Учитель Михалишковской школы Александр Корень был партизанским политруком

11:03 / 29.04.2023

03.jpg

– Пра тое, што рабілі фашысты на нашай зямлі, нельга раўна­душна ўспамінаць. Але дарэмна яны хацелі жорскасцю зламіць людзей. На зверствы беларускі народ адказаў масавым партызан­скім рухам, –  расказваў падчас сустрэч вучням былы народны мсцівец, настаўнік Міхаліш­каўскай школы Аляксандр Аляксеевіч Корань. Ветэран даўно пайшоў з жыцця, а памяць пра яго жыве – у занатаваных успамінах, баявых узнагародах, перададзеных роднымі ў школьны музей. 

01.jpg

Пра нашага земляка і яго баявы шлях карэспандэнт даведаўся ад кіраўніка школьнага музея Святланы Мацкевіч, шмат чаго расказалі і архіўныя дакументы, змешчаныя на сайце «Партызаны Беларусі».

СЕЛЬСКІ НАСТАЎНІК
Запоўнены ўласнаручна Аляксандрам Коранем асабовы лісток па ўліку кадраў паведамляе, што нарадзіўся будучы народны мсцівец у сялянскай сям’і 14 мая 1915 года ў в.  Судзілавічы Ушацкага раёна Віцебскай воб­ласці. Скончыўшы ў 13 гадоў 3 класы мясцо­вай пачаткоўкі, перайшоў у Вяліка­долец­кую школу. Маючы 5 класаў адукацыі, Корань вырашае атрымаць прафесію педагога і ў 1930 годзе паступае ў Лепельскі педтэхнікум. І ўжо праз 3 гады юнак адпраўляецца на першае працоўнае месца на родную Ушаччыну, дзе ў Белякоўскай школе вучыць грамаце дзяцей пачатковых класаў. А ў 1939-м маладога настаўніка прызываюць у Чырвоную армію. «Служыў у г. Туле, 334-ты стралковы полк. У 1940 годзе скончыў палкавую школу, атрымаў званне сяржанта. Удзельнічаў у фінскай вайне» – занатаваў у біяграфічных звестках Аляксандр Аляксеевіч. А 12 кра­савіка таго ж года ён атрымаў раненне.
Пасля выздараўлення Кораня дэма­білі­за­валі. Малады чалавек вярнуўся на Ушаччыну і зноў пайшоў настаўнічаць – уладкаваўся ў Слабаўскую школу.

НАРОДНЫ МСЦІВЕЦ
Калі фашысты напалі на Беларусь, Корань, як і яго землякі, апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. У 1942-м ён пайшоў у партызаны. 
–  У школьным музеі захоўваюцца занатаваныя ўспаміны Аляксандра Аляксеевіча, дзе ветэран узгадваў, як уліўся ў шэрагі партызан, – расказвае Святлана Мацкевіч.  –  Там гаворыцца, што вясной да яго прыйшлі былы старшыня сельсавета Дуброўскі і работнік школы Коган. Яны дамовіліся сабраць надзейных таварышаў і правесці тайную нараду, каб арганізаваць партызанскі атрад.
І хутка народныя мсціўцы ўжо знішчалі паліцэйскія ўчасткі, палілі камендатуры. Па акрузе папаўзлі чуткі пра вялікую сі­лу  партызан, а іх было ўсяго 7 чалавек. 
«З часам наш атрад пабольшаў да 250 чалавек, – прыгадваў ветэран. – Вялікую патрэбу мы мелі ў зброі, боепрыпасах, а іх маглі здабыць толькі ў ворага. Потым наладзілі сувязь з «вялікай зямлёй», пачалі рэгулярна атрымліваць зброю, атрымалі рацыю». 
Па ўказанні Віцебскага падпольнага абкама партыі 28 жніўня 1942 года на базе іх і яшчэ аднаго атрада ўтварылі брыгаду Дубава (назвалі па мянушцы камандзіра. – Заўв. аўт.), узначаліў якую той самы былы старшыня сельсавета, які ўбачыў у Корані аднадумцу, Фёдар Дуброўскі. Неўзабаве ў брыга­дзе арганізавалі новыя атрады – Корань трапіў радавым партызанам у 4-ты. 
Як сведчаць дакументы, у красавіку 1943-га былога настаўніка прызначаюць камандзірам аддзялення, а пасля ўтварэння лепельскай брыгады імя Сталіна, у склад якой увайшоў і атрад Аляксандра, старшы сяржант Корань стаў яго паліткіраўніком. 
– У музеі захоўваюцца і занатаваныя па расповедах Аляксандра Аляксеевіча баявыя эпізоды яго біяграфіі, – працягвае Святлана Мацкевіч і прыводзіць адзін з іх:  – «Аднойчы я атрымаў заданне замініраваць дарогу. Група 12 чалавек.  Гэта былі добрыя таварышы. Добра памятаю Мікалая Качана, Івана Клопава, а больш за ўсіх запомнілася бясстрашная кулямётчыца Зіна Качан. Да дарогі падышлі непрыкметна. Па ёй ішлі бесперапынным патокам войскі і тэхніка, пра закладванне мін і думаць не было чаго. <…>. Калі дарога на час стала пустой, мы заклалі міны, і як толькі яны спрацавалі, пачалі паліваць немцаў градам куль. <…>». 
– Неаднойчы ўдзельнічаў наш Аляксандр Аляксеевіч і ў «рэйкавых войнах», трымаючы там баі, – дадае кіраўнік школьнага музея.
Пра партызанскі шлях і рысы характару ветэрана расказвае і яго баявая характарыс­тыка:

02.jpg

«… Удзельнічаў у 30-ці баявых аперацыях, дзе праяўляў смеласць і знаходлівасць, а таксама ўменне ў кіраўніцтве ўзводам. <…> Камандаваннем атрада т. Кораню аб’яўлена 4 падзякі. <…>».
Пасля злучэння партызанскай брыгады з часцямі дзеючай арміі Корань вярнуўся на родную Ушаччыну. Жыў спярша ў Судзіловічах, а пасля пажару, у якім згарэла яго хата, пераехаў у в. Мазуля.
Пазней лёс прывёў яго на Астравеччыну – тут у в. Міхалішкі Аляксандр Аляк­сеевіч працаваў настаўнікам пачатковых класаў.
Медалі «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За перамогу над Герма­ніяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», а таксама юбілейныя ўзна­гароды былога партызана бераж­ліва захоўваюцца ў школе.
Вясной Аляксандр Корань нарадзіўся, вясной далучыўся да народных мсціў­цаў, каб абараняць Радзіму, – і вясной завяршыў свой зямны шлях: ветэран пайшоў з жыцця 17 мая 1986 года. 
 

Фота з архіва Міхалішкаўскай СШ.




Текст: