Студэнцкі атрад у забруджанай зоне: успамінае Ірына Раткевіч
Расказвае Ірына Раткевіч, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.
– Вясной 1986 года я, тады яшчэ Ірына Дзяцюк, заканчвала першы курс Мазырскага педагагічнага інстытута. Падчас доўгіх майскіх выхадных мы з лозунгамі і транспарантамі прайшлі па цэнтральнай плошчы горада ў святочнай першамайскай дэманстрацыі, затым сваім турыстычным клубам адправіліся ў паход па ўзбярэжжы Прыпяці. Начавалі ў палатках, спявалі песні ля вогнішча, хлопцы купаліся ў рэчцы…
У панядзелак прыйшлі на заняткі – па інстытуце ўжо паўзлі чуткі пра аварыю на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Не скажу, што стала страшна – мы свята верылі таму, што пісалі ў газетах і гаварылі па тэлебачанні, а там спачатку ўвогуле было ціха, а пасля афіцыйныя асобы сцвярджалі, што сітуацыя пад кантролем. Ды і здавалася, што Мазыр ад Чарнобыля далёка, хоць адлегласць складала нейкую сотню кіламетраў. Напалохала толькі паведамленне, што загадалі зрабіць дзецям біркі на ручку з указаннем імені, прозвішча, узросту, адраса – на выпадак раптоўнай эвакуацыі. Абышлося без адсялення.
Здалі сесію, пачалі фарміраваць будаўнічыя атрады. Яны тады былі вельмі папулярныя: магчымасць падзарабіць, атрымаць гарантаванае месца ў інтэрнаце ці нават стыпендыю, калі хто не вельмі добра здаў сесію – гэта прываблівала студэнтаў.
Мы з аднакурсніцамі трапілі ў сельскагаспадарчы студатрад. Куды паедзем, не ведалі. Прывезлі ў Хойніцкі раён, саўгас “Судкова”. Частка дзяўчат працавала на ўборцы гародніны – збіралі памідоры, агуркі, зялёны гарошак. Нас адправілі на ферму: двое даглядалі цялят, мы з сяброўкай даілі кароў. Там, акрамя загадчыка, засталося толькі дзве немаладыя даяркі, маладых жанчын з малымі дзецьмі вывезлі з раёна.
Дзяўчына я вясковая, карову даіць умела. Але ж работа на ферме – зусім іншая справа! Даілі апаратамі. Але не толькі дойкай займаліся. Трэба было выявіць кароў у ахвоце, не пусціць такую на пашу, прывязаць на рог чырвоную стужку – знак для тэхніка-асемянатара. Нават роды ў каровы прымала! Страшна было – але справілася…
Дырэктар саўгаса Мікалай Садчанка папрасіў навесці парадак на ферме – зрабілі з задавальненнем. Паклікалі на дапамогу мясцовых хлопцаў, усё пабялілі, пафарбавалі, падмялі – прыемна было зайсці. Самі замест чорных рабочых халатаў апраналі свае, беленькія, на нагах – сланцы. Фарсілі!
Мікалай Іванавіч узяў нас пад асабістую апеку. На танцы мы не паспявалі – вячэрняя дойка заканчвалася пасля поўначы. Дык па яго распараджэнні дзеля нас работу клуба прадоўжылі – да радасці ўсёй моладзі! Ён нас і на танцы не раз падвозіў. Хоць натанцавацца ўволю не паспявалі: ранішняя дойка пачыналася ў 5 гадзін, а трэба ж хоць трошкі паспаць.
Жылі мы ў інтэрнаце, харчаваліся ў саўгаснай сталоўцы. Кармілі добра, грэх скардзіцца, але ж хацелася нечага асаблівага… Гэтае “асаблівае” стаяла ў магазіне: згушчонае малако. Ой, як мы яго хацелася! Але смакату гэтую прадавалі толькі мясцовым! Ды аднойчы за нас заступіліся вясковыя жанчыны: “Яны ж таксама нашы, кароў саўгасных дояць!” Прадалі…
…Непадалёк ад фермы быў вялікі сад, дзе спелі яблыкі, грушы, абрыкосы. Нас папярэджвалі, што есці іх нельга, у крайнім выпадку – старанна мыць. Па першым часе слухаліся, а потым у лепшым выпадку абатрэш палой халата. І так хацелася адаслаць гэтыя сакавітыя плады бацькам – але пасылкі не прымалі…
Аднойчы нас павезлі ў Хойнікі на канцэрт “Песняроў”. Славуты ансамбль выступаў на гарадскім стадыёне. У агульнай масе шэрых і зялёных вайсковых форм толькі сям-там можна было ўбачыць яркую сукенку ці сарочку…
Працавалі мы ў саўгасе ліпень і жнівень. Калі адпраўлялі дахаты, дырэктар выпісаў Падзячныя лісты. Заплацілі добра: акрамя зарплаты, яшчэ і стопрацэнтную надбаўку, мясцовыя яе “грабавымі” называлі. Я столькі грошай ніколі ў руках не трымала! Купіла сабе паліто з пясцовым каўняром, астатнія маме адвезла – некалькі яе месячных зарплат. Яна расплакалася…
Ніякіх льгот за работу ў забруджанай зоне мы, вядома ж, не атрымалі: Судкова не ўваходзіла ў зону адчужэння ці адсялення, лічылася, што там усё чыста. Ды і не трэба ніякіх ільгот – галоўнае, што тыя 2 месяцы не паўплывалі на здароўе.
Сустракаючыся з аднакурснікамі ў юбілейныя даты, успамінаем наша студэнцкае лета 1986 года, вясковыя прыгоды, людзей, з якімі звёў лёс.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.