Кавалёўка і яе жыхары

1

Кароткая даведка: Вёска Кавалёўка ўваходзіла ў казённы маёнтак Быстрыцкі. У 1857 годзе ў ёй пражывала 45 сялянскіх душ. З 1922 года ў складзе Польшчы. Напрэдадні Другой сусветнай вайны ў Кавалёўцы налічвалася 11 двароў, у якіх жылі 64 чалавекі.
У 1970-ым – 51 жыхар. У 2004-ым – 46 жыхароў. Па даных Варнянскага cельсавета, у 2012 годзе ў вёсцы – 11 жылых дамоў, у якіх пражываюць
24 чалавекі. Па словах саміх жыхароў, калі не лічыць дачнікаў, у Кавалёўцы па раніцах дым ідзе толькі з шасці комінаў.


Кавалёўка – асаблівая вёска. Свае крылы-дамы з надзвычай прыгожымі, разнымі аканіцамі яна раскінула па ўзгорках, а вуліца паміж імі нават не цячэ – звілістая і наравістая, яна скача скрозь каменныя парогі, нібы горная рэчка. Вось так запраста на іншамарцы па ёй не праедзеш – вадзіцелі пакідаюць свае аўто на ўскраіне вёскі і далей тэпаюць пешшу. Вясной, у час сходу снягоў, а таксама летам і восенню, калі задажджыцца, сярэдзіну кавалёўскай вуліцы пераразае сапраўдны горны паток, імклівы і шумны – на сваіх вадкіх плячах ён прыносіць пясок і каменне. “Сядай у начоўку і плыві”, – жартуюць жыхары. І нават калі гэтая імправізаваная рака высыхае, застаецца даволі глыбокае русла, усеянае вострабокімі камянямі.
–Так было заўсёды, – расказваюць жыхары Кавалёўкі. – Колькі стаіць наша вёска, столькі існуе праблема, як прабрацца па яе вуліцы – ні конна, ні пешшу, ні на машыне. Асабліва ў дрэннае надвор’е. Нашы прадзеды, калі выбіралі месца для будучай вёскі, ведалі, што так будзе, і свядома ішлі на падобны крок. Зусім не таму, што былі аматарамі экстрыму. Проста сэнсам жыцця селяніна тады была зямля, а яе ў кавалёўскіх было – кот наплакаў. Хіба ж мог сапраўдны гаспадар заняць пад пабудовы ўрадлівую палоску?! Рука не паднялася б, сэрца не дазволіла б. Будаваліся на непрыдатных для земляробства землях – уся астатняя апрацоўвалася. А да нязручнасцяў вуліцы ставіліся па-філасофску…
У верасні 1915 года тут стаяў фронт Першай сусветнай вайны. Сведчанне таму – брацкая магіла салдат расійскай арміі, у якой знайшлі апошні адпачынак 87 салдат і афіцэр.




На зломе часу

Расказвае жыхар Кавалёўкі Іван Браніслававіч КЯЖУН:

– Мой тата Браніслаў Францавіч расказваў: баі тут былі жорсткія. Немцы з рускімі ішлі адзін на аднаго ў рукапашную. Нашу вёску тады выселілі – людзі ўзялі жывёлу, сякі-такі скарб і пакінулі свае дамы. Некалькі тыдняў жылі ў так званых равах у лесе – гэта ў бок Захарышкаў ды Яросішкаў. А калі вярнуліся, аказалася, што ў нашу хату трапіў снарад. Папрасіліся да сваякоў на кватэру. Потым са старых бярвёнаў склалі невялікую хаціну і перабраліся хоць і ў няўдалае, але сваё жытло.
Бацька меў чатырох дзяцей: трох сыноў і дачку. Быў ён чалавекам “штукарыстым” – любіў выкінуць нейкую штучку. Памятаю, аднойчы нехта сказаў яму, што Раўда з Тартака прывёз на продаж шмат корту (грубая тканіна – Г.Ч.). Калі ж тата прыйшоў за пакупкай, Раўда моўчкі адкрыў паветку – яна была забіта старымі рызманамі.
Нічога не кажучы, бацька вярнуўся ў Кавалёўку і пайшоў па суседках з просьбай пазычыць яек. Маўляў, Раўда прадае корт у абмен на яйкі – дык вось не хапае. Ясная справа, яек яму не пазычылі – вясковыя жанчыны наладавалі імі кошыкі і самі кінуліся ў Тартак…
Колькі крыку было, калі кабеты вярнуліся! Бацька толькі недаўменна паціскаў плячыма: “Хіба я вас туды выпраўляў? Самі папёрліся без дай прычыны.”
Перад Другой сусветнай вайной у Кавалёўцы было 19 двароў. І амаль з кожнага нехта пайшоў ваяваць. З нашага дома забралі тату і старэйшага брата Часлава. Тата быў кулямётчыкам, перамогу сустрэў за 50 кіламетраў да Берліна. Але дадому вярнуўся толькі восенню – разам з іншымі дэмабілізаванымі салдатамі ён пераганяў у Расію нямецкіх коней.
А брат Часлаў не вярнуўся. Загінуў. Назаўсёды засталіся на той вайне і былыя жыхары Кавалёўкі Іван Францавіч Кяжун і Іосіф Антонавіч Станкевіч.
А я ўбачыў немцаў адным з першых у вёсцы. У той дзень пасвіў кароў. У Павадзі, ля гасцінца. Цікава было назіраць, як яны ішлі суцэльным абозам – непрывычная форма, абрыўкі чужой мовы… Бліжэй да вечара я пачаў хвалявацца: як жа перагнаць праз дарогу кароў, калі канца ў гэтай жывой стужкі няма? І калі ўжо гатовы быў заплакаць ад бяссілля, у руху немцаў узнік невялікі перапынак – я скарыстаў момант, і рагулі прыйшлі дадому амаль у час.
Немцы любілі яйкі – хадзілі па дварах і прасілі іх у гаспадынь. Памятаю, адзін з іх заглянуў у наш двор. Амаль поўны кошык пакінуў ля парога, а сам зайшоў у дом. Пакуль ён вёў перамовы з мамай, пакуль тая выдзяляла яму тры яйкі, наш сабака, вялікі аматар паласавацца, сцягнуў з нямецкага кошыка пяць яек. Зарабіў немчура!
Прыходзілі і партызаны. Забіралі ўсё лепшае, што трапляла на вочы: хлеб, саганы, кажухі… Асабліва бязлітаснымі былі польскія.
Затое пры немцах можна было ўкрасці лесу. Злодзеяў яны таксама каралі, але калі пастарацца… Словам, мы пабудавалі новы дом. Вось гэты самы, у якім жыву сёння.
Летам 1944-га пачалося наступленне Чырвонай Арміі. Адыходзячы, немцы непадалёк ад нашай вёскі падбілі рускі танк... Я і сёння маю кавалак яго гусеніцы – добра раўняць крывыя цвікі…
Калі тату і старэйшага брата забралі на вайну, я застаўся гаспадаром. Дагэтуль за іх спінамі я мала датыкаўся да земляробчай працы – спецыялізаваўся больш на пасьбе – спачатку свіней, потым кароў і авечак. А тут раптам стаў і аратым, і сейбітам, і касаром. Няпроста, тым больш, што свайго каня мы не мелі. Як магла, дапамагала мама, што ды як рабіць, падказвалі суседзі. Словам, наша палоска ў тры гектары не заставалася неапрацаванай. Хаця плён давала куды больш сціплы, чым у таты. У другой палове зімы сядзелі без хлеба, ратавала бульбачка. Тады ва ўсіх яна была аднолькавая – “карпачка”. Цуда-сорт! Вялікая “карпачка” не расла, затое была плоднай. І цалкам прапасці не прападала ніколі – хоць паранкі, але накапаеш заўсёды. А смачная была, а разварыстая!..
Вайна адкацілася на захад, і кожнай хаце вёскі новая ўлада давяла план высечкі лесу – 20 кубаметраў. А з кім яго секчы? Мне ж толькі 13… Мама дамовілася з суседам, і яны сталі пілаваць лес па чарзе – то маме, то суседу. Нарыхтаваныя дрэвы трэба было ачысціць ад сукоў, распілаваць на вызначаную даўжыню і скласці ў кучы. Далей іх вывозілі машынамі: адну частку ў Тартак, адкуль Лаўрыновіч сплаўляў лес па вадзе плытамі, другую – у Ашмяны…
Ад празмернай працы, гора з-за страты сына і пастаяннага недаядання мама пасля вайны захварэла – яе паралізавала. Паўтара года праляжала ў ложку, а потым – гэта было ў 1948-ым – тата адвёз яе ў бальніцу ў Вільню. Дактары агледзелі маму і развялі рукамі. Тата пакінуў яе ў бальніцы, а сам вярнуўся дамоў – трэба было сеяць. А калі праз два тыдні паехаў у Вільню, мамы ўжо не было – яе пахавала бальніца. Тата так і не змог дабіцца, дзе яе магіла.
Жылі мы небагата, але ўступаць у калгас бацька, як і ўсе жыхары Кавалёўкі, адмовіўся. Цэлы год яшчэ пражылі адаасобнікамі, хоць давалася гэта цяжка. Забіралі збожжа. Забаранялі сеяць – сеялі крадкам па начах. Забаранялі касіць – касілі па лясах ды балотах. Затым такімі падаткамі абклалі, што людзі ўрэшце мусілі скленчыць. Сабраліся ўсёй вёскай, напісалі заяву, даручылі нашаму тату аднесці яе ў сельсавет у Быстрыцу. Ён аднёс, а калі вярнуўся, на яго напалі з папрокамі: маўляў, прадаў ты, Кяжун, цэлую вёску. Тата раззлаваўся, зноў пайшоў у Быстрыцу і забраў тую злашчасную заяву. Назаўтра ў сельсавет яе занёс сусед – той, што крычаў найбольш.
Абагульнілі ўсё падрад, нават жывёлу. Рабілі ў калгасе цяжка, а зараблялі дробязь. Добра, калі за год выходзіла па 100 кілаграмаў збожжа. А ў кожнага ж сям’я – яе карміць трэба было. Сталі паціху красці – нашывалі ў адзежы патайныя кішэні, у іх насыпалі збожжа і, трасучыся (злавілі – загрымеў бы ў Сібір), неслі дадому.
У горадзе жылося лягчэй, але выехаць з вёскі было немагчыма. Некаторым маладым дапамог у гэтым тагачасны калгасны бухгалтар Дакутовіч – па даручэнні старшыні ён забіраў з Мінска калгасную пячатку і ў дарозе наштампаваў адбіткаў на чыстых лістах. На іх потым патаемна выдаваў даведкі, што калгас не супраць – на іх падставе людзям выраблялі пашпарты, і можна было ўцячы з вёскі.
А між тым, да суседа Браніцкага прыехаў ягоны пляменнік Касцюк з Жодзішкаў. Пажыў крыху ў дзядзькі і нешта не памірыўся – перабраўся да Камінскіх. Камінскія ў калгас не ўступалі, іх кватарант – тым больш. А жылі чамусьці непараўнальна больш заможна. Бывала, на свята збяруцца мужыкі на вёсцы, задымяць самасадам, а Камінскі з Браніцкім “жандовыя” папяросы кураць ды пасмейваюцца: не ўмееце жыць, калгаснікі. Маўчалі мужыкі, чухалі патыліцы. Пакуль праўда не вылезла на свет Божы.



Банда








Яны рабавалі магазіны: то ў Кямелішках, то ў Ліцвянах, то ў Ігнацове… Па начах запрагалі каня і ехалі ў намечаную вёску. Збівалі замкі і забіралі тавар. Каб не папасціся, прыдумвалі розныя хітрыкі: то каня ў прасціну закруцяць, каб яго масць змяніць; то зімой, вяртаючыся з рабавання, спецыяльна пад’едуць да якога-небудзь хутара, а зваротныя сляды замятуць лапнікам. Трасе назаўтра міліцыя ні ў чым не вінаватых людзей…

Главаром банды быў Касцюк Браніцкі, а дапамагалі яму сям’я Камінскіх, Іосіф Дэнюш з Тартака, Іосіф Кайрыс з Хралоў і Гіновіч з Сыманэляў. Нарабаванае яны галоўным чынам закопвалі ў зямлю – да лепшых часоў. Ужывалі папяросы, прадукты, гарэлку… Дзейнічалі каля паўтара года. І так паверылі ва ўласную беспакаранасць, што пачалі рабаваць людзей. Мясцовыя жыхары іх пазнавалі, але баяліся прызнацца. Гэта пасля, калі міліцыя ліквідавала банду, пачалі расказваць. Франучыха жыла на хутары, лічы, без гаспадара – яе муж ляжаў паралізаваны. Дык забралі ягоны касцюм, сланіну, яшчэ там нешта. Франучыха пазнала маладога Камінскага, але нікому не сказала – баялася за дзяцей.






А папаліся яны, калі абрабавалі фінагента Полазава. Жыў такі ў Тартаку ў доме раскулачанага. Збіраў падаткі. Падпільнавалі яго, калі той вяртаўся з поўнай сумкай. Пачалі страляць. Полазаў сумку кінуў і ў кусты. Але паспеў азірнуцца і пазнаць тых, хто ў яго страляў. А назаўтра цішком – у раён.
…Людзі хутка заўважылі: зачасціў нешта ў нашу вёску следчы Падасінавік. І так у яго “няўдачна” ўсё складвалася, што часта “вымушаны” быў заставацца на начлег у Кавалёўцы. А па начах усё да ветру выходзіў. Выйдзе і доўга не вяртаецца – на зоркі ўзіраецца, ці што?
Толькі следчага Падасінавіка цікавілі зусім іншыя справы – ён назіраў за ўдзельнікамі банды: калі выязджаюць, калі вяртаюцца…
…Праз нейкі час на досвітку ў Кавалёўку прыехала машына. З яе кузава выскачылі салдаты і акружылі дом Камінскага. Сталі стукаць у дзверы: “Адчыніце. Міліцыя”. Пасля пэўнага замяшальніцтва гаспадыня адчыніла дзверы. Міліцыянеры зайшлі ўнутр. У пакоі яна была адна. Але было відаць, што на рассцеленым ложку спалі двое. І стол з вечара быў накрыты на дваіх…
Адзін з міліцыянераў пасвяціў ліхтарыкам на паддашша, і Касцюк Браніцкі, зразумеўшы, што яго схованку выкрылі, пачаў страляць. У адказ нехта з салдат, што акружалі дом, выпусціў па шчыце хаты аўтаматную чаргу… Цяжкапараненага Браніцкага потым проста скінулі з паддашша на зямлю. Ён моцна ўдарыўся галавой і сканаў на месцы.
Праз некалькі дзён арыштавалі Іосіфа Дэнюша. Гіновіча пры спробе ўцячы забіў следчы Ляхоўскі.
Дэнюшу, Кайрысу і Стасю Камінскаму далі па 25 гадоў турмы, старому Камінскаму – 10 гадоў, яго дачцэ Мані – 15, а малалетняга сына Манюка не пасадзілі. Не забралі і старую Камінскую. Арыштаваныя паказалі на допытах, дзе закопвалі нарабаваны тавар, і міліцыянеры яго адкапалі. Сумку фінагента знайшлі ў дрывотні.
Жыццё пакацілася далей

Іван Браніслававіч працягвае свой расповед:


– Бура, выкліканая выкрыццём банды, пакрысе сціхла. Кавалёўка вярнулася да звычайнага жыцця. Зноў сеялі, палолі, убіралі. А брыгадзірам у нас быў благі чалавек, здеклівы. Людзей за людзей не лічыў. Каза аднойчы ў калгасную кукурузу забрыла – аб’явіў яе гаспадара ворагам народа. Так надакучыў, што мужчыны не вытрымалі і аднойчы надавалі яму пад бакі. Дваіх пасадзілі на суткі. Але і брыгадзір пацішэў.
Палепшала ў нас, калі старшынёй стаў Купрэвіч. Ветэран вайны, талковы чалавек. Гаспадар. У яго нават хапала смеласці процістаяць раённаму начальству, якое прымушала ўсюды сеяць кукурузу. Пры Купрэвічы працадзень крыху “пацяжэў”. Філімонцаў, наступны старшыня, ужо дабавіў на працадзень па 10 капеек.
Я спачатку хадзіў на паляводства, потым стаў трактарыстам. У 1959 годзе ажаніўся. Швагер спачатку падказаў, што ў Мяшлянах ёсць добрая дзяўчына, а потым на кірмашы ў Міхалішках паказаў мне яе… Праз тыдзень мы са шваграм пайшлі ў Мяшляны ў сваты. Бутэльку распілі, швагер з бацькамі дзяўчыны пагаварылі, а мы з ёй моўчкі пасядзелі – нібы і не пра нас ішла гаворка…
Тры гады, як маёй Ванды няма на свеце. А я вось жыву і на здароўе пакуль не скарджуся. Можа, таму што магазіннага ніколі ў жыцці не еў? Ні каўбасы, ні сыру, ні апельсіна… Нават у гасцях. А калі ўзнікае такая патрэба, закусваю хлебам з соллю. І таблеткі ніколі не піў. Ды, праўду кажучы, і ў бальніцы ляжаць не даводзілася, дзякуй богу.
Я люблю сваё – каб з уласнай градачкі ці са свайго хлевушка. Так нашыя бацькі харчаваліся. І дзяды. І мы павінны. А то псуюць сваё здароўе ўсялякай хіміяй…



Небяспечнае сваяцтва

Расказвае жыхар Кавалёўкі Гендрых Іосіфавіч БРАНІЦКІ, стрыечны брат Канстанціна Браніцкага:


– Дзяды майго бацькі паходзяць з Брэста. Як яны аказаліся ў Кавалёўцы, я дакладна не ведаю. Але былі людзьмі не беднымі – зямлі мелі добры кавалак. Майму тату, і то дасталася 30 гектараў. Праўда, і едакоў хапала – васьмёра нас было ў бацькі.
А дзядзька Касцюк жыў у Жодзішках. Падчас Першай сусветнай вайны ў Жодзішках доўга стаяў фронт, і людзей павысялялі з мястэчка. Нейкім чынам сям’я ягонай будучай жонкі аказалася ў нашай Кавалёўцы. Касцюк упадабаў дзяўчыну, і сам запаў ёй у сэрца. Вось яны і пажаніліся. Дзядзька пайшоў у прымакі – перабраўся ў Жодзішкі. Жыў заможна: зямлі меў – да чорта, трымаў 15 коней, нават сто дамкоў пчолак у яго было. Ну і шасцёра дзяцей. Старэйшага сына Івана забралі на вайну. Дадому пасля перамогі ён вырашыў не вяртацца – застаўся ў Польшчы. І правільна зрабіў – сям’ю яго бацькі пасля вайны вывезлі ў Сібір. Сядзібу разрабавалі, кароў-коней забралі, а пчаліныя дамкі спачатку залілі вараткам, а потым выбралі з іх мёд.
Касцюку-малодшаму неяк удалося ўцячы. Ён прыскакаў да нас на запененым кані. Бацька, вядомая справа, пусціў яго ў хату. Але аднойчы ўбачыў у руках пляменніка пісталет. “Навошта гэта?” – зніякавеў бацька. “А гэта я, дзядзька, бальшавікам помсціць буду. За маіх маці і бацьку, за братоў і сясцёр. За наша знішчанае жыццё. За разрабаваны дом”, – не хаваў сваіх намераў Касцюк. “Не ў маёй хаце, – астудзіў яго пыл бацька. – Бачыш, у мяне васьмёра на печы сядзяць? Не дапушчу, каб ты загубіў і маю сям’ю”.
Праз дзень Касцюк выйшаў з нашай хаты – перабраўся да Камінскіх. Там у іх усё і закруцілася. Гарачы ён быў па характару і моцна ненавідзеў новую ўладу. Ды і яго зразумець можна было: жылі, працавалі, паважанымі людзьмі лічыліся, і раптам сталі злачынцамі, ворагамі народа. Вось толькі людзей рабаваць – якая ж гэта помста, каму?..
Наш тата таксама баяўся Сібіры – зямлі ж ладны кавалак меў. Але схадзіў да дэпутата… Быў тут у нас такі Лукойць. Занёс, што трэба, падмазаў. “Зрабі ўжо як-небудзь, каб мяне не вывезлі”. Ну і засталіся мы…
У гэты момант дзверы дома Гендрыха Браніцкага адчыніліся і ў іх праёме з’явілася пажылая сівавалосая жанчына мініяцюрнага росту і целаскладу.
– Што ён тут вам пляце? – зашумела яна з парогу. – Не слухайце вы яго! Хопіць, што я ўсё жыццё слухаю. А куды падзецца, калі замуж выйшла?! А што выйшла, дык тут дзіва няма – ён жа ў маладосці што твой вол быў! Вельмі прыгожы…



Ірэна Вялікая

Вось нездарма ж кажуць: як лодку назавеш, так яна і паплыве. Дзявочае прозвішча Ірэны Восіпаўны Браніцкай – Вялікая. Напэўна, таму, нягледзячы на свой маленькі рост (і вагу), па характару яна – камандзір. І высокаму, шыракаплечаму Гендрыху Іосіфавічу застаецца толькі падпарадкоўвацца яе камандам.
Гаворыць Ірэна Восіпаўна БРАНІЦКАЯ:


– Таму што камандаваць у хаце павінен той, хто разумнейшы. А я мондрая – і па-руску магу, і па-польску. Мой тата пасля вайны быў ажно ў Маскву забраны. Дэпутатам. Бо таксама мондры быў. Як ён памёр, мне прыйшлося гаспадарыць самой. І гарала, і касіла, і карову трымала. Грыбы збірала, сушыла і ў Вільню вазіла прадаваць. Птушкі хатняй трымала безліч, аднойчы на кастрычніцкія святы ажно восем гусей павезла ў Вільню на рынак. Пакуль разлічвалася з пакупнікамі, аднаго нехта ўкраў… І шпікулявала трохі – навязу ўсяго з Вільні і прадам даражэй. А што? Цяпер усе так робяць.
Мы жылі на засценку. А раней жа выбрацца з вёскі ў горад не было ніякай магчымасці. Але я знайшла. Кажу ж вам: мондрая была з дзяцінства. Падышла як след да сельсаветчыка Шавеля – ён і дапамог вырабіць патрэбныя паперы. Прадала я тады карову і ўсё астатняе, і паехала ў Пабрадзе. Паўгода рабіла на фабрыцы. І рабіла б да старасці, дык не – во гэты падкруціўся!
Я да сястры ў Варону пагасціць прыехала, і ён тут – як з-пад зямлі… Прыгожы быў, а ў мяне пасаг добры. Пажаніліся. Пражылі… ужо і не палічыць, колькі. Дзетак вось толькі Бог не даў. А гаспадарку трымалі заўсёды. Кароўку, кабанчыкаў. Трохі нам не пашанцавала з апошняй каровай – год, як без яе. А чужога малака – ні ў зубы. Не, трэба купляць кароўку…
О, аўталаўка прыехала. Пабягу, прыкуплю сёе-тое. Піва табе? А гэта ж! Во сплёў: піва ў Вялікім посце ён піць збіраецца! Сем тыдняў пра яго нават не думай!
А вы гэта што, у газеце пра мяне напішаце? І ўсе будуць чытаць? Няхай сабе. Вось каб яшчэ ў Амерыку гэтая газета патрапіла. Там, у Амерыцы, мамін брат калісьці жыў – яго малым хлопчыкам ксёндз забраў з сабою. Дзядзькі, вядома, даўно няма, але ж ягоныя дзеці-ўнукі засталіся. Я вось і на “Жди меня” падавала – не шукаюць...
Добра, пабягу – аўталаўка чакаць не будзе…
Ірэна Восіпаўна заспяшалася да “крамы на калёсах”, а мне захацелася проста прайсціся па вёсцы. Паздароўкацца са старымі дрэвамі, у магутных суках якіх заблыталася сваімі даўно нячэсанымі косамі мінуўшчына Кавалёўкі. Зазірнуць у сумныя вочы-вокны дамоў, сцежкі да якіх зараслі травой забыцця. Вось у гэтым, аказваецца, жыў “вечны жыд” – чалавек, асуджаны лёсам на бясконцае вандраванне. Многія памятаюць яго – шыракаплечы, барадаты, з нязменнай сукаватай палкай у руках. Ён увесь час некуды ішоў. Не зважаючы на прапановы вадзіцеляў падвезці. Можа, нават не заўважаючы іх. Нібы існаваў у крыху іншым вымярэнні.
– І не лёс тут вінаваты, а яго маці, – лічаць у вёсцы. – Не хацела, каб сына забралі ў войска, і напаіла нечым. Думала – на час, атрымалася – да скону.
А можа, гэта якраз лёс дзейнічаў матчынымі рукамі? Хто ведае…


Ага, вось і яно – праславутае каменнае русла кавалёўскай вуліцы! Нічога, перабяромся… А вунь у кроне магутнага дуба змайстравана хатка – значыць, бегаюць па вёсцы маленькія ножкі. “У тым ліку ў Кавалёўцы пражываюць чатыры чалавекі ва ўзросце да 15-ці гадоў”, – прыходзіць на памяць сельсавецкая справаздача…
А да шчыта вунь таго дома чыясьці рука амаль сто гадоў таму прыбіла выразаную з дрэва лічбу “1916” – дату яго нараджэння. Кажуць, у ім доўгі час размяшчалася крама. Потым яна перастала прыносіць прыбытак, і на змену прыйшла (прыехала!) аўталаўка…
А сакавік, між тым, ужо пралез у рукавы майго паліто і дрыжыкамі забегаў па спіне. Каб крыху адагрэцца, стукаюся ў першыя ж дзверы.

У цёплым доме

…Першае, што заўважаю – печ. Акуратная і ладная, яна чымсьці вельмі падобная да сваёй гаспадыні Марыі Іванаўны БРАНІЦКАЙ.
Гаворыць Марыя Іванаўна:


– Гэтай печы гадоў не нашмат менш, чым мне. Не ведаю, хто яе зрабіў, але гэты пячнік быў сапраўдным майстрам. Вядома, “паднябенне” печы мы мянялі некалькі разоў – гэтулькі саганоў па ім перацягана! А ўсё астатняе – здаўна. І не дыміць, і цяпло трымае. Цяпер такіх не робяць…
Я сама з Кланішак родам. У Кавалёўку замуж пайшла. Даўно, у 1965 годзе. Мой муж, Яўген Іванавіч, рана застаўся сіратой – спачатку бацька яго памёр, потым маці. Старэйшыя брат з сястрой выехалі ў Вільню, і ён застаўся адзін. Мусіў жонку шукаць. Вось ягоная цётка нас і пазнаёміла. А на пагляд быў ён хлопцам не брыдкім... Словам, пайшла я за яго. А перажывала моцна як я буду ў чужых людзях? А ці так зраблю, ці так згатую? Ён шафёрам працаваў, дык кожны вечар да нашых у Кланішкі ездзілі. А потым сын у нас знайшоўся – у гонар абодвух дзядоў назвалі яго Янам – тады ўжо ездзіць сталі радзей. А калі і другога сына бусел у комін укінуў (Янушак захацеў, каб браціка назвалі Валянцінам), тады ўжо і зусім часу паменшала. І гаспадарка ў нас з Яўгенам разраслася – свіней трымалі, кароўку, каня.
Працавала ў паляводстве, як і большасць жанчын вёскі. Небагата жылося ў Кавалёўцы, затое – не сумна. Людзі тут заўсёды былі вясёлыя, гатовыя на выдумку. Спытайцеся любога са старэйшых, як Янэцкая на трактары вучылася ездзіць – кожны раскажа.
Нягледзячы на немалады ўзрост, наша Янэцкая была вялікай “штукаркай”. Надумала аднойчы навучыцца на трактары ездзіць. На гусенічным. Падгаварыла трактарыста – той паказаў, на якія рычагі ціснуць, і вылез з кабіны. Янэцкая націснула і паехала. Метраў дваццаць адбарабаніла – хопіць, умею. А як спыніць трактар, ніхто ёй не паказаў. Ездзіць па полі і крычыць: “Т-пру, зараза”. Усе навокал ад смеху бакі рвалі. А яна тузгалася, тузгалася, пакуль у роў не патрапіла – там трактар і заглох…
А яшчэ кавалёўскія працай славіліся – гультаёў у вёсцы, лічы, не было. Мне муж трапіўся таксама працавіты – да работы запрашаць патрэбы не было, сам яе бачыў. Вось толькі здароўем не выйшаў – тры інсульты адзін за адным. Пасля першага яшчэ нічога быў. Праўда, на працу ўжо не мог хадзіць – я за яго паўгода да пенсіі дарабіла. А потым здарыўся другі… З трэцяга інсульту Яўген ужо не выйшаў. Вось і засталася я адна – сама сабе гаспадыня.
Дзеці даўно пажаніліся. Адзін жыве ў Астраўцы, другі – у Варнянах. Маю трох унукаў і адну ўнучачку. Марту! Так мне хацелася мець дзяўчынку – не даў Бог. Затое хоць унучачкай парадаваў..
Жыву, так бы мовіць, на ўсім гатовым: дзяржава плаціць пенсію, магазін прыязджае ледзь не на дом, дзеці дапамагаюць дзе трэба. Сумнавата, канешне, адной, але тэлевізар выручае – гляджу ўсё, што ён паказвае.



Да работы не дабрацца

Гаворыць Наталля Мар’янаўна КУХАРЭВІЧ:


– Пасля заканчэння Варонскай школы я пайшла вучыцца ў Камарова – набыла спецыяльнасць лабаранта. Нейкі час рабіла на ферме, пасля перайшла ў Трокеніцкі цэх – там заробкі былі вышэйшымі. У 1991 годзе выйшла замуж за Мечыслава Кухарэвіча са Жвірбляў. Час такі быў – самы развал у краіне, таму пачынаць сумеснае жыццё было няпроста. Але неяк прыстасаваліся. Бяда толькі, што вёска наша зусім глухой стала. Раней людзей працоўнага ўзросту больш было – кожную раніцу ў Кавалёўку прыязджала машына з “Полацкага Тракту” і забірала работнікаў. Цяпер гаспадарку далучылі да СВК “Варняны”, а колькасць працуючых у Кавалёўцы зменшылася – хто ж будзе прысылаць машыну за траімі чалавекамі?! Так вось атрымалася, што сяджу дома.
Муж працуе на ферме “Варона” падвозчыкам. Штодня дабіраецца туды на ровары. У сёлетнія маразы гэта было няпроста. Не лягчэй прабіцца і праз снежныя заносы. Прынамсі, мне гэта – не па сілах. Так што хатняя гаспадыня я не па ўласнаму жаданню – ад безвыходнасці. Хоць, вядомая справа, і дома працы хапае.
Асноўны заробак – ад здадзенага малака. Раней у нас былі праблемы з яго зборам, але ў жніўні прынялі рашэнне, і цяпер малаказборшчык прыязджае ў Кавалёўку кожны дзень, хоць пакуль малако здае толькі адзін двор.
Нам вось не пашанцавала ў гэтым сэнсе – карова не пакрылася, так што вялікага малака чакаць не прыходзіцца. Нічога, падтрымаю сямейны бюджэт лісічкамі – у мясцовым ляску арыентуюся, нібы на ўласных градах.


Дапаўняе сяброўку Ганна Іванаўна КЯЖУН:


– Так, з работай у нас праблемы. Раней я працавала ў паляводстве, а цяпер засталася, так бы мовіць, у канцы калёс – не дабрацца да цэнтра брыгады. Шчасце, што дзеці ўжо выраслі і пайшлі на свой хлеб: абодва сыны працуюць на кардоннай фабрыцы ў Альхоўцы, дачка – у Астраўцы ў дзіцячай бібліятэцы. З мужам у нас неяк не склаліся адносіны – спачатку мы разышліся, а потым ён наогул памёр. Так што я вярнулася ў родны дом, даглядаю тату, крыху гаспадару. Жыву, адным словам.
А вёска наша і праўда незвычайная – прыгажэй у свеце, можа, і няма. Толькі зглушэла яна, зменшылася – як з узростам глохнуць і драбнеюць старыя людзі…


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР, фота аўтара.