Контрактная служба для призывников

13:02 / 26.02.2023
У якіх выпадках замест тэрміновай службы можна прайсці кантрактную, куды звяртацца, а таксама пра іншыя нюансы расказвае начальнік групы прызыву райваенкамата Рыгор Дземідовіч. 

 – З чаго пачаць прызыўніку, які хоча служыць па кантракце?
– Вызначыцца, дзе і кім хацеў бы служыць. Тут можа быць некалькі варыянтаў.
Першы. Калі юнак хоча даведацца, якія структуры і на якіх умовах бяруць на кант­ракт, пра вакантныя пасады ў іх, альбо вагаецца ў выбары паміж рознымі родамі войскаў, яму ўсё раскажуць у ваенным камісарыяце па месцы рэгістрацыі – не залежна ад таго, у якім рэгіёне хоча праходзіць службу прызыўнік. Калі малады чалавек не можа вызначыцца, па якой спецыяль­насці хацеў бы служыць, то ў працэсе размовы з ім, зыходзячы з яго інтарэсаў, уменняў, прафесіі, таксама дапаможам парадай.
Другі варыянт – прагледзець інфармацыю на сайце Міні­стэр­ст­ва абароны. І, вызначыўшыся, звярнуцца ў выбранае падраз­дзяленне.
Трэці варыянт – звярнуцца непасрэдна ў меркаванае месца службы, да прыкладу, вайсковую часць, наконт наяўнасці вакансій для прызыўнікоў кантрактнай службы.
– Малады чалавек вызначыўся з выбарам месца службы. Што далей? 
– Патэлефанаваць або з’ездзіць туды. З прызыўніком правядуць субяседаванне, раскажуць пра вакансіі, умовы праходжання службы і дадуць накіраванне. З гэтым дакументам юнак ідзе ў ваенкамат, дзе аформяць карту медыцынскага абследавання і накіруюць на ваенна-ўрачэбную камісію. Атрымаўшы заключэнне мясцовай камісіі аб годнасці, малады чалавек ужо па накіраванні часці адправіцца ў ведамасны шпіталь – там дадуць выніковае заключэнне.
– Што трэба акрамя медкамісіі? 
– Сабраць неабходныя дакументы – іх пералік дадуць па месцы будучай службы, там жа прайсці прафесійна-псіхалагічны адбор.
І толькі пасля гэтага атэстацыйная камісія дасць канчатковае заключэнне, падыходзіць чалавек ці не да службы па кантракце.
– У чым асаблівасці кантрактнай службы? 
– Тэрмін будзе складаць 2 гады, незалежна ад узроўню адукацыі. У кантрактнікаў 5-дзённы тыднёвы графік з двума выхаднымі, аднак у разлік не бяруцца вучэнні, баявыя стрэльбы і іншыя мерапрыемст­вы. Пражыванне дома альбо ў службовым жыллі. Дастойнае грашовае, поўнае рэчавае і медыцынскае забеспячэнні. Выпускнікам сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў тэрмін службы ідзе ў залік тэрміну абавязковай адпрацоўкі.

ЛІЧБА восеньскага прызыву 2022 года:

9 чалавек пайшло на кантракт у органы пагранічнай службы,

4 – у органы МУС.



Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо