бацька, мой прадзед. Прадзядуля і два сыны з вайны не вярнуліся. Выжылі трое, адзін з іх застаўся без вока.

Не ведаю дакладна, чаму, але Мікалай, узяўшы з сабою двух братоў, пераехаў жыць на Астравеччыну. Ажаніўся дзядуля ў 1948 годзе.

Мікалай Пляшчоў усё жыццё адпрацаваў у мясцовым камбінаце будаўнічых матэ­рыялаў сталяром. 


Пайшоў з жыцця ў 1991-м.

ПРА ВАЙНУ

– На жаль, узнагарод Мікалая Фаміча мне ў руках патрымаць не давялося. А ордэн, які выдавалі ўжо ў астравецкім ваенкамаце ў мірны час, быў пахаваны з ім у магіле. Не засталося і пацвярджаючых папер.

Пра тое, што дзядуля ваяваў і быў не­аднаразова ўзнагароджаны, мы знай­шлі інфармацыю на сайце «Памяць народа». Там жа ў юбілейнай карта­тэцы змешчаны запіс аб узнага­ро­джанні ордэнам Айчыннай вайны II сту­пені. Упа­мінаецца імя Мікалая Пляшчова і ў праекце «Дарогамі памяці» – з ка­роткім подпісам «чырвонаармеец». 

Быў удзельнікам савецка-японскай вайны 1945 года.

ПРА ЎЗНАГАРОДЫ

Па знойдзеных звестках, служыў сяржант Мікалай Пляшчоў у воінскай часці 84-га гвардзейскага танкавага палка 30-й гвардзейскай механізаванай брыгады 9-га гвардзейскага механізаванага корпуса.

Медаль «За баявыя заслугі» механіку-вадзіцелю Пляшчову ўручылі за тое, што «…ён у перыяд баявых дзенняў палка супраць японскага імперыялізму па бая­вым маршруце пустынна-бязводнай мясцо­васці ў гарах Вялікага Хінгана прывёў баявую машыну ў пункт прызначэння без адзінай аварыі і паломкі. Машына ўтрым­ліваецца ў выдатным стане». (З загада аб узнагароджанні. – Заўв.аўт.)


У верасні 1945-га Пляшчоў узнагароджаны медалём «За перамогу над Японіяй», якога ўдастоены ваеннаслужачыя часцей Чырвонай арміі і ваенна-марскога флоту, што прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. 

У 1945-м Мікалай Фаміч узнагароджаны і медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».


Фота з архіва Н. Ненартовіч.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.

Текст: Ольга Хотянович