Семінар па лесааднаўленні прайшоў у Астраўцы
Лясная гаспадарка – адна з самых паспяховых і эфектыўных галін народнай эканомікі. Па вялікім рахунку, пры правільным яе вядзенні магчыма бясконцае лесакарыстанне. Тэмам лесааднаўлення, вырошчвання лясных культур і ўводзе іх у катэгорыю каштоўных быў прысвечаны абласны семінар, які прайшоў на базе Астравецкага доследнага лясгаса і лясніцтваў.
Абмеркаваць адну з самых галоўных тэм – аднаўленне лясоў і новыя падыходы і тэхнікі – у Астравец прыехалі галоўныя ляснічыя і інжынеры па лесааднаўленні Гродзенскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і лясгасаў. Першая частка семінара была практыкаарыентаванай.
– Тэма, звязаная з вырошчваннем культур – асноўная для лясной гаспадаркі, – адкрываючы семінар, сказаў генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Андрэй Дзівін. – Улічваючы тыя негатыўныя моманты, з якімі мы сутыкаліся цягам апошніх двух гадоў, яна набывае асаблівую актуальнасць. Дысцыпліна ў пытаннях вырошчвання культур, як ні ў адным з іншых накірункаў лесагаспадарчай дзейнасці, аснова ўсяго. Не будзе тэхналогіі – не будзе лясных культур. Спадзяюся, што семінар стане пляцоўкай для абмену досведам, меркаваннямі і поглядамі.
Галоўны ляснічы Астравецкага доследанага лясгаса Віктар Лях лічыць, што асноўнае – гэта недапушчэнне парушэнняў у пытаннях лесааднаўлення. А яны ў сваю чаргу залежаць ад своечасовага выканання шэрагу мерапрыемстваў, пачынаючы ад пасадкі лясных культур, доглядзе за імі да іх уводу ў катэгорыю гаспадарча-каштоўных.
Асаблівую цікавасць у лесаводаў выклікала тэхніка, якая прымяняецца для догляду за ляснымі культурамі: дыскавыя бароны розных мадыфікацый, кольчатая барана, ротарная касілка-здрабляльнік і іншае. Дырэктар завода камунальнай тэхнікі (г. Драгічын) Ігар Ахрэмчык падрабязна расказаў пра перавагі і нюансы кожнай машыны, а трактарысты прадэманстравалі іх у рабоце. Напрыклад, кольчая барана прызначана для догляду за ляснымі насаджэннямі ад адна – да пяцігадовых культур на высечках. Яна рассякае карані кустоўя і знішчае пустазелле ў міжраддзі. Дарэчы сказаць, любую лясную тэхніку гэтага завода можна бясплатна ўзяць для тэсціравання і ацэнкі выніковасці.
На аб’ектах Астравецкага, Катлоўскага доследна-вытворчага і Палушскага лясніцтваў удзельнікі даведаліся пра тэхналогію абароны лясных культур з выкарыстаннем рэпелента, іх дапаўненне буйнамерным пасадачным матэрыялам з дапамогай мотабура.
У другой частцы семінара былі падведзены вынікі і намечаны планы ў далейшай рабоце. Лесаводы ў чарговы раз упэўніліся, што будучае лясной галіны – за комплекснай механізацыяй.