За смеласць і нераўнадушша – павага і падзяка
Добрая справа не застанецца незаўважанай. Трое мужчын, што дапамаглі выратаваць жанчыну, якая танула на Янаўскім вадасховішчы, атрымалі Падзяку ад Гродзенскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства выратавання на вадзе”.
Нагадаем, што здарэнне адбылося ў адзін з чэрвеньскіх вечароў. Маладая жанчына вырашыла пакупацца і, нягледзячы на перасцярогі выратавальніка, паплыла за буёк. Неўзабаве яна пачала тануць. Убачыўшы гэта, акрамя начнога матроса, да яе з розных бакоў кінуліся трое адпачываючых. Дзякуючы іх хуткаму рэагаванню і своечасова аказанай дапамозе жанчыну пашчасціла ўратаваць.
– Я з Брэста, працую майстрам у філіяле “Будтрэста №8” БУ №158. У той вечар толькі прыехаў на вахту, – у спамінае падзеі Андрэй Сідарчук. – Было каля 21.00, але вырашыў, з’ездзіць на Янаўскае вадасховішча пакупацца. Там і стаў сведкам сітуацыі: за буйком знаходзілася маладая жанчына, а на беразе ўсе бегалі і лямантавалі, што яна не ўмее плаваць. У гэты момант да яе падплыло двое хлопцаў, але я разумеў, што ім будзе няпроста справіцца, таму пазычыў у малыша вялікі надзіманы круг і паплыў на дапамогу. Так мы выцягнулі жанчыну на бераг, дзе супрацоўнікі выратавальнай станцыі аказалі ёй першую дапамогу. Не памятаю, аб чым думаў тады, – галоўнае было выратаваць тапельніцу, у якой да таго ж на беразе засталося маленькае дзіця. Кожны з нас можа трапіць у надзвычайную сітуацыю.
– Я асабліва не раздумваў: пачуў, што чалавек тоне, – і адразу кінуўся ў ваду, – дадае яшчэ адзін выратавальнік Андрэй Пяшко з Лошы. – Балазе, плаваю добра. Дарэчы, гэта не першы раз, калі дапамагаю выцягнуць чалавека з вады, – быў падобны выпадак з сябрам на Нарачы. Калі спатрэбіцца, не спалохаюся і ў наступны раз.
Менавіта за смеласць, рашучасць і граматныя дзеянні пры выратаванні тапельніцы, два Андрэі атрымалі Падзякі, якія ім уручылі старшыня і начальнік раённай арганізацыі ТВВАД Аксана Кардаш і Сяргей Невяроўскі. На жаль, трэці ўдзельнік той выратавальнай аперацыі астраўчанін Аляксандр Варабей не змог прысутнічаць на ўручэнні, але ўзнагарода абавязкова будзе перададзена герою.
– Падчас дзяжурстваў мы становімся сведкамі розных выпадкаў: жартоўных, канфліктных, сумных, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Сяргей Невяроўскі. – На шчасце, сітуацыя таго чэрвеньскага вечара не стала трагічнай. Дзякуй за нераўнадушша да чужой бяды!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.