29 тур конкурсу “Пазнай Астравеччыну”
Як і чакалася, адзін са старэйшых і прыгажэйшых на Астравеччыне быстрыцкі Крыжаўздзвіжанскі касцёл пазналі ўсе нашы ўдзельнікі, хоць на конкурсным здымку былі прадстаўлены толькі фрагменты яго велічных ажурных вежаў.
У касцёла, як і ў самой Быстрыцы, багатая гісторыя.
Вёска, якая атрымала сваю назву ад рэчкі Быстрай, што ўпадае тут у шырокую Вілію, лічыцца адной з найстарэйшых не толькі ў нашым раёне, але і ў Беларусі, Быстрыца з’яўляецца гістарычным сэрцам Астравеччыны.
Лёс вёскі цесна звязаны са славутымі імёнамі Ягайлы і Вітаўта. З 1407-га Быстрыца належала Вітаўту і была цэнтрам Быстрыцкай воласці, а ў першай палове XVI стагоддзя паселішча было рэзыдэнцыяй віленскага ваяводы. Дарэчы, Быстрыца – адзіны населены пункт Астравеччыны, які быў пазначаны на карце, выдадзенай у 1613 годзе ў Амстэрдаме.
У 1390-м кароль Ягайла заснаваў у Быстрыцы адзін з першых у Вялікім княстве Літоўскім касцёлаў і запрасіў туды манахаў-канонікаў рэгулярных.
У 1523 годзе фундацыяй караля Жыгімонта Старога замест ранейшага драўлянага быў пабудаваны новы будынак касцёла, які ў 1760-м (па іншых звестках – у 1761 годзе) перабудаваў архітэктар Ёган Крыштаф Глаўбіц. З таго часу храм вядомы як касцёл Узвышэння Святога Крыжа, ці Крыжаўздзвіжанскі.
У 1865 годзе пасля падаўлення паўстання Каліноўскага быстрыцкі касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву – Святлана Марозава нават даслала рэдкі здымак вядомага храма з «цыбулінкамі» царкоўных купалаў. У гэтым статусе каталіцкі храм існаваў больш за 50 гадоў. У 1918-1926 гадах будынак вернуты католікам і рэканструяваны па першапачатковым прызначэнні.
Спрабавалі забраць храм і ў гады савецкай улады, але мясцовыя вернікі адстаялі свой касцёл – ён дзейнічаў нават пры адсутнасці святароў.
Быстрыцкі Крыжаўздзвіжанскі касцёл – помнік рэспубліканскага значэння.
Правільныя адказы на заданне 28 тура далі Ванда Вайшнаровіч – 2 балы (Рады зноў вітаць вас, шаноўная Ванда Міхайлаўна!), Святлана Марозава і Андрэй Ваўчок – па 3, Алег Драган, Жанна Волк-Леановіч, Вікторыя Іванцэвіч, Ганна Мілашэвіч, Алена Памецька, Кацярына Вараб’ёва, Марына Кімса – па 4.
Такім чынам, лідары ў нашым конкурсе ранейшыя: Алег Драган – 90 балаў, Марына Кімса – 88, Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч – па 84.
Дзе гэта, што гэта?
Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.
Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.