Лепшага прадаўца і лепшы магазін называлі астраўчане
З нагоды дня работнікаў гандлю, які адзначаецца 28 ліпеня, карэспандэнт газеты высвятляў, каго з прадаўцоў хацелі б адзначыць астраўчане і які магазін ім найбольш даспадобы.
Аляксандр і Вераніка Глінскія з дачкой Святланай, п.Гудагай:

Вераніка:
– У асноўным мы ходзім у гандлёвы цэнтр «Замі» – тут шмат розных магазінаў. Наведваем «Дабрацэн». Адзначу «Детский мир», што адкрылі ў «Замі-міні», – такога не хапала Астраўцу. Там можна купіць для дзяцей усё: адзенне, цацкі, каляскі, падгузнікі…
Аляксандр:
– А прадаўцы ў астравецкіх магазінах усе харошыя: ветлівыя, кампетэнтныя, калі трэба, абавязкова дапамогуць у выбары, дадуць параду.
Валерый і Алена Анішчанкі, г. Астравец

Валерый:
– Пачну спачатку: 10 гадоў назад у першым мікрараёне не было амаль нічога, толькі магазін «Пачастунак» абслугоўваў будаўнікоў, якія засяліліся ў новыя шматпавярхоўкі. Тут прадаўцы за прылаўкам былі сапраўднымі героямі. Іх хочацца успомніць.
Падабаецца мне «Гіпа» – ёсць усё.
Алена:
– А лепшы прадавец, на мой погляд, працуе ў «Белмаркеце» на Дубраўнай у трэцім мікрараёне – на жаль, не ведаю яе імя. Маладая, прыгожая і ветлівая. Заўсёды ў добрым настроі і з усмешкай.
Людміла Апановіч, аг. Варняны (без фота):
– З мясцовых, варнянскіх, магазінаў адзначу «Будаўнічыя матэрыялы». Ён забяспечвае ўсе нашы патрэбы ў гэтай сферы, сюды прыязджаюць і з бліжэйшых вёсак. Калі гаварыць пра цэны, то тут яны з гарадскімі могуць паспрачацца – у Варнянах танней. Плюс – за дастаўку тавара, яшчэ адзін – за абслугоўванне. Калектыў цудоўны – стараюцца ўсё зрабіць хутка, якасна і зручна для пакупніка. І культура зносін прадаўцоў з кліентамі – на вышэйшым узроўні.
Лізавета Валуевіч, аг. Варняны:

– Падабаецца астравецкі магазін Белпошты, што ў першым аддзяленні, – але не толькі таму, што я там працавала. (Смяецца.) Там ёсць усё неабходнае з прадуктаў, у тым ліку мясная прадукцыя і малочка. Заўсёды ўсё свежае. І прадавец вельмі харошая жанчына.
Часта заходжу ў магазін «Пачастунак» Ашмянскага мясакамбіната, што каля былога Дома быта знаходзіцца. Там таксама ветлівыя і прыемныя прадаўцы.
Галіна Ягела, в Страча:

– Хоць выбар у нас невялікі – у вёсцы ўсяго адзін магазін, ён мне падабаецца. І прадавец харошы: усе заяўкі выконвае – што ні папросіш. Іосіфаўна ў нас малайчына. Асартыменту хацелася б шырэйшага, але ж гэта не ад прадаўца залежыць.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
