Каго з астравецкіх пісьменнікаў ведаюць і любяць землякі
«Напісаць сачыненне на пачатку верасня – захапляльная прапанова, – піша Марыя Васілёнак. І дадае: – Успомніліся радкі з артыкула «Літаратурная рунь Астравеччыны». Рунь узнялася, налілася важкім коласам і сёння дае небывалы дагэтуль ураджай. Цяжка пералічыць усіх, хто друкаваўся і зараз друкуецца на старонках раённай газеты. Зразумела, што далёка не ўсе з іх увойдуць у гісторыю нават нашай маленькай радзімы. Тым не менш, яны – творцы, і няхай паспрабуюць паспрачацца са мной тыя, хто сам ніколі не напісаў ніводнага радка».
І ўсё ж Карына Стаповіч паспрабавала «объять необъятное» і ўзгадаць пра як мага больш творчых людзей, якіх яна аднесла да літаратараў, пачынаючы ад Іосіфа Гашкевіча і заканчваючы аўтарамі, творы якіх час ад часу з’яўляюцца на «Літаратурнай старонцы» нашай газеты. Яна назвала больш за 30 прозвішчаў – і пра кожнага пастаралася расказаць. Вялікая праца, хоць месцамі не зусім дакладная: таго ж Францыска Скарыну, пры ўсёй павазе да яго і аўтара конкурснай работы, цяжка «прывязаць» да Астравеччыны, хоць ёсць даволі спрэчнае меркаванне, што падчас сумеснай з Альбрэхтам Гаштольдам работы над Статутам Вялікага Княства Літоўскага першадрукар мог бываць у астравецкім маёнтку.
Іншыя канкурсанты знайшлі прыймальную для сябе лазейку ў заданні: расказаць не пра ўсіх астравецкіх пісьменнікаў, а пра самых вядомых ці любімых – вызначыцца можна было самастойна.
Марыя Васілёнак большую частку конкурснай работы прысвяціла паэту Рычарду Бялячыцу.
«Я мала ведала яго ў школе, – працягвае Марыя Васілёнак. – У паралельных класах Варнянскай СШ мы вучыліся толькі два гады. Але на яго цяжка было не звярнуць увагу: высокі, прывабны. Вучыўся на «добра» і «выдатна». Меў цудоўны голас, саліраваў на школьных канцэртах. Пазней даведалася, што ўжо ў школе Рычард пісаў вершы, паказваў іх Валянціне Коўтун, якая два гады настаўнічала ў Варнянах. Бялячыц адразу пасля школы паступіў у педінстытут на літаратурна-музычны факультэт. Працаваў настаўнікам, інспектарам у аддзеле адукацыі, карэспандэнтам «Астравецкай праўды». Праз некаторы час лёс закінуў Бялячыца на Шчучыншчыну. Менавіта тут адзін за другім сталі выходзіць яго паэтычныя зборнікі. У адным з першых «Міг выратавання» прагучала: «…у душах словы зачынаюцца». Радкі, што выліваюцца на паперу – то голас душы, таленавіты, самавіты. І родная Астравеччына і Стаўбуры з водарам півоняў ды астраў, дзе «сышлі баравікі з дзяцінствам разам» і дзе «расхінуцца незнарок зялёныя фіранкі елак уздоўж заспоеных дарог»…
Марыя Карлаўна зрабіла падрабязны агляд творчасці Рычарда Бялячыца, прааналізавала яго вершы – на жаль, рамкі гэтага артыкула не дазваляюць змясціць яго цалкам. Магчыма, для гэтага яшчэ з’явяцца і нагода, і месца.
«Наша Астравеччына дала талент многім мастакам слова. У мурожных лугах, зялёных лясах ці на ціхіх вулічках чэрпалі яны натхненне, знаходзілі тэмы і вобразы. Літаратурнае жыццё Астравеччыны – насычанае і маляўнічае, рознажанравае і своеасаблівае», – пішуць Тарэса Бабіч і Юлія Заруба.
Заўсёды вельмі асабістыя і шчырыя допісы ў Наталлі Блахіной. На гэты раз яна прызналася, што доўга не магла рашыцца, пра каго пісаць. А потым зазірнула ў хатнюю бібліятэку, знайшла там кнігі з аўтографамі аўтараў – і пытанне было знята. Значную частку сваёй конкурснай работы Наталля Блахіна прысвяціла Аляксандру Харытонаву – аўтару некалькіх кніг вершаў, чалавеку з няпростым жыццёвым лёсам.
Вячаслаў Саковіч узгадаў не толькі літаратараў мінулых часоў: Казіміра Сваяка, Янку Быліну і іншых, але і сучасных пісьменнікаў, у прыватнасці, кіраўніка літаратурнага аб’яднання «Астравецкай зямлі галасы» Аляксандра Марозава, а таксама аўтараў, творы якіх увайшлі ў калектыўны зборнік «Нам – 17».
Дэбютантка нашага конкурсу Вікторыя Вараб’ёва назвала сваё сачыненне на зададзеную тэму: «Астравецкія пісьменнікі: каго і за што люблю» і выказала словы ўдзячнасці пашаны людзям, якія сталі для яе, па ўласным прызнанні, захавальнікамі памяці, паказалі, што гісторыя – гэта не нешта далёкае і забытае, што яна знаходзіцца побач з намі: у старых кнігах, будынках, вуліцах.
Вікторыя ўзгадала многіх выбітных асоб, якія складаюць гонар нашага краю, у прыватнасці, паэта і публіцыста Старога Уласа (Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі), які не толькі быў пісьменнікам, але і цікавіўся фальклорам, збіраў і захоўваў тое, што магло знікнуць у плыні часу. «Яго творчасць дапамагае ўсвядоміць, што гісторыя Беларусі складаецца не толькі з вялікіх падзей і вядомых імёнаў – яна жыве паўсюль: у народнай песні, у родным слове, у памяці нашых продкаў», – піша Вікторыя Вараб’ёва.
Практычна ўсе канкурсанты ў сваіх допісах узгадалі і мае творы, некаторыя прааналізавалі іх вельмі глыбока – дзякуй вялікі за ўвагу да маёй творчасці, гэта насамрэч вельмі прыемна, бо кожнаму пісьменніку важна ведаць, ці знаходзяць яго словы водгук у тых, дзеля каго ён піша, з кім дзеліцца запаветным.
Гэты этап конкурсу прапусціла адзін з яго лідараў Аляксандра Працута – вельмі шкада, бо яе работы заўсёды вылучаліся грунтоўнасцю, дакладнасцю і навуковым падыходам.
Сярод іншых удзельнікаў балы на гэты раз размеркаваліся наступным чынам: Наталля Блахіна і Марыя Васілёнак – па 5, Карына Стаповіч, Вікторыя Вараб’ёва, Вячаслаў Саковіч і тандэм Бабіч-Заруба – па 4.
