Данута Лукашэвіч малюе карціны іголкай
09:46 / 26.07.2022
Жанчына захапілася вышыўкай у маладосці і з таго часу імкнулася стварыць свой стыль, удасканальваючы майстэрства. Спачатку яна ўпрыгожвала адзенне і сурвэткі вытанчанымі і незвычайнымі ўзорамі, а пасля захапілася вышыўкай карцін. Гэта зачароўвала, супакойвала. Кожная работа Дануты Мечыславаўны адметная і непаўторная, бо ў кожную яна ўкладвае часцінку сваёй душы.
Лікі святых, пейзажы, нацюрморты – тэматыка карцін у жанчыны разнастайная. Шмат ідэй яна чэрпае з навакольнага свету. Часам, гледзячы на яе работы, здаецца, што трапіў на вясенні луг ці шпацыруеш па бяскрайнім лесе. Нешта «падказваюць» часопісы. Ведаючы пра захапленне Дануты Мечыславаўны, бібліятэкар прапануе для яе навінкі гэтых выданняў.
Большасць карцін жанчына дорыць сябрам, родным і знаёмым. Нямала работ упрыгожваюць дом майстрыхі – там іх убачыў мясцовы бібліятэкар і прапанаваў арганізаваць выставу. Вышываныя творы Дануты Лукашэвіч выклікалі захапленне наведвальнікаў. На што жанчына сціпла зазначае: «Малюю не я – малюе іголка…»



Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ, Астравецкая раённая бібліятэка.