На Островетчине в добровольной акции "Неделя леса" приняли участие более 600 человек

посадка лесаСёлета агульнарэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”, падчас якой ва ўсіх куточках Беларусі кожны жадаючы садзіў дрэўцы і вызваляў са смеццевых абдымкаў нашы лясы, стала самай масавай за ўсе гады яе правядзення. На Астравеччыне да добрай справы далучылася больш як 670 чалавек.

Калі верыць усходняй філасофіі, то самы лепшы час для пасадкі дрэва – дваццаць гадоў назад; калі не тады – то зараз. У гэтым упэўнены і самыя актыўныя ўдзельнікі тыдня лесу, якія па традыцыі штогод бяруць удзел у акцыі: працаўнікі лясгаса і лясніцтваў, школьнікі і настаўнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і БРСМ.

посадка леса1Сёлета тыдзень лесу быў прымеркаваны да 30-годдзя з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сімвалічна, што не першы год удзельнічаюць у рэспубліканскай акцыі спецыялісты дырэкцыі Беларускай АЭС – і робяць яны гэта з задавальненнем.

Як адзначыла інжынер па эксплуатацыі рэактарнага цэха Святлана Сяргееўна Тарчыла, у гэтай акцыі яна прымае ўдзел трэці год запар. Дзяўчына ўпэўнена, што гэта цудоўная магчымасць не толькі зрабіць добрую справу, але і пабыць на свежым паветры на ўлонні прыроды. Пасля невялікага інструктажу па тэхналогіі пасадкі і правілаў бяспекі актывісты разбіваюцца на пары: мужчыны бяруць у рукі спецыяльны меч Колесава, а жанчыны – сеянцы сасны, бярозы і саджанцы елкі.

посадка леса2Аказваецца, кволыя елачкі ці бярозкі да пасадкі трэба падрыхтаваць: спецыяльнай выцяжкай з торфу апрацоўваецца іх каранёвая сістэма, каб пасля яна не перасыхала.

Варта адзначыць, што ўжо каторы год запар Астравецкі лясгас выкарыстоўвае свой пасадачны матэрыял. Да тыдня лесу было падрыхтавана больш за 100 тысяч сеянцаў і саджанцаў, які яшчэ некалькі тыдняў назад зелянелі ў лесагадавальніку, а зараз роўнымі радочкамі ўпрыгожваюць падрыхтаваныя з восені барозны.

посадка леса3Частка лесапасадак размясцілася на былых сельскагаспадарчых тэрыторыях, якія выйшлі з сельгаскарыстання і былі перададзены Астравецкаму лясгасу.

На пасадцы лесу працавалі цэлымі “сямейнымі падрадамі”: напрыклад, ляснічаму Астравецкага лясгаса Аляксандру Міхайлавічу Гайсу дапамагаў сын Алёша. Юны лесавод спрытна апускаў у ямінку адзін за адным сеянцы бярозы…

посадка леса4Цяжка паверыць, што пасаджаныя кволыя бярозкі і сосны праз сем гадоў ужо можна будзе назваць маладым лесам, – але так, безумоўна ж, будзе.

Сёлета за адзін тыдзень, дзякуючы нераўнадушным і актыўным людзям, было пасаджана 64,5 гектара лесу па ўсім раёне і дапоўнена ляснымі культурамі 15,8 гектара лесу. Падчас акцыі было сабрана і вывезена смецце аб’ёмам 56 кубічных метраў.

--------------------------------------------


Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.