26 тур конкурсу «Пазнай Астравеччыну»
Падобна, з такімі ж цяжкасцямі сутыкнуліся і некаторыя іншыя ўдзельнікі. Хоць пазналі маёнтак у Каменцы амаль усе, дакладна расказаць пра будынак удалося не кожнаму.
Былая панская сядзіба ў Каменцы – увасабленне вядомай прыказкі: што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам: яшчэ не так даўно, на памяці старэйшага пакалення, ён быў «жывым» – цяпер жа бачым руіны.
Як расказалі найбольш дасведчаныя і дапытлівыя ўдзельнікі конкурсу, Каменка, якая ў 1558 годзе звалася маёнткам Камяніцкае, з’яўлялася ўласнасцю Паўла Каспаравіча Астравіцкага, у 1567 – уласнасцю Марціна Тамашавіча Чэрапко, а праз год перайшоў у сумесную ўласнасць гаспадарскага маршалка Паўла Астравіцкага і яго брата Эразмуса.
Дарэчы, пастаянны і найбольш дасведчаны ўдзельнік конкурсу Ванда Вайшнаровіч выказала слушную версію, што назва Астраўца пайшла менавіта ад прозвішча Астравіцкіх, а не ад слова «востраў», як прынята лічыць, бо, па-першае, ніякага вострава рэчкі і рачулкі, што агінаюць наша паселішча, не ўтвараюць, а, па-другое, легенда гэтая, як і многія іншыя, з’явілася не так даўно дзякуючы багатаму мастацкаму ўяўленню творчых асоб.
У 1577 годзе маёнтак Камяніца ў Ашмянскім павеце – уласнасць Станіслава Паўлавіча Астравіцкага, які ён, не маючы дзяцей, запісаў хворай малодшай сястры Соф’і і перадаў у апеку сваёй жонцы Настассі Мацееўне Агінскай.
У 1865 годзе Каменка перайшла ва ўласнасць памешчыкаў Лакуцеўскага і Ляшчынскага. Сядзіба, нават у рэштках якой угадваецца былая веліч і прыгажосць, была пабудавана ў 1856 годзе.
Адразу пасля вызвалення Астравецкага раёна ад немцаў, 13 ліпеня 1944 года ў былым маёнтку адкрылася раённая бальніца. У 1961 годзе яна пераехала ў Астравец, а ў Каменцы адкрылі туберкулёзную бальніцу, пазней – тэрапеўтычнае аддзяленне.
Калі ж лячэбныя ўстановы цалкам былі пераведзены ў раённы цэнтр, будынак некалькі разоў мяняў уласніка і паступова прыходзіў у заняпад. Да нашых часоў захаваліся руіны панскага дома, флігель, сыраварня і рэшткі колішняга парка. Цяпер маёнтак у прыватнай уласнасці – хочацца верыць, што ўладальніку хопіць энтузіязму, сіл і сродкаў, каб адрадзіць колішнюю прыгажосць.
Правільна адказалі на пытанне конкурсу і атрымалі 1 бал Наталля Тумаш і Дзмітрый Шмялёў, Наталля Азарава. Дапоўніла адказ падрабязнай інфармацыяй пра гісторыю маёнтка і яго ўладальнікаў Ванда Вайшнаровіч – у яе 2 балы. Па 3 балы атрымалі Святлана Марозава, Марына Кімса, Кацярына Вараб’ёва, Андрэй Ваўчок. Максімальна магчымыя 4 балы запісалі на свой рахунак Ганна Мілашэвіч, Алег Драган, Вікторыя Іванцэвіч і Жанна Волк-Леановіч.
Лідзіруе ў конкурсе па-ранейшаму Алег Драган, у якога 78 балаў, на другім месцы – Марына Кімса з 76 баламі, на трэцім Ганна Мілашэвіч і Жанна Волк-Леановіч – у іх па 72.
Дзе гэта, што гэта?
Нагадваем: далучыцца да конкурсу можна з любога этапу. Калі вы ведаеце, дзе гэта і што гэта, – дасылайце свае адказы, расповеды і фотаздымкі.
Адказы на пытанні конкурсу можна дасылаць у рэдакцыю па электроннай пошце ці паведамляць па тэлефонах: 2-03-64, 7-08-44, +375-29-328-75-99 на працягу пяці дзён (з улікам выхадных і святочных) пасля выхаду газеты з заданнем (да аўторка ўключна).
