Не толькі з інструкцыямі працуе інжынер райгаза Ала Садоўская
Тыя, хто думае, што ахова працы – гэта толькі тэхніка бяспекі, памыляюцца. Гэта цэлая складаная сістэма, у якой інструкцыя, як сябе бяспечна паводзіць на рабочым месцы, займае толькі маленькі кавалачак часу і сіл.
Падрабязней пра гэта расказвае інжынер па ахове працы Астравецкага раёна газазабеспячэння Ала Васільеўна Садоўская, здымак якой сёлета змешчаны на раённую Дошку гонару.
Родам з дзяцінства
Схільнасць да творчасці і малявання, без якога наўрад ці можна ўявіць дызайнера, інжынера або будаўніка, заўважылі ў дзяўчынкі яшчэ ў школе, таму пасля заканчэння 10-га класа яна вырашыла паступіць у інжынерна-будаўнічы інстытут. Нарадзілася і вырасла Ала на Брэстчыне і ўстанову для паступлення выбрала ў сваім абласным цэнтры. Праз 5 гадоў маладога спецыяліста накіравалі ў тады яшчэ гарадскі пасёлак Астравец.
Так у 1986 годзе наш край стаў для будучага гонара раёна другой радзімай. Хоць па першым часе нават думаць аб гэтым дзяўчына не хацела.
– Вырашыла: адпрацую патрэбных 5 гадоў і вярнуся да мамы і таты, – узгадвае жанчына. – Бо вельмі ж далёка было дадому дабірацца – аж у Бярозаўскі раён.
– Ехала ў Астравец і баялася, – працягвае. – А колькі плакала! Памятаю, еду-еду – а вакол усё лес і лес… Знак пачатку Астраўца і той, здаецца, у гушчары стаяў. Першую ноч давялося начаваць у гасцініцы – там камары з галавы да пят пакусалі. Божа, думаю, куды мяне занесла?! Сапраўды, нейкі невядомы свету астравок…
Аднак у планы Алы ўмяшаўся лёс: праз год «адбывання павіннасці» дзяўчына сустрэла мясцовага хлопца, які стаў яе мужам і адбіў усё жаданне вяртацца на Брэстчыну…
Пра асабістае жыллё тады маладыя спецыялісты нават не марылі. Алу пасялілі да гаспадыні, якая выдзеліла ёй пакой. Пазней разам з іншымі дзяўчатамі пераехала ў інтэрнат па вуліцы Карла Маркса.
Будаўнічыя будні
Самым складаным быў для Алы Васільеўны першы год працы – у МБМК-158. Толькі ўявіце, як было працаваць сярод мужчын, якія ў сваёй прафесіі ўжо зубы з’елі, дзяўчыне-майстру, якая толькі-толькі ўстала са студэнцкай лавы.
– Памятаю, як выязджала на будаўніцтва фермы ў Гервяты, – усміхаецца гонар раёна. – Гэта быў мой першы аб’ект. Мела абавязковы «аксесуар» – гумовыя боты, а дзяўчыне ж прыхарашыцца хацелася.
Цяжка было наладзіць кіраванне працэсам. Але нікуды не дзенешся – прывыкла.

У «наглядчыках»
Праз год Ала Садоўская перавялася ва ўпраўленне камунальнага будаўніцтва старшым інжынерам – адказвала за тэхнічны нагляд над будаўнічымі аб’ектамі раёна. Потым стала галоўным інжынерам. Так адпрацавала ва УКБ 15 гадоў.
Пра змену працы Ала Васільеўна не задумвалася – падабалася ёй работа. Але «напала» хвароба. У выніку адна аперацыя, потым другая – і на любімае будаўніцтва, дзе і на дахі трэба было ўзлазіць, і на скразняках бываць, давялося забыцца…
У 2002 годзе Астравецкі гаргаз аддзяляўся ад Смаргонскага ўпраўлення – і станавіўся самастойнай арганізацыяй. Зразумела, патрэбны былі кваліфікаваныя кадры, у тым ліку інжынер службы эксплуатацыі.
– З былым дырэктарам Марыяй Нікадзімаўнай Ігнатовіч мы раней перасякаліся па службовых справах, – расказвае Ала Садоўская. – Яна і запрасіла мяне на вакантнае месца.
Жанчына доўга не магла адважыцца перайсці ў іншую арганізацыю, аднак у цяжкіх разважаннях паміж «за» і «супраць» перамагло здароўе. З той пары і да сённяшніх дзён Ала Васільеўна не здраджвае газавікам – калектыву, які амаль за 20 гадоў стаў па-сапраўднаму блізкім.
З выездам на месца
У гаргазе спачатку інжынер Садоўская не толькі займалася вытворча-тэхнічнымі пытаннямі, але і выконвала абавязкі інжынера па ахове працы – 2 вялізныя пласты работы. І калі тэхнічная частка газазабеспячэння была для жанчыны знаёмай справай, то аб ахове працы яна мела толькі ўяўленне. Давялося вучыцца, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці: шмат чытаць, падрабязна вывучаць і нават вучыць на памяць.
– Астатняе прыйшло ў працэсе работы, – усміхаецца гонар раёна. І працягвае: – Ахова працы на вытворчым прадпрыемстве патрабуе валодання вялізнай колькасцю інфармацыі, складаная і адказная сфера.
Ад інжынера па ахове працы залежыць, без перабольшання, бяспека кожнага работніка – ад «канторскага» да таго, хто працуе на выездзе. Астравецкі раён газазабеспячэння праводзіць работы павышанай небяспекі – таму і кантроль за выкананнем норм і правілаў аховы працы (чытайце: здароўя і жыцця) тут на першым месцы. Выезд на вогненебяспечныя і агнявыя работы, кожнадзённы допуск работнікаў, інструктаж, праверка ведаў па ТБ, нашэнне спецадзення і нават выкананне правілаў аховы працы за камп'ютарам – гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў Алы Васільеўны. Ёсць яшчэ не менш важныя і, як правіла, тэрміновыя «папяровыя справы»…
Інжынер Садоўская таксама выязджае да абанентаў, каб разумець, у якіх умовах працуюць работнікі, ці выконваюць правілы бяспекі спажыўцы газу, і нагадаць іх тым, хто «забыў», а таксама выслухаць пажаданні, часам слушныя заўвагі – менавіта такія стасункі, упэўнена Ала Васільеўна, дапамагаюць хутка рэагаваць на ўсялякія «неда» і павышаць не толькі бяспеку людзей на іх рабочых месцах, але і ўзровень абслугоўвання жыхароў раёна.
З АСАБІСТАГА
Пасля працоўнага дня найвялікшае задавальненне Але Васільеўне прыносяць хатнія справы. У апошні час жанчына захапілася скандынаўскай хадзьбой, якая дае і фізічнае, і маральнае аднаўленне.
Адпачынак праводзіць дома або на ўлонні прыроды – нішто так не натхняе і не супакойвае, як магчымасць падыхаць свежым паветрам родных мясцін. І без егіптаў ёй добра спіцца!
Самае галоўнае шчасце любой жанчыны, упэўнена Ала Садоўская, – дзеці. Яна ганарыцца сынам Сяргеем, які служыць ваенным, жыве ў Мінску і ўсяго, што мае, дасягнуў сам. Дачка Ліана жыве ў Астраўцы і бачыцца з маці, якая неймаверна гэтаму рада, кожны дзень. Робяць жанчыну шчаслівымі і ўнукі, якіх у яе ўжо двое.
Ведаць інструкцыю кожнага работніка, трымаць у памяці сотні лічбаў, хто і калі атрымаў спецадзенне, у які куточак раёна і з якім заданнем выехаў, трымаць сувязь з абанентамі – з усім гэтым спраўляецца Ала Садоўская, мягкая, далікатная жанчына з цвёрдым «будаўнічым» стрыжнем.
ДА СЛОВА
Інфармацыю аб стане рабочых месцаў інжынер Садоўская падае ў вобласць кожны тыдзень, а гэта 25 «кропак». У Астравецкім раёне газазабеспячэння працуе 46 чалавек – атрымліваецца, што месца працы кожнага работніка яна абавязкова правярае кожныя 2 тыдні.
Шчыры адказ
– Калі б не раён газазабеспячэння, то дзе б вы хацелі працаваць?
– Без розніцы. Галоўнае, каб сфера была звязана з будаўніцтвам. Вытворча-тэхнічная тэматыка мне таксама падабаецца. Так што, мабыць, вярнулася б да вытокаў…
– Калі не інжынерам, то кім вы сябе ўяўляеце?
– Настаўнікам – не, урачом – не маё… Ведаеце, а нікім больш. Толькі ў сваёй прафесіі сябе бачу. І брат у мяне працуе галоўным інжынерам праектаў у “Мінскпраекце”.
– Ці дапамагаюць вам прафесійныя навыкі ў жыцці па-за работай?
– Безумоўна! Калі выбіраюся ў паездку, абавязкова праверу, ці ўсё выключыла з разетак, ці перакрыла газавы кран, ці выключыла святло. Іду па лесвіцы: тут спатыкнуцца можна ці поручняў няма, там ляпачка перагарэла – небяспечна, думаю.
Хто сказаў...
…што прафесія інжынера па ахове працы сумная і нецікавая?
Гэта прафесія, якая патрабуе ў першую чаргу ўмення стасавацца з людзьмі. А гэта заўсёды цікава і не бывае аднолькава, бо кожны чалавек – асоба.
…што інжынерамі ў асноўным працуюць мужчыны?
Толькі ў Гродзенскім абласным упраўленні газазабеспячэння жанчын і мужчын прыкладна аднолькава.
…што спецыяліст пэўнай сферы павінен мець канкрэтныя рысы характару?
Ён павінен проста добра і якасна выконваць работу.
