Каго аштрафуюць на жніве, як не заблудзіцца ў лесе, чаму дрэнная дарога на Заборцы –

12:00 / 22.07.2022

З дня на дзень пачнецца ўборачная кампанія – для аграрыяў дарагая кожная хвіліна. Таму інфармацыйная група на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў прыехала на рамонтна-механічныя майстэрні КСУП “Міхалішкі” з самай раніцы. На парадку дня было некалькі пытанняў: бяспека людзей летам, супрацьдзеянне карупцыі, дасягненні Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе яе развіцця.

Старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Мікіта Савіцкі адзначыў, што ў беларускім заканадаўстве карупцыя вызначаецца, як наўмыснае выкарыстанне службовага становішча з мэтай супрацьпраўнага атрымання маёмасці ці іншай выгады, а таксама подкуп службовай ці прыраўнянай да яе асобы. Спікер расказаў пра адказнасць за карупцыйныя дзеянні і падрабязна спыніўся на захаванні правілаў дарожнага руху, што асабліва актуальна з пачаткам масавага жніва.

– У тэхніцы, што задзейнічана на ўборцы, павінны быць спраўнымі светлавыя прыборы і гукавы сігнал, пройдзены тэхнічны агляд. Нагадаю: рух па дарогах агульнага карыстання камбайнаў з не знятай жаткай забаронены. За перавоз збожжа ў прычэпе, не накрытым тэнтам, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, як і за допуск працаўнікоў да работы без перадрэйсавага агляду, – нагадаў асноўныя моманты, на якія варта звярнуць увагу аграрыям, Мікіта Савіцкі.

Калі для хлебаробаў лета – гэта час напружанай працы, то для іншых, наадварот, – адпачынак. Намеснік начальніка Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Радомскі нагадаў правілы паводзін на вадзе. Невыпадкова: з пачатку года ў Гродзенскай вобласці пры купанні загінула 20 чалавек, у тым ліку адно дзіця. Выратавальнік нагадаў, што прычынамі пажараў у лясах і на і тарфяніках у 9 з 10 выпадкаў з’яўляецца чалавек, і параіў, што рабіць, калі вы заблукалі ў лесе.

Завяршыла Дзень інфармавання насельніцтва старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.

– Нядаўна мы адзначалі адно з самых важных свят – Дзень Незалежнасці. Наша суверэнная Беларусь піша сваю гісторыю крыху больш як 30 гадоў, але за гэты час дасягнута вельмі шмат. Нам ёсць чым ганарыцца, – адзначыла Ірына Эдуардаўна. – Развіццё прамысловасці і атамнай энергетыкі, стварэнне новай сельскагаспадарчай тэхнікі, перадавыя інфармацыйныя тэхналогіі, даступная і бясплатная адукацыя і медыцына – гэта далёка не поўны пералік. Самае галоўнае –наша дзяржава па-ранейшаму прытрымліваецца сацыяльна-арыентаванага курсу развіцця, дзякуючы якому кожны з нас можа працаваць, адпачываць і спакойна гадаваць дзяцей.

Напрыканцы сустрэчы працаўнікі КСУП “Міхалішкі” агучылі хвалюючыя іх пытанні. Гэта стан дарогі ў вёсцы Заборцы, графік дастаўкі звадкаванага газу ў балонах і іншыя.





Текст:
Фото: Алёна Ганулич