Што цікавіла палушанцаў на сустрэчы з раённай уладай
14:43 / 22.01.2019
Вялікія справы Астравеччыны
– Такія сустрэчы ў нашым раёне праходзяць пастаянна. Для людзей гэта цудоўная магчымасць не толькі атрымаць інфармацыю, але і задаць пытанні, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
Дэпутат падрабязна спынілася на правядзенні мерапрыемстваў у цэлым па краіне і ў прыватнасці ў Астравецкім раёне да Года малой радзімы і нагадала, што надышоўшы год і наступны таксама пройдуць пад гэтым знакам.
У 2018 годзе на Астравеччыне прайшло шмат значных падзей. Асноўная з іх – святкаванне 550-годдзя нашага маладога горада, у рамках якога быў адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс і пажарная аварыйна-выратавальная часць, дзіцячы садок і гарадскі стадыён, некалькі магазінаў.
– Сёлета ў краіне пройдуць другія Еўрапейскія гульні – і ад нас таксама залежыць, якое ўражанне атрымаюць турысты ад наведвання Беларусі. Наш раён прыгранічны – і мы першымі будзем сустракаць замежных гасцей. Хочацца, каб ім тут было ўтульна і добра. Таму развіваецца не толькі інфраструктура Астраўца, ёсць планы і па развіцці аграгарадкоў і вёсак раёна, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў. – Мы ведаем праблемы людзей – і стараемся вырашыць усе ўзнікаючыя пытанні.
Да іншых тэм
Справаздачу ў гэты дзень перад сваімі аднавяскоўцамі і жыхарамі Гудагайскага сельсавета трымаў яго старшыня Віктар Карповіч.
Ён расказаў, што было зроблена ў Малях да раённых «Дажынак», праінфармаваў, што на 10 могільніках абуладкаваны кантэйнерныя пляцоўкі, і заклікаў людзей больш актыўна заключаць дагаворы на вываз смецця. Увагу Віктар Станіслававіч звярнуў таксама на навядзенне парадку на ўласных падвор’ях і каля іх, добраўпарадкаванню Палушаў.
Пра работу са слабаабароненымі пластамі насельніцтва расказала намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра Марыя Максімава.
Атрымаць адрасную сацыяльную дапамогу, бясплатнае харчаванне для дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў, аплату на набыццё падгузкаў для інвалідаў, узяць напракат інвалідную каляску, цікава правесці час у аддзяленні для маладых інвалідаў ці пасяліць у доме для пажылых у Падольцах – усе гэтыя паслугі акажуць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра.
Супрацоўнік Энерганагляду Уладзімір Кавалёнак гаварыў пра электрабяспеку, неабходнасць рамонту няспраўнай электраправодкі і правілах паводзін каля ліній электраперадачы.
Бяспеку ў кожны дом
Як расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Рыбак, па статыстыцы 90% пажараў адбываецца па віне чалавека.
І задача такіх сустрэч, як сельскі сход, – папярэдзіць бяду.
З 21 студзеня па ўсёй краіне стартавала акцыя «Бяспеку ў кожны дом», у рамках якой пройдуць сустрэчы, гутаркі, флэшмобы, супрацоўнікі РАНС наведаюць дамы і кватэры – і раскажуць пра пажарную бяспеку.
Віталій Канстанцінавіч звярнуў увагу на ачыстку дымаходаў і заклікаў удзяляць увагу пажылым адзінокім людзям, інвалідам, якія пражываюць побач і пра якіх няма каму паклапаціцца, нагадаў пра небяспечнасць выхаду на лёд і катання на цюбінгах.
39 пажараў адбылося ў Астравецкім раёне ў мінулым годзе. Загінуў 1 чалавек.
Перш за ўсё – прафілактыка
Такую задачу ставіць перад сабой кіраўніцтва і калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў. Пра тое, як яна рэалізуецца ў нашым раёне, на сустрэчы з насельніцтвам расказаў начальнік РАУС Дзмітрый Місюк.
– Малая радзіма ў кожнага свая. У мяне іх было некалькі: Нарач – там я нарадзіўся і жыў, потым – Віцебская вобласць, дзе мне давялося служыць, а цяпер Астравецкі раён. І кожнае месца – гэта не проста кропка на карце, яно для мяне дарагое, любімае і запамінальнае, – сказаў Дзмітрый Аляксандравіч. – У нашай краіне ўсё робіцца для людзей. І нашы сустрэчы – чарговае таму пацвярджэнне. Мы прыехалі не толькі падзяліцца з вамі інфармацыяй, але і выслухаць вас і дапамагчы.
Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў прааналізаваў работу ўчастковых інспектараў Гудагайскага сельсавета, а таксама спыніўся на злачынствах і правапарушэннях, якія тут былі здзейснены. І калі па злачынствах сярод дарослых сельсавет на апошнім месцы ў раёне, то два зафіксаваныя ў раёне злачынствы сярод непаўналетніх здзейснены менавіта тут – прычым аднымі і тымі ж дзецьмі.
– Гэта крадзяжы. І самае страшнае, што бацькі бачылі, што ў іх дзяцей з’явіліся веласіпеды, і ніяк на гэта не адрэагавалі, – падкрэсліў Дзмітрый Аляксандравіч.
55 населеных пунктаў размешчана на тэрыторыі Гудагайскага сельсавета.
У іх пражывае 3 688 чалавек.
Тое, што цікавіць
– Ці будзе адрамантавана дарога па вуліцы Садовай у аграгарадку Палушы?
– Рамонт дарогі ўзяло на сябе Астравецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Добраўпарадкаванне распачнецца пры спрыяльным надвор’і.
– Калі ў аграгарадку Палушы пачне працаваць кафэ?
– Будынак кафэ ўжо перададзены КСУП «Гудагай». Пасля правядзення рамонтных работ яно будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Запланавана таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яго. Там у хуткім часе з’явіцца стадыён.
– Куды звярнуцца, каб пачысціць дымаход?
– Астравецкі раён абслугоўваюць добраахвотныя пажарныя таварыствы ў Ашмянах і Смаргоні. Для заказа спецыяліста можна пакінуць заяўку ў сельсавеце.
– Сажалка на вуліцы Зарэчнай у Палушах здаўна была любімым месцам адпачынку дзяцей, моладзі і старэйшых людзей. Ці можна яе расчысціць?
– Сажалка знаходзіцца на балансе КСУП «Гудагай». Яе добраўпарадкаванне каштуе нятанна. Пытанне перададзена на разгляд дырэктара прадпрыемства.
– Хто можа замяніць няспраўную электраправодку?
– Любы спецыяліст, у якога ёсць адпаведная ліцэнзія. Гэта зноў жа можа быць Ашмянскае або Смаргонскае добраахвотныя пажарныя таварыствы, Астравецкая сельгастэхніка ці індывідуальныя прадпрымальнікі.