Иван Бутько из Подольцев награждён орденом Красной Звезды

08:15 / 02.07.2023

bud.jpg

Іван Віктаравіч Буцько трапіў на фронт за год да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, аднак змагацца з ворагам яму давялося і пасля: затрымаўшыся ў арміі яшчэ на 5 гадоў, ён дапамагаў выкрываць банды фашыстаў на тэрыторыі Германіі. 
Пра жыццёвы шлях ветэрана расказвае яго дачка – жыхарка Падольцаў Вера Малахвей.

ФРАНТАВЫЯ ДАРОГІ
Нарадзіўся Іван Віктаравіч 8 лістапада 1925 года ў в. Бяро­заўцы, што на Шчучыншчыне. 
– Дзядуля з бабуляй былі сялянамі, зямлі мелі мала, ды і тая неўрадлівая. А ў хаце пяцёра дзяцей! Хутка пасля нараджэння апошняй татавай сястры памерла іх маці. Дапамагала глядзець дзяцей цётка, – расказвае пра Івана Буцько дачка. – Да вайны бацька скончыў 4 класы, пісаў граматна, праўда, знакаў прыпынку не прызнаваў: косак у сказе для яго не існавала. (Усміхаецца.)
Франтавыя дарогі паклікалі Буцько ў 1944-м, пасля вызвалення роднага раёна.
– Вялікую Айчынную наша маленькая вёсачка, дзякаваць Богу, перажыла адносна спакой­на: жыхароў абмінуў лёс Зінякоў, што ў кіламетрах 20-ці ад Бярозаўцаў, – дзеліцца  Вера Іванаўна. – Тату прызвалі ў Чырвоную армію ў ліпені. Ён трапіў у 45-ты запасны артылерыйскі полк, дзе атрымаў спецыяльнасць стралка.  Пра вучэбку ў баць­кі былі сумныя ўспаміны: слаба кармілі – усё прыгадваў суп з лебяды.
9 верасня Буцько прыняў ваенную прысягу і адправіўся на фронт. Яго накіравалі ў 275-ты гвардзейскі знішчальна-супраць­танкавы арты­ле­рый­скі полк гарматным нумарам. Змагаўся на перадавой хлопец да сту­дзеня 1945 года, пакуль не атрымаў асколачнае раненне сцягна. За пра­яўленыя ў тым баі доблесць і мужнасць Івана Віктаравіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

vera.jpg


– Лячылі бацьку ў палявым шпіталі, і праз месяц ён зноў быў страі. Праўда, пасля выздараўлення яго перавялі ў 216-ты стралковы полк – кулямётчыкам ручнога кулямёта, – працягвае жанчына. 
Месяц баёў – і Іван зноў трап­ляе ў ваенны шпіталь: зноў аско­лачнае, у тую ж нагу, а яшчэ і моцны апёк прад­плечча. Пасля таго ранення з гар­ма­тамі-кулямётамі хлопцу давялося раз­вітацца. Прайшоўшы хуткую навуку па пракладцы кабельных ліній, Буцько вяртаецца ў шэрагі абаронцаў: служыць у 80-м гаў­біч­ным артылерыйскім палку тэлефаністам. Пазней яго пераво­дзяць камандзірам аддзялення правадной сувязі ў 436-ты гаў­бічны артполк. 
І ў сувязі адзначылі нашага зямляка. Так, у загадзе аб узнагароджанні яго ме­далём «За адвагу» чытаем, што ў баі 2 мая 1945 года чырвонаармеец 80-га палка Буцько «пад агнём   праціўніка за­бяспечыў бесперабойную лінію су­вязі для пункта назірання з агнявымі пазі­цыя­мі». 
– Вельмі тата не любіў расказваць пра вайну. А калі даводзілася пра тое завесці размову, то гэта былі гісторыі не пра крывавыя баі, а «смяшынкі», якія з ім здараліся, – прыгадвае дачка ветэрана. – Усё здзіўляўся: нашто вам слухаць пра гэтыя жахі? І давай расказваць, як бліны пяклі. 
…Пракладваючы лінію сувязі, Іван з тава­рышамі сядзелі ў падвале некалькі сутак. Есці не было чаго. Знай­­­шлі там мяшок з белым рэчывам, пакаштавалі яго – і, вызначыўшы, што гэта мука, вырашылі спячы бліны. Раз­баўталі з вадой, знайшлі нейкую бляху, распалілі вогнішча і ўзяліся гатаваць. 
«Смажым-смажым, а яны ўсё белыя ды белыя, чакаем – не румяняцца…», – усміхаўся, прыгадваючы той момант Іван Віктаравіч. Ажно потым высветлілася, што яны зрабілі рошчыну не з мукі, а з мелу. 
Неяк на чарговую просьбу дачкі ўз­га­даць Вісла-Одарскую аперацыю ён нервова адазваўся: «Ну што ты хочаш пачуць? Як плылі па Вісле ільдзіны ўперамешку з трупамі і вада чырвонай  ад крыві была?!»  
– Затое як пры бамбёжцы чыгуначнай станцыі снарад патрапіў у вагон з шакаладам і той, рас­плавіўшыся, гарэў ярка-сінім полымем, ад бацькі чула неаднаразова, – гаворыць Вера Малах­вей. –  Альбо як у Германіі везлі на машы­не скрыні цукерак, убачылі пры дарозе дзяцей і пачалі ім раскідваць жме­нямі салодкія пачастункі, а малыя рада­ва­ліся падарункам ад рускіх салдат.
– Узгадваў сустрэчу з амеры­канцамі на Эльбе – тыя пера­плылі раку, каб да нашых трапіць. «Мяне негр метры ў два ростам на радасцях як усхапіў, як падняў! Ён смяецца, зубы толькі блішчаць, а ў мяне адна думка: усю вайну прайшоў – а тут, мабыць, і прыйшоў канец!» – узгадвае бацькавы расповеды жыхарка Падольцаў. – Па-першае, тата невялікага росту быў, а па-другое, ён неграў ніколі не бачыў – таму так перапалохаўся. 
Малодшы сяржант Буцько дэма­білі­заваўся толькі ў чэрвені 1950 года – служыў камандзірам аддзя­лення сувязі ў вайсковай часці, якая базіравалася ў Германіі. Самым яскравым успамінам ветэрана было выкрыццё праз не­калькі месяцаў пасля Перамогі банды фашыстаў, якія хаваліся на падземным аэрадроме ў Альпах.

Баявыя ўзнагароды Івана Буцько:*ордэн Чырвонай Зоркі,
*медаль «За адвагу»,
*медаль «За вызваленне Варшавы»,
*медаль «За перамогу над Германіяй 
  у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»,
*ордэн Айчыннай вайны І ступені.

МІРНАЕ ЖЫЦЦЁ

ivan.jpg


Пасля службы ў арміі Іван Віктаравіч вярнуўся на радзіму, пайшоў працаваць у калгас, а праз нейкі час адправіўся ў Тульскую вобласць на  шахты здабываць вугаль. Там ажаніўся на мясцовай жанчыне, але пражылі яны нядоўга – жонка памерла пры родах. Засталося дзіця.
– Хлопчык слабенькі быў, таму бацьку яго не аддавалі, – расказвае Вера Іванаўна. 
Пакуль дзіця заставалася ў бальніцы, Іван паехаў наведаць бацькоў. Тады і сустрэў ён сваю Зінаіду. Расказаў ёй, што жонка памерла, а сына не выпісваюць з бальніцы, бо дзіця хварэе. А тая, слухаючы, незнарок прамовіла: «Выгадуем!» У Расію яны адправіліся ўдваіх. 
– На жаль, браціка выратаваць не змаглі…  Потым нарадзілася я – у бацькоў была адзіным дзіцям, – дзеліцца Вера Малахвей.
У 1961-м сям’я Буцько вярнулася ў Бярозаўцы. Іван з Зінаідай уладкаваліся ў мясцовы калгас.  
– Тата працаваў на ферме, потым млынаром на зернескладзе. Меў залатыя рукі – усё што заўгодна мог змайст­раваць. Быў самавучкам. У мяне да гэтага часу стаіць зроблены ім пісьмовы стол. Табурэткі, крэслы… Што там – дом пабудавалі з мамай удваіх. А кошыкі якія прыгожыя выплятаў! На выставу можна было аддаваць! Гаспадаром быў адменным. Адна­вяскоўцы яго паважалі: калі Іван сказаў, значыць, так і будзе, усміхаецца дачка ветэрана. – Мне ў дзяцінст­ве аднаго бацькавага позірку было дастаткова, каб зразумела, што пераходжу межы дазволенага. 
Да слова, спецыяльнасць сувязіста, набытая ў вайну, дапамагала Івану Віктаравічу і ў мірным жыцці: ён мог адрамантаваць любую тэхніку.
Буцько ўжо былі на пенсіі, калі іх забрала да сябе ў Падольцы дачка. Прыехаў у наш край ветэран у 1990-м і  пражыў тут 10 гадоў. У 2000-м яго не стала.
– 9 Мая было для яго святам святаў, – дрыжачым голасам прыгадвае бацьку Вера Іванаўна. – Ніколі не адмаўляўся выступіць перад дзецьмі, расказаць пра вайну. Дырэктар Падольскай школы Рычард Мікалаевіч Саўко, вечная яму памяць, арганізоўваў пасядзелкі для ветэранаў вайны і заўсёды іграў ім на акардэоне – бацька шчаслівы вяртаўся з такіх сустрэч, яны былі цёплымі і сяброўскімі!
Баявыя ўзнагароды Іван Віктаравіч трымаў у асобнай шкатулцы, а для ордэнаў і медалёў меў асобны пінжак, які апранаў, калі ішоў на сустрэчы са школьнікамі, урачыстасці Дня Перамогі і іншыя святы. З чуллівасцю ставіўся да паштовак, якія яму дасылалі на 9 Мая, – усе абавязкова захоўваў і час ад часу пераглядваў. 
– Асабліва даражыў віншаваннямі-трохкут­нічкамі ад кіраўніка краіны – ставіў іх па значнасці ўпоравень з бая­вымі ўзнагародамі. Гэта ж не жартачкі: на пісьме зваротны адрас – рэзідэнцыя Прэзідэнта! – расказвае дачка ветэрана. – І вельмі любіў кнігі пра вайну. Часам, прачытаўшы нейкі эпізод, нават абураўся, што аўтар занадта перабольшвае ці ідэалізуе героя.
Частку фотаздымкаў, а таксама ўсе бацькавы ўзна­гароды жанчына аддала свайму ўнуку Івану, якога назвалі ў гонар пра­дзеда. Хлопчык вельмі тра­пятліва ставіцца да гэтага. 
– Маленькі зусім быў, а, пера­глядаючы татавы медалі, ужо з гонарам казаў: «Мой прадзед – герой!» – усміхаецца Вера Малахвей.
Помняць пра ветэрана не толькі яго родныя: іменем Івана Віктаравіча Буцько названы піянерская дружына і студатрад Падольскай школы.


Текст: