Як маці двух астравецкіх воінаў-інтэрнацыяналістаў Марыя Замара чакала сыноў з вайны
09:12 / 15.02.2022
На працягу чатырох гадоў – з верасня 1982-га па жнівень 1986-га – сэрца Марыі Станіславаўны Замара не ведала спакою ні днём, ні ноччу: адзін за другім пайшлі служыць у Афганістан двое сыноў – спачатку Юра, а затым Стась.
Станіслаў з сябрамі (крайні справа)
«Жыла, як усе: вучылася, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей…».
Сваё жыццё жанчына лічыць самым звычайным. Нарадзілася яна ў 1943 годзе ў вёсцы Скірсціны Ашмянскага раёна, ад якой цяпер засталася толькі назва ды чорныя «вочкі» пустуючых хат. Хадзіла ў школу за 6 кіламетраў, дапамагала бацькам па гаспадарцы і марыла пра шчаслівую будучыню.
Амаль кожную нядзелю Марыя прыходзіла да касцёла ў мястэчка Гудагай. А ўжо да фэсту яны з сяброўкамі загадзя старанна рыхтаваліся – гэта ж такая ўрачыстасць! Мабыць, дзяўчына падсвядома адчувала, што адно з такіх святаў стане пераломным у яе лёсе. Менавіта на фэсце ў Гудагаі яна ўпершыню адчула на сабе зацікаўлены позірк мясцовага хлопца. Яны перакінуліся некалькімі словамі, завязалася знаёмства, пачаліся спатканні – і праз некаторы час Марыя пачула ад Эдуарда пранікнёнае і шчырае: «Выходзь за мяне…».
Жыць маладыя сталі ў мястэчку ў бацькоўскай хаце мужа. І хутка іх сям’я павялічылася: у Замараў нарадзіўся першынец.
– Дзяцей у мяне трое, і ўсе сыны, – з гонарам расказвае Марыя Станіславаўна. – У 64-м нарадзіўся Юра, праз 2 гады – Стась, а ў 71-м – Саша. Вядома, трое хлопчыкаў у адной хаце: часам хуліганілі, сварыліся, але ў асноўным жылі дружна. Такіх шыкоўных цацак, як цяпер у магазінах прадаюць, тады не было, ды наўрад ці маглі б мы сабе іх дазволіць. Дык, памятаю, мае хлопцы наробяць сабе драўляных аўтаматаў і пісталетаў – і носяцца вакол хаты, як угарэлыя. Гэта ж у вайну так гулялі. (Усміхаецца.) А прыйшоў час – сапраўдную зброю давялося ў рукі ўзяць. Ох, колькі ж я тады наплакалася, колькі перажыла – усе сцежкі былі мокрыя ад слёз. А ўжо як паштальёна ўбачу – сэрца, здаецца, выскачыць з грудзей: і хочацца вестачку ад сынкоў атрымаць, і страшна… А раптам пахаванка?
Адправіўшы ў армію аднаго за другім двух сыноў, Марыя Станіславаўна атрымала ад іх аднолькавыя з розніцай у паўтара гады весткі: «Мама, ты толькі не хвалюйся, але мяне накіроўваюць у Афганістан».
«Тады ўсе думалі, што гэта ненадоўга… Але дэмбелю нашы дачакаліся толькі ў 1989-м…».
Першым атрымаў павестку Юрый. Да гэтага ён год адпрацаваў на заводзе «Радыёдэталь», але маральна рыхтаваўся да «ботаў» – пайсці ў армію лічыў святым абавязкам. У верасні 82-га, развітаўшыся з роднымі і сябрамі, Юра з іншымі навабранцамі паехаў у Гродна. З Іосіфам Канстовічам і Іванам Ліпскім яны былі землякамі і добра ведалі адзін аднаго, але пазней іх шляхі разышліся. Ужо пасля Замара даведаўся, што яны ўсе трое трапілі ў Афганістан і тое, што Іосіф не вярнуўся дадому жывым.
З Гродна Юрыя накіравалі ў Мар’іну Горку, там пасадзілі на цягнік – і праз 5 сутак хлопец быў у Ёлатані (Туркменія). А 17 снежня яны на самалёце адправіліся ў Афганістан.
– Служыў у Кандагары, хаця гэта не зусім дакладнае абазначэнне, бо наша часць размяшчалася за горадам – за 40 кіламетраў ад граніцы з Пакістанам, – успамінае Юрый Эдуардавіч. – Пра ваенныя дзеянні ў Афгане мы ўжо ведалі, але там, на месцы, многае заставалася незразумелым. Жылі ў вялікіх, чалавек на 50, а то і больш, палатках. Днём «смажыліся» на спёцы, ноччу палілі печкі, каб сагрэцца. Зімы ў Кандагары наогул няма. Здавалася б, колькі да таго Кабула: аднак там – снег ляжыць, а тут – увесь год сонца. А горы! Здаецца, далёка-далёка, а паедзеш – і вось ужо па іх блукаеш. Нязвыкла…
– Мясцовыя жыхары на нас спачатку спадылба глядзелі, – працягвае воін-інтэрнацыяналіст. – Пакуль з імі размаўляеш, усміхаюцца табе, ківаюць галавой: «Душ, душ!» – гэта значыць, сябар. А як застаюцца адны – і ўжо іншае кажуць: «Шураві (саветы) – капут! Шураві трэба забіваць!» Маджахеды ёсць маджахеды – прага да вайны ў іх у крыві. Тады многія мае аднапалчане думалі, што Афган – гэта ненадоўга, а ў выніку дэмбель для ўсіх нашых хлопцаў надышоў толькі ў 1989-м.
– На баявыя заданні я рэдка хадзіў – загінулых хаваў. А гэта яшчэ горш, – мой суразмоўца замаўкае. – Ніколі не забуду сваё баявое хрышчэнне: прывезлі мяне аднаго прапаршчыка апазнаць. Вынеслі яго цела з нейкага склепа і кажуць, маўляў, здымай з яго плашч-накідку і кажы – ён ці не. А я ж першы раз на такім заданні: кажуць, здымай і глядзі – з лёгкасцю так і зрабіў. А там… І цяпер перад вачыма гэты прапаршчык стаіць. Як пачало мяне трэсці, слова доўга вымавіць не мог. Пасля, праўда, адпусціла. Забітых было шмат. У фольгу іх закручвалі, дакументы афармлялі – і дадому адпраўлялі. Не хочацца пра гэта ўспамінаць, але і забыць немагчыма. Канешне, Афганістан паўплываў на станаўленне і характар – дадому я вярнуўся іншым.
Юрый Замара дэмабілізаваўся 17 кастрычніка 1984 года. На самалёце даляцеў у Ташкент, адтуль – да Вільнюса і праз некалькі гадзін ужо быў дома.
А ў гэты час яго брат толькі пачынаў служыць...
«Цікавага было шмат, але расказваць няма чаго…».
Станіслаў Замара адправіўся ў армію ў красавіку 1984-га. Спачатку была вучэбка ў Самаркандзе (Узбекістан), а пасля навабранцаў давезлі да граніцы з Афганістанам і на верталёце пераправілі на поўнач краіны – у горад Кундуз.
– З Гродзенскай вобласці 14 чалавек было, – успамінае Станіслаў Эдуардавіч. – У Кундузе я ў верталётным палку служыў. Там яшчэ Сашка Андралойць быў – толькі ён у дывізіі, а я ў палку – яны на адлегласці адзін ад другога знаходзіліся, і мы не перасякаліся. У мае абавязкі ўваходзіла ахова верталётаў. А Юрка, старэйшы брат, у гэты час у Кандагары служыў – мы з ім перапісваліся, а праз 4 месяцы і мяне туды перавялі. Праўда, мы толькі каля тыдня ў адным горадзе пабылі: я ў кастрычніку прыехаў, яго ў гэтым жа месяцы дадому адправілі. На новым месцы службы я быў вадзіцелем у баявым атрадзе прапаганды і агітацыі, скарочана – агітатрад. У яго складзе была медсястра, перакладчык. Мы ездзілі па кішлаках, раздавалі мясцовым жыхарам прадукты, аказвалі медыцынскую дапамогу і вялі перагаворы, тлумачачы, што мы прыйшлі з мірам і не трэба абстрэльваць савецкія войскі. Удзельнічалі, канешне, і ў баявых аперацыях, траплялі ў розныя сітуацыі, але пра гэта расказваць не варта.
– Дарэчы, са мной разам астраўчанін Алег Фядук служыў, яго на год пазней прызвалі, – працягвае суразмоўца. – На жаль, некалькі гадоў назад памёр… З нашых 12-ці чалавек, якія былі ў атрадзе, усе вярнуліся дадому жывымі. На шчасце, абышлося без раненняў. Я праслужыў 28 месяцаў. Дэмабілізаваўся 8 жніўня. Дадому разам з таварышам, перакладчыкам нашым, ехалі – ён у Маскве жыў. Дык мы адразу на баявым самалёце да Ташкента, а пасля – у расійскую сталіцу. Там некалькі дзён у сябра пагасціў, а затым на Вільнюс – і дадому.
Юрый з сябрамі (крайні злева)
Станіслаў Эдуардавіч вярнуўся ў жніўні 1986-га. І радасці Марыі Станіславаўны не было межаў: сыны адслужылі, вярнуліся, жывыя…
Аднак што давялося перажыць жанчыне за «тыя» 4 гады, толькі ёй вядома. А, між іншым, яна і зараз памятае, як балюча пранізала сэрца вестка, што Іосіф Канстовіч, які пайшоў у армію разам з яе Юрам, вярнуўся дадому ў цынкавай труне. Жанчына была на могілках, калі яго хавалі, і моцна плакала, спачуваючы маці загінулага і молячы Бога за сваё дзіця. Марыя Станіславаўна бачыла, як вярнуўся параненым з Афганістана Іван Ліпскі – і зноў бяссонныя ночы: «Як там сынок?» Калі ўслед за Юрам у Афганістан трапіў Стась, думала, не вытрывае. Але, на шчасце, дачакалася і яго.
Пякельны Афган двойчы клікаў да сябе братоў Замараў – і двойчы вярнуў назад. Напэўна, мацярынскае сэрца не толькі чуллівае, адданае і неверагодна любячае, яно яшчэ вельмі моцнае – настолькі, што нават праз тысячы кіламетраў сіла яго любові здольная засцерагчы дзяцей ад бяды.
На целе планеты – адкрытая рана…
Зіяе, іскрыцца, як прорва, як тонь.
Няма болей побач ахвяраў Афгана,
Гараць вашы сэрцы як вечны агонь.
Не бегчы вам, любыя, болей ніколі
Дарогамі-сцежкамі роднай зямлі.
Не рваць васількоў для каханай у полі –
Крывёю паліты чужыя палі.
Магутныя рукі не здолеюць гушкаць
Дачушку ці сына на золаку дзён.
Зямля стала коўдрай, каменне – падушкай,
Камлі сцерагуць непрабудны ваш сон.
Вятры пахаванні штодзённа прастудзяць,
Святло і каханне край гэты міне.
Больш пеўні на зорцы ў час не абудзяць,
А сонечны промень за твар не кране.
У працы вы больш не праявіце сілу,
І маці не здольны абняць вы ніяк.
Без часу палеглі вы мужна ў магілы,
Жыцця не адчуўшы прыязнасць і смак.
На целе планеты – адкрытая рана…
Аплачуць дажджы ўсіх ахвяраў вайны.
Падзякуем сёння салдатам Афгана,
Вы спіце ў спакоі, планеты сыны.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.