Прыгожа, масава і ўрачыста працаўнікі Гроднааблгаза адзначылі прафесійнае свята ў Астраўцы

10:01 / 31.08.2023

Урачыстаць з нагоды Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці сабрала ў астравецкім шматфункцыянальным комплексе прадстаўнікоў газавай галіны вобласці, у тым ліку і нашага раёна.

Звыш 80-ці чалавек у гэты дзень падымалася на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі.

Свята адкрыў генеральны дырэктар ВРУП “Гроднааблгаз” Яўген Смірноў:

– Наша галіна вельмі важная для народнай гаспадаркі краіны. Сваёй працай гэта штодзённа даказваем не толькі сабе, але і нашым абанентам. Мы нясём цеплыню і ўтульнасць у дамы нашых грамадзян. Выказваю ўдзячнасць за старанную працу ўсім прысутным у зале і тым работнікам, хто ў гэты час працуе. Не магу не ўзгадаць нашых шаноўных ветэранаў, якія стаялі ля вытокаў газавай гаспадаркі, і развівалі галіну. Усім жадаю здароўя і дабрабыту!


Намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання па паліву і газіфікацыі “Белпалгаз” Уладзімір Кісялёў падкрэсліў, што газавая гаспадарка краіны, у тым ліку Гродзеншчыны, спраўляецца з пастаўленымі задачамі, пры гэтым галоўным закладам поспеху застаецца чалавек, яго прафесіяналізм, вопыт, адданасць абранай справе.


Да віншаванняў далучыліся старшыні рэспубліканскага і абласнога галіновага прафсаюзаў.

– Карыстаючыся магчымасцю, віншую ўсіх жыхароў горада з прыгожым юбілеем на тры пяцёркі. Астравец – адзін з самых сучасных маладых і прыгожых гарадоў. Падчас наведвання адміністрацыйнага будынка мясцовага раёна газазабеспячэння быў уражаны створанымі там умовамі працы для супрацоўнікаў, добраўпарадкаваннем тэрыторыі, – адзначыў старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці Ігар Жур. – Галіна газазабеспячэння – стратэгічная ў нашай краіне. Яна іграе важную ролю для эканомікі, насельніцтва, энергетычнай бяспекі Беларусі. Таксама стратэгічна важным лічу персанал, асабліва цяпер, калі перад чалавекам адкрываецца шмат магчымасцей і перспектыў. Шчыра ўдзячны вам, што не здраджваеце калісьці абранай прафесіі і працуеце ў “Гроднааблгазе” і яго структурных падраздзяленнях. Са святам, калегі!

Словы віншаванняў у адрас газавікоў вобласці і нашага раёна гучалі і ад старшынь Астравецкага райвыканкама Ігара Шалудзіна і Савета дэпутатаў Ірыны Тальчук. Прыемным дапаўненнем да іх сталі ўзнагароды.

Ганаровай граматай Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь адзначылі слесара па абслугоўванні і рамонце вонкавых газапровадаў Уладзіміра Арлоўскага. Ганаровую грамату Астравецкага райвыканкама атрымалі майстар Ала Курановіч і слесар аварыйна-аднаўленчых работ у галіне газазабеспячэння аварыйна-дыспетчарскай службы Валерый Сянюць. Падзячныя пісьмы старшынь Гродзенскага абласнога і Астравецкага раённага Саветаў дэпутатаў уручылі вадзіцелю аварыйна-дыспетчарскай службы Казіміру Саленіку і слесару па абслугоўванні і рамонце вонкавых газапровадаў Валерыю Мальдзісу. А партэт слесара па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваючага абсталяванне Валерыя Дарашкевіча сёлета занеслі на Дошку гонару ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблгаз”.

Аздобілі свята моцныя і прыгожыя галасы раённых артыстаў і калектываў.









Текст:
Фото: Алёна Ганулич