Як працуюць на жніве хлебаробы КСУП “Міхалішкі”
Хоць сёлета ўборачная кампанія на Астравеччыне пачалася на два тыдні пазней, аднак ураджай радуе, – збожжа дае на круг больш за 40 цэнтнераў, у той час як у мінулым годзе сыпалася толькі пад 30...
Найбольш рапсу – 250 тон – сярод міхалішкаўскіх хлебаробаў намалаціў Генадзь Мілаш
Хоць па тэмпах уборкі і ўраджайнасці збожжа КСУП «Міхалішкі» замацавалася на апошняй пазіцыі ў раённай зводцы, але гэта не гаворыць пра тое, што людзі тут працуюць менш старанна і адказна, чым у гаспадарках-лідарах – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Хлебаробы ведаюць, як важна ў тэрміны і без страт убраць з палёў ураджай. У гэтым я ўпэўнілася, завітаўшы напачатку тыдня ў «Міхалішкі».
Загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар
Загадчык раслінаводчага ўчастка №1 Мар’ян Комар, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дошку гонару, больш за 40 гадоў працуе ў аграпрамысловым комплексе Астравеччыны, прычым увесь час у раслінаводстве і ў адной гаспадарцы. Пра збожжа і тэхналогію яго вырошчвання, нюансы міхалішкаўскіх і страчанскіх глеб аграном ведае ўсё.
– Сёлета збажына радуе: з гектара ў сярэднім намалочваем каля 30 цэнтнераў. Хоць поле полю – розніца: ураджайнасць скача. Напрыклад, пшаніца сыплецца пад 50 цэнтнераў. У Страчанцы абмалочвалі ячмень, па якім падсеяна канюшына, дык толькі 25 цэнтнераў з гектара атрымалі, – па дарозе ў Маркуны, дзе ішла ўборка пшаніцы, уводзіць мяне ў курс жніўных спраў загадчык участка.
Цікаўлюся ў Мар’яна Зыгмундавіча, якую культуру ён любіць найбольш.
– Па душы пшаніца – нібы з золата саткана і сыплецца з усіх збожжавых найлепш, – адказвае аграном. – Добра ўрадзіла, нават яравая. І мы нядрэнна папрацавалі: ажно тры разы яе падкармілі.
Камбайнер Валерый Дзенюш на кожным жніве намалочвае па тысячы тон збожжа
Жніўны клін КСУП «Міхалішкі» сёлета складае 2 830 гектараў. Найбольш у гаспадарцы адведзена пад пшаніцу – 1 250 гектараў, найменш пад зернебабовыя – 67. Жыта каласіцца на 158 гектарах, трыцікале – на 542, ячмень – на 660, а авёс – на 153.
У дзень майго прыезду ў полі працавала адно звяно – 6 камбайнаў. Тэхніка ў «Міхалішках» размяркоўваецца ў залежнасці ад фронту работ і асаблівасцей палёў. Напрыклад, «Мега», на якой шмат гадоў шчыруе адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Валянцін Куркуль, знаходзілася на рамонце.
Кожны год тысячу набівае камбайнер Валерый Дзенюш. У мінулыя гады ён працаваў з сынам, які сёлета атрымаў дыплом агранома ў Навагрудскім аграрна – тэхнічным каледжы. Па словах бацькі, Антон плануе працаваць у роднай гаспадарцы.
– Для мяне гэта пятнаццатая ўборка, – расказвае механізатар. – Сын дапамог да жніва падрыхтаваць «Джон-Дзір», але так склаліся абставіны, што на камбайне працую адзін. Нюансаў хапае, балазе, як і кожны год. У Міхалішках убіраць добра. Гэтая ніва, напрыклад, займае каля 100 гектараў – не трэба круціцца і пераязджаць з месца на месца, малаці сабе спакойна. Складана жаць на страчанскіх землях: палі там дробнаконтурныя і ўзгорыстыя.
Па традыцыі ўбіраць ураджай міхалішкаўцам дапамагаюць работнікі Астравецкага лясгаса – яны не толькі з лесанарыхтоўчай тэхнікай, але і з камбайнамі на «ты».
На сёлетнім жніве Аляксандр Субаткевіч святкуе паўналецце – ужо 18 гадоў убірае ўраджай. Сёлета рабіць гэта камбайнеру дапамагае студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Павел Дуброўскі. На пару хлебаробы ўжо намалацілі больш за 500 тон збожжа.
Камбайнер Аляксандр Субаткевіч (злева) і яго памочнік Павел Дуброўскі
З першых дзён масавай уборкі ў лідарах сярод камбайнерскіх экіпажаў КСУП «Міхалішкі» – Генадзь Мілаш і Віталь Кісель.
– На жніве працую 12-ты сезон. Год на год не даводзіцца, але сёлета збожжа ўрадзіла і рапс добра сыпаўся, – расказвае камбайнер Генадзь Мілаш. – Калі дазволіць надвор’е і тэхніка не падвядзе, думаю, напрыканцы другой дэкады жніўня ў нас будуць дажынкі.
З палёў да зернесушыльных комплексаў у Міхалішках, Страчанцы і Завідзінентах збожжа адвозяць КАМаз з прычэпам і тры МАЗы, адзін з якіх – з Астравецкай ЖКГ.
З ніў на зернесушыльныя комплексы збожжа возяць Станіслаў Бернюкевіч, Станіслаў Мілашэвіч і Юрый Юшчык (злева направа)
Не першы год пераможцам сярод вадзіцеляў на жніўным спаборніцтве райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу становіцца Станіслаў Мілашэвіч. Сёлета шафёр 5-м у раёне і першым у гаспадарцы перавёз тысячу тон збожжа.
Яго родны брат Віктар з напарнікам Генадзем дасушваюць збожжа на зернесушыльным комплексе «ЛідАрай».
Аператары зернесушылкі (злева направа) Генадзь Ляховіч і Віктар Мілашэвіч
…На жніве ў КСУП «Міхалішкі» ў асноўным працуюць адны і тыя хлебаробы. Яны не па чутках ведаюць, як важна ў час зжаць колас, адвезці збожжа і дасушыць яго.
Загадчык зернекомплекса Ірына Серакова
Вадзіцель Іван Зімніцкі ў сельскай гаспадарцы працуе больш за 35 гадоў
Намеснік дырэктара па раслінаводстве Аляксандр Ерамейчык
– Асаблівых праблем на ўборцы не ўзнікае: хапае кадраў, паліва, магутнасцей збожжасушыльных комплексаў. Адзінае, што засмучае, – стан тэхнікі, яна даўно не абнаўлялася. Самаму «маладому» камбайну 6 гадоў, самаму ўзроставаму – 16. На пачатак уборкі нагрузка на адзін камбайн складала 350 гектараў, на сёння (4 жніўня. – Заўв. аўт.) – каля 200.
Аляксандр Ерамейчык, намеснік дырэктара па раслінаводстве.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.