Изделия Островецкого хлебозавода получили три медали на Международной выставке
Водар астравецкіх толькі што спечаных булак і хлеба нікога не пакідае раўнадушным, а іх смак ведаюць далёка за межамі нашага раёна. І таму яскравае пацвярджэнне – рашэнне спецыяльнай камісіі. Чатыры ўзнагароды за чатыры віды прадукцыі атрымаў Астравецкі хлебазавод аддзела прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2015”, які адбыўся падчас Міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа”.
Варта адзначыць, што выстава сабрала не толькі айчынных хлебапёкаў, але і замежных спецыялістаў гэтай галіны. Гродзенскую вобласць прадстаўлялі рэгіёны, дзе найлепш развіта хлебапякарная справа, – Астравецкі, Мастоўскі, Дзятлаўскі, Воранаўскі і Зельвенскі раёны.Мерапрыемства пачалося з канферэнцыі, падчас якой эксперты дзяліліся вопытам у галіне менеджменту харчовай прамысловасці, інавацыйнымі тэхналогіямі, а таксама расказвалі пра выкарыстанне абсталявання новага пакалення ў хлебапякарнай і кандытарскай вытворчасцях. Акрамя гэтага, можна было наведаць розныя майстар-класы і атрымаць адказы на цікавячыя пытанні.
Але самае прыемнае астравецкіх хлебапёкаў чакала наперадзе.– На агляд-конкурс мы прадставілі чатыры вырабы хлебабулачнай прадукцыі, якую вазілі ў Мінск напрыканцы жніўня, – расказвае намеснік дырэктара па прамысловасці Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Марыя Уладзіславаўна Масойць. – Усе вырабы былі засакрэчаны і праходзілі пад нумарамі. Спецыяльнае журы ацэньвала іх па розных крытэрыях – гэта і смакавыя якасці, і арганаліптычныя (знешні выгляд, колер, пах) характарыстыкі. Толькі падчас падвядзення вынікаў рэспубліканскага агляду-конкурсу якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2015” былі агучаны вынікі. Да нашай радасці, чатыры заяўленыя вырабы Астравецкага хлебазавода былі адзначаны ў чатырох намінацыях. І гэта пры тым, што два найменні мы пачалі выпускаць літаральна некалькі месяцаў назад.
Батон “Рамашка” прынёс астравецкім хлебапёкам залаты медаль. Сярэбраную ўзнагароду атрымалі адразу два вырабы – батон “Гарадскі” і рагалік “Каралеўскі”, а бронзавы медаль дастаўся хлебу “Вестфальскі”.
-------------------------------------------
Алена ГАНУЛІ Ч, фота аўтара.
