"Астравецкая праўда" принимает поздравления с юбилеем

2

АП 75Паважаныя сябры!


Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды юбілею – 75-годдзя з дня выхаду ў свет першага нумара раённай газеты “Астравецкая праўда”!


Дзякуючы прафесійнай, творчай працы рэдакцыйнага калектыву, выданне заўсёды на высокім узроўні асвятляе грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае, культурнае жыццё рэгіёна, дзесяцігоддзі трывала займае сваё месца ў інфармацыйнай прасторы нашай краіны.

Упэўнена, што і надалей калектыў рэдакцыі будзе трымацца абранага курсу служэння праўдзе жыцця, захавае вернасць свайму прафесійнаму і грамадзянскаму абавязку.

Жадаю супрацоўнікам і ўсім сябрам выдання моцнага здароўя, шчасця, аптымізму, творчых поспехаў на карысць Бацькаўшчыны.

Лілія АНАНІЧ, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь.


Дарагія сябры!


Прыміце найлепшыя віншаванні з нагоды знамянальнай падзеі – 75-годдзя выхаду ў свет першага нумара газеты!


Вы сустракаеце гэту знамянальную дату ў росквіце сваёй высокай прафесійнасці, журналісцкага майстэрства і творчай самарэалізацыі, шчырай зацікаўленасці падзеямі жыцця.

У хуткай плыні часу гісторыя Астравецкага краю адлюстроўваецца на старонках сваёй «раёнкі», якая з трапяткою адказнасцю і павагай да кожнай падзеі захоўвае для будучых пакаленняў думкі і спадзяванні людзей, працоўныя подзвігі і творчыя дасягненні землякоў.

Жадаем, каб і надалей «Астравецкая праўда» заставалася яркай зоркай на небасхіле беларускай журналістыкі, была цікавай, змястоўнай, аператыўнай і масавай народнай трыбунай,  паслядоўна і пераможна адстойвала дзяржаўныя інтарэсы. Няхай ваша слова нясе людзям праўду, ушаноўвае агульначалавечыя каштоўнасці, вучыць дабраце, спачуванню і ўзаемаразуменню.

Падтрымліваць высокі статус аднаго з лепшых дзяржаўных перыядычных выданняў, пераможцы Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» – складана і пачэсна. Але той, хто ставіць высока планку і ідзе насустрач жыццёвым выпрабаванням з адкрытым сэрцам і чыстымі намерамі, заўсёды дасягне сваёй мэты.

Шчасця вам, шаноўныя калегі, моцнага здароўя, плёну і поспехаў у нялёгкай журналісцкай працы!

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта А.Л. Вярсоцкі


Шаноўныя сябры!


Прыміце самыя цёплыя і шчырыя віншаванні з днём нараджэння газеты “Астравецкая праўда”!


75 гадоў назад, 29 мая 1941 года, выйшаў з друку першы нумар газеты “Бальшавіцкі арганізатар”, затым была “Сталінская праўда”, а цяпер – “Астравецкая праўда”.

З моманту свайго заснавання лёс “Астравецкай праўды” непарыўна звязаны з лёсам Астравеччыны. Усе 75 гадоў газета стварала летапіс раёна, была выдатнай школай майстэрства для некалькіх пакаленняў супрацоўнікаў і пазаштатных аўтараў. За гады існавання газеты мяняліся аб'ём і назва выдання, паліграфічнае выкананне, тэматыка публікацый, але заставалася галоўнае: газета «Астравецкая праўда» заўсёды была блізкая людзям, распавядала пра асноўныя падзеі, пра людзей, якія стваралі славу нашага горада і раёна, пра важныя вехі гістарычнага шляху, які прайшоў наш раён.

75 гадоў у дыялогу з чытачом – зайздросны для газеты лёс. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што “раёнка” з’яўляецца самым запатрабаваным перыядычным выданнем у Астравецкім раёне. А гэта магчыма дзякуючы майстэрству і таленту каманды прафесіяналаў, якая працуе на чале з выдатным кіраўніком Нінай Рыбік. І таму падцвярджэнне – шматлікія ўзнагароды, якія атрымлівае “Астравецкая праўда”.

Усім ветэранам, супрацоўнікам газеты шчыры дзякуй за працу, здароўя, шчасця, аптымізму, цудоўнага настрою, творчых поспехаў і ўдзячных чытачоў.

А.Д. Кавалька, старшыня раённага выканаўчага камітэта.


І.Э. Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў.