Якім было надвор’е 20-26 ліпеня
08:29 / 20.07.2022
Спякота, якая выпрабоўвала людзей на трываласць, спала, камфортныя сонечныя, хоць і халаднаватыя дні з частымі дажджамі, можа, і не вельмі падабаюцца аматарам пляжнага адпачынку, затое радуюць дачнікаў.
Пра тое, якім было надвор’е ў перыяд з 20 па 26 ліпеня, можна даведацца з дзённікаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі.
Яны сведчаць, што ў 1989, 1990, 1991, 1996, 2013 гадах сонца таксама не вельмі прыпякала «макаўку лета». Тэмпература ў гэты час была ад +150С да +220С, амаль штодня ішлі дажджы, часам з навальніцамі. «З-за дажджу ўжо тры тыдні дома немагчыма нічым заняцца», – запісаў 21 ліпеня Стэфан Рамэйка.
А ў 1992, 1999, 2003 гадах у першай палове аналізуемага тыдня, у 2002, 2004, 2011 гадах – напрыканцы яго, а ў 2010 і 2021 гадах усе дні з 20 па 26 ліпеня было вельмі горача: на тэрмометры кожны дзень – больш чым +300С. «Вельмі горача. Усё гарыць. Засуха», – запісаў 22 ліпеня 1992 года Стэфан Рамэйка.
Сёлета ў ноч з 13 на 14 ліпеня тыя, каму з-за розных прычын не спалася, маглі назіраць цудоўную з’яву – так званае «суперлуние», калі вялізная поўня прыгожым спелым яблыкам вісела над гарызонтам і, здавалася, была гатова ўпасці ў рукі тым, хто падыме іх вышэй…
НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ
Дождж у першай палове дня 25 ліпеня «варажыў» на такі ж дажджлівы і слотны пачатак зімы.
Халодны ранак 26 ліпеня абяцаў, што зіма выдасца ранняй і халоднай.
Дарэчы, народная прыкмета пра тое, што зязюля кукуе толькі да Пятра, сёлета не спраўдзілася: яна падае свой голас да гэтага часу. Станіслаў Памецька гаворыць, што з-за позняй і халоднай вясны ўсё паспявае на два тыдні пазней – вось і ячменны колас, якім «давіцца» і перастае куваць зязюля, яшчэ, мусіць, не паспеў.
![](/upload/sotbit.htmleditoraddition/019/jc2fn308mbk42arlpe8726dcfr5t26ja/1.jpg)
Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК.