Тры родных гарады Віктара Зелянко
Амаль пяць гадоў працуе намеснікам старшыні райвыканкама Віктар Зелянко – але асоба яго мала вядома шырокаму колу жыхароў Астравеччыны. Што гэта за чалавек, якія ў яго карані, планы і мары, што ён любіць і чым захапляецца – пра гэта мы даведаліся, пагутарыўшы з Віктарам Мікалаевічам напярэдадні Дня будаўніка.
– Цікава: вас завуць гэтак жа, як вашага папярэдніка на гэтай пасадзе, Віктара Мікалаевіча Аксютчыка. Вас што, спецыяльна па імені падбіралі на гэтую пасаду?
– Сапраўды, так часам жартуюць калегі.
Хоць здараліся і анекдатычныя выпадкі. Віктар Мікалаевіч Аксютчык займаў гэтую пасаду, а я працаваў у 41-м трэсце – мы тады будавалі ферму ў Рытані і наша знаёмства было тэлефонным. «Прадстаўцеся», – просіць мяне суразмоўца. «Віктар Мікалаевіч», – адказваю. «Ды я ўжо 60 год Віктар Мікалаевіч – вас як завуць?» – чую, што трубка пачынае «закіпаць». Давялося тлумачыць, што мы – поўныя цёзкі.
Потым, калі я ўжо працаваў намеснікам старшыні райвыканкама, на рабочы нумар патэлефанавалі з Мінскай вобласці.
– Віктар Мікалаевіч?
– Так.
І далей чалавек пачаў успамінаць справы даўно мінулых дзён, дзякаваць за нейкую дапамогу – а я не магу ўцяміць, што да чаго. Нарэшце зразумеў: падзяка адрасавалася майму папярэдніку. Калі растлумачыў, суразмоўца доўга не мог паверыць, што на гэтай пасадзе ў Астравецкім раёне працуюць адны Віктары Мікалаевічы…
– А як вы апынуліся на гэтай пасадзе?
Ці, напэўна, лепш пачаць з больш далёкіх падзей: як вы ўвогуле апынуліся ў будаўніцтве?
– У мяне ніколі не было сумненняў наконт таго, кім быць. Заўсёды ведаў, што стану будаўніком, як бацька.
Я нарадзіўся і вырас у Шаркаўшчыне Віцебскай вобласці – сёння гэта адзін з самых, як прынята гаварыць, стагнацыйных раёнаў краіны. Хоць ён практычна не адрозніваецца ад Астраўца да пачатку будаўніцтва АЭС: такая ж колькасць насельніцтва, маляўнічая прырода – і адсутнасць прадпрыемстваў, дзе маглі б знайсці прымяненне сваім здольнасцям і сілам маладыя людзі.
Бацька мой усё жыццё працаваў у меліярацыі – гэтае прадпрыемства займалася, апроч профільных работ, яшчэ і будаўніцтвам. Ён быў прарабам, затым галоўным інжынерам, працаваў нават пасля выхаду на пенсію – да 67 гадоў.
Бацька для мяне заўсёды быў аўтарытэтам, таму пасля школы я, не задумваючыся, падаў дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. А праз два гады туды ж падаўся і малодшы брат. Цяпер ён жыве і працуе ў Наваполацку.
Дарэчы, не ведаю, парадокс гэта ці заканамернасць, але сем’і і ў мяне, і ў брата – амаль поўная копія бацькоўскай. Наша мама працавала настаўніцай матэматыкі – і ў нас з братам жонкі таксама настаўніцы, мая дык яшчэ і «матэматычка». Нездарма кажуць, што дзеці, свядома ці не, капіруюць свае сем’і.
Пасля ўніверсітэта я хацеў вярнуцца ў родную Шаркаўшчыну – яе неперспектыўнасць мяне не палохала. Але чамусьці запыт ва ўніверсітэт на маё размеркаванне арганізацыя, дзе я праходзіў практыку, рабіць не захацела. А вось Смаргонскі трэст №41, куды параіў звярнуцца сябар, узяў.
– Пачыналі вы, як практычна і ўсе выпускнікі, з «лейтэнанцкай» пасады майстра. А як даслужыліся да «генеральскіх» вышынь? Ці яшчэ не генеральскіх – ёсць куды імкнуцца?
– Не, мяне гэтыя «пагоны» цалкам задавальняюць.
Я чалавек не амбіцыйны, ніколі не імкнуўся зрабіць кар’еру – яна неяк сама па сабе рабілася… Пасля майстра прызначылі прарабам, потым – старшым прарабам, намеснікам начальніка. Калі да нашага трэста далучылі нерэнтабельную мэблевую фабрыку, на яе базе стварылі вытворчае падраздзяленне «Дрэўпласт» – рабілі для ўласных патрэб пластыкавыя вокны, дзверы. Мяне прызначылі кіраўніком гэтай вытворчасці. Потым перакінулі на «Смаргоньжалезабетон» – тады фермы актыўна будавалі па дзяржаўнай праграме, і ўсё жалезабетоннае абсталяванне для іх мы самі выпускалі.
Кожная прыступка па кар’ернай лесвіцы адбывалася як па плане: праз два гады. Вось толькі ў Астраўцы затрымаўся ўжо амаль што на пяць...
– Выходзіць, вы займаліся не толькі будаўніцтвам, але і вытворчасцю. Што цікавей?
– Вядома ж, будоўля! Ну, разабраўся я, як робяцца тыя дзверы і вокны – да болціка, да шурупчыка. І што? Сёння – акно, заўтра – акно… А на будоўлі прыязджаеш на пляцоўку, у чыстае поле – і ўсё пачынаецца з катлавана. Месіш гразь – задзел аб’ектаў, як правіла, адбываецца позняй восенню ці зімой, – і часам здаецца, што гэта ніколі не закончыцца. Але паступова, дзень за днём, вырастае дом ці дзіцячы садок, ці школа – і ты не назіральнік за гэтым працэсам, а яго непасрэдны ўдзельнік! Ніколі не надакучае. Тым больш што і аб’екты кожны раз новыя – нават калі нешта ўзводзіцца па тыпавому праекту, усё роўна ў кожнага нейкія асаблівасці. На будоўлі не засумуеш – тут кожны дзень не падобны на папярэдні і ніколі не ведаеш, што адкуль «прыляціць».
– А якія з будоўляў сталі для вас знакавымі?
– У Смаргоні амаль што насупраць стаяць два будынкі, якія сёння ствараюць твар горада, з’яўляюцца яго адметнасцямі – праваслаўны сабор і ЗАГС. Абодва ў свой час былі даўгабудамі, абодва ўзводзіліся пад маім кіраўніцтвам – і не без цяжкасцей. Асабліва царква! І рабілі, і перараблялі, бо дакладнага праекта не было. Здаралася, што ў разгар працэсу, хоць тэрміны «гарэлі», настаяцель айцец Сергій гаварыў: «Заўтра не працуем – свята» – і мы пераходзілі на ЗАГС.
Розных прыгод хапала на гэтых будоўлях – але сёння прыемна бачыць, што яны патрэбны людзям. Дарэчы, зусім нядаўна, на свята Іллі, быў у царкве – пляменніка хрысцілі. Калі па шчырасці, не столькі маліўся, колькі ацэньваў, як выглядае наша работа пасля некалькіх гадоў эксплуатацыі. Скажу без пахвальбы: не сорамна.
– А як вы трапілі ў Астравец?
– Яшчэ тагачасны старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Браніслававіч Гой прапаноўваў мне стаць яго намеснікам. Адмовіўся катэгарычна: мяне ўсё задавальняла, пачынаючы ад зарплаты і заканчваючы вынікамі працы. Затым з той жа прапановай прыехаў Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Напачатку я таксама не згадзіўся. Пры другім заходзе ён-такі знайшоў пераканаўчыя аргументы…
Хоць знаёмства маё з Астраўцом адбылося нашмат раней. Смаргонскі трэст №41 будаваў многа аб’ектаў у раёне, некаторыя з іх вёў я: ферму і домікі ў Рытані, гімназію, некалькі аб’ектаў на будаўнічай пляцоўцы АЭС. Так што ведаў і раён, і яго асаблівасці…
– Сённяшні Астравец – гэта адна вялікая будоўля, і вы ў пэўнай ступені з’яўляецеся яе кіраўніком…
– Так, калегі з іншых раёнаў зайздросцяць астраўчанам: столькі ў нас узводзіцца розных аб’ектаў – як у рамках выканання дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы, так і прыватнымі забудоўшчыкамі, і інвестарамі. Горад расце – і не толькі новыя яго мікрараёны: не застаецца па-за ўвагай і так званы стары горад. Пачалася рэканструкцыя галоўнай магістралі гістарычнай часткі райцэнтра – вуліцы Валадарскага. Абноўленая, яна зробіць гарадскі дарожны рух больш зручным і камфортным. Рамонт будзе праводзіцца ў тры чаргі – ад плошчы да моста на Бялькішкі, які таксама плануецца пашырыць. На ўзбярэжжы Кавалёўкі з’явіцца пешаходная зона – а то Астравец акружаны рэчкамі, а падысці да вады без гумовых ботаў можна толькі на набярэжнай каля вострава кахання. Дарэчы, алея да гэтага вострава, які стаў любімым месцам адпачынку астраўчан, таксама стане больш шырокай і прыгожай. Паступова, па чарзе будзем асфальтаваць вуліцы ў старым горадзе – хоць па адной у год, бо справа гэта не танная.
Словам, задум, планаў і мар шмат…
– Віктар Мікалаевіч, прызнайцеся: будаўнік вы толькі па адукацыі і месцы работы – ці па жыцці таксама? Як з выкананнем трох галоўных мужчынскіх спраў: дом пабудавалі, дрэва пасадзілі, сына выгадавалі?
– Не, дом не пабудаваў: і кватэру, і дачу купляў. Затое ў нашым загарадным доміку і каля яго пастаянна нешта будую, перабудоўваю, дабудоўваю – эксперыментую. І ўсё раблю з вялікай асалодай! Так што не сумнявайцеся, не толькі кіраваць магу: ні малаток, ні кельма з рук не валяцца.
З дрэвамі, як і з сынамі, поўны парадак: сад пасадзіў – люблю прышчэпліваць дрэвы. Увогуле, дача – мая аддушына: не толькі ўлетку, калі мы там практычна жывём, але і восенню ці зімой стараюся хоць на пару гадзін туды вырвацца – пупышкі пералічыць, як жартам кажу жонцы.
А сыноў у нас з жонкай двое: Мікіце – 13, Дзіму – амаль 15.
– Калі гаворыце «ў нас», што вы маеце на ўвазе: Шаркаўшчыну, Смаргонь, Астравец? Дзе для вас радзіма?
– Радзіма – паняцце занадта дарагое, каб разменьваць яго, суадносіць з кожным месцам, дзе даводзіцца жыць ці працаваць. Мая радзіма – Шаркаўшчына, была, ёсць і будзе. Яна – як маці, яе не выбіраюць і не мяняюць.
Смаргонь – радзіма маіх сыноў, горад майго станаўлення, і ён мне таксама дарагі.
Але калі я гавару «ў нас», то маю на ўвазе перш за ўсё Астравец. Неаднойчы лавіў сябе на думцы, што тут у мяне больш знаёмых, калег, спраў, турбот, чым у Смаргоні, хоць там мой дом і яму я аддаў 15 гадоў працоўнай біяграфіі з агульных 20. Я рады, што воляй лёсу апынуўся ў Астраўцы ў час яго імклівага росту і пераўтварэння са звычайнага правінцыйнага гарадскога пасёлка ў сучасны, прыгожы, перспектыўны горад – і маю да гэтага непасрэднае дачыненне.
– Пажарныя жадаюць калегам сухіх рукавоў, вадзіцелі – ні цвіка, ні жэзла, маракі – сем футаў пад кілем… А будаўнікі?
– У будаўнікоў, здаецца, няма адметнага прафесійнага пажадання. Але я жадаю ўсім, хто мае дачыненне да нашай мірнай і высакароднай прафесіі, здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця і здзяйснення планаў і задум.
– Таго ж жадаем і вам, Віктар Мікалаевіч, напярэдадні прафесійнага свята!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.