Добрая ініцыятыва: пляцоўку для дзяцей зрабілі астраўчане
Спартыўную пляцоўку для маленькіх жыхароў вуліцы Спартыўнай у Астраўцы абуладкавалі іх бацькі.
Яны не чакалі дапамогі ад улады, не абівалі парогі адказных за добраўпарадкаванне гарадскіх вуліц арганізацый, як гэта робяць многія, – вырашылі справіцца сваімі сіламі: хто канструкцыю варыў, хто ямы капаў пад яе ўстаноўку, а хто фарбаваў. Было шматлюдна, хутка і дружна. Атрымалася прыгожа, бяспечна, а галоўнае – спадабалася сынам і дочкам.

– Ідэя «выплыла», калі ў агульнай групе ў «Вайберы» вырашалі, як адзначым свята вуліцы, – расказвае жыхар Спартыўнай, арганізатар і адміністратар групы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Вадзім Кокаш. – Хацелі зрабіць нешта грунтоўнае і карыснае. Выбіралі паміж альтанкай, дзе маглі б адпачываць дарослыя, і пляцоўкай для дзяцей. Перавагу аддалі апошняму варыянту. Для мяне як дэпутата, за якога подпісы на выбарах ставілі ў тым ліку жыхары Спартыўнай, важна, што людзі самі выказваюць ініцыятыву, каб зрабіць нешта добрае на карысць роднага горада, і ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах. Упэўнены, што разам мы можам многае, галоўнае – жаданне. Радуе, што дапамагчы прыйшлі не толькі тыя, хто ўжо жыве на нашай вуліцы, але і тыя, хто толькі будуецца.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
