Астравеччына: пра нас раскажуць фестывалі
Чаму менавіта пра брэндавыя фестывалі, канцэрты, кірмашы і святы гаварылі работнікі культуры і турызму на вышэйшым узроўні? Таму што гэты накірунак карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод турыстаў. Пазнаць Беларусь у цэлым дапамогуць музеі і помнікі архітэктуры, а вось пра адметнасці кожнага рэгіёна, яго гісторыю, этнакультурныя асаблівасці, абрады і кулінарыю лепш за ўсё раскажуць мясцовыя святы.
Чаму менавіта наш край? Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, месцам правядзення семінара на Гродзеншчыне абралі Астравеччыну, Смаргоншчыну і Ашмяншчыну таму, што яны найбольш багатыя на традыцыі і турыстычныя аб’екты.
ПРА БРЭНДЫ
Астравеччына можа пахваліцца 10-цю брэндавымі святамі, якія даўно палюбіліся не толькі мясцовым жыхарам, але і заезджым гасцям. І хоць свае прэзентацыйныя зоны развярнулі не ўсе, намаганняў тых, хто расказваў пра сябе, хапіла, каб даказаць: наша зямля сапраўды багатая на традыцыі, гісторыю і таленты. Так і хацелася разам з удзельнікамі семінара вывудзіць кемелішкаўскую «фарэль», пакаштаваць гарачай юшкі і жалудовай кавы… Ну, хоць песнямі душу адвяла: падпявала міхалішкаўскаму шансанье і альхоўскаму сямейнаму дуэту. Але аб усім па парадку.
ЗАЦІКАВІЛІ
Думаеце, як гэта магчыма – расказаць пра свята, дзе гулянне расцякаецца-расходзіцца на ўсю вёску, на невялічкім кавалачку глядацкай залы шматфункцыянальнага комплексу і пры гэтым укласціся ў некалькі хвілін? А лёгка! І прытым у нашых работнікаў культуры гэта атрымалася цікава, пазнавальна і арыгінальна.
Так, на свяце рыбака «Залатая фарэль Астравеччыны» госці на «хто першы» вудзілі рыбу, адгадвалі жартоўныя загадкі і каштавалі кемелішкаўскую юшку з духмянымі піражкамі.
Навукова-энергічнае свята «Атам-дзвіж» у дзень горада ўжо палюбілася жыхарам і гасцям Астраўца. Гэта спартыўныя гульні, захапляльныя актыўнасці, інтэлектуальныя задачы і пазнавальныя эстафеты. Гэта магутная энергія маладога горада, якую адчувае кожны.
