Крысціна Рынкевіч з дзяцінства марыла служыць беларускаму народу і роднай краіне


Кожны год Астравеччына сустракае маладых спецыя­лістаў з нецярпеннем і цікавасцю. Бо яны прыходзяць у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна з жаданнем паказаць, чаму навучыліся; з надзеяй, што ім давераць адказны ўчастак работы, і прымуць у калектыў як сваіх…  А чаго яны чакалі ад Астраўца; якімі былі думкі, калі накіроўваліся да першага рабочага месца; хто сустракаў і чым дапамог… Аб гэтым і не толькі мы запыталі ў маладых спецыялістаў розных сфер Астравеччыны.

У жыцці маладога спецыяліста, намесніка начальніка змены аддзялення пагранічнага кантролю «Гудагай» лейтэнанта Крысціны Рынкевіч пакуль што ўсё складваецца менавіта так, як бачылася ў дзяцінстве.

Служыць у сілавых струк­турах дзяўчына марыла з малых гадоў. Мена­­віта таму па парадзе сяб­роў­кі пасля 9 класа падала дакументы ў Полацкае кадэцкае вучы­лішча. І ўжо тут зразумела, што хоча быць пагранічніцай.

– Мой тата служыў у пагранічных войсках і часта расказваў пра тыя гады, – усміхаецца Крысціна. – Пэўна так ён фарміраваў маю свядомасць і разуменне важнасці гэтай прафесіі, таму і выбар быў зроблены на карысць органаў пагранічнай службы.


Скончыўшы кадэцкае вучылішча – гэта давала пэўныя ільготы, дзяўчына ўсё ж вырашыла здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Праўда, скарыстацца яго вынікамі ёй так і не давялося. Яна стала курсантам Інстытута пагранічнай службы.

– Паступіла на факультэт падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў па спецыяльнасці «упраўленне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю». А паколькі выбар быў зроблены ўсвядомлена, то і вучыцца мне падабалася. Чатыры гады праляцелі хутка. На працягу вучобы мы праходзілі стажыроўкі на розных пунктах пропуску. На апошнім курсе давялося пабываць у Смаргонскай пагранічнай групе – спадабалася, – расказвае Крысціна Рынкевіч.

Так выбар далейшай службы быў зроблены на карысць нашага краю. А паколькі інстытут Крысціна скончыла з чырвоным дыпломам, мела права выбару. І яе жаданне трапіць на Астравеччыну ажыццявілася.

На беларуска-літоўскай граніцы лейтэнант служыць з 29 ліпеня і адзначае, што яе мары супалі з рэальнасцю.

– Ведала, што перш чым прыступіць да самастойнай службы, давядзецца здаць экзамен на праверку дакументаў. Да гэтага была маральна гатова і цяпер старанна рыхтуюся, – расказвае пагранічніца. – Унікаю ў курс усіх спраў і абавязкаў, знаёмлюся з асабовым саставам. Веру, што ўсё ў мяне атрымаецца.

Наперадзе ў Крысціны 5 гадоў адпрацоўкі, але і яны, як нядаўняя вучоба ў інстытуце, праляцяць хутка і цікава. Тым больш дзяўчына ўпэўнена, што займаецца яна самай важнай і патрэбнай беларускаму народу справай: стаіць на ахове яго спакою і мірнага жыцця ў краіне.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич