Вёска Тумкі і яе жыхары

11:00 / 16.07.2026

Напісаць пра Тумкі мяне папрасіла Галіна Ромаш (у дзявоцтве Памецька). Гэтую невялікую прыгожую вёсачку яна лічыць сваёй другой радзімай, а яе жыхароў – амаль што раднёй. Калі я слухала аповед Галіны Сігізмундаўзны пра вёс­ку Тумкі і яе жыхароў, здзіў­лялася: для кожнага яна знайшла добрыя  сар­дэчныя словы. Можа, і сапраўды гэта райскі куточак і жывуць тут асаблівыя людзі. Ці апавядальнік – жанчына з вялікім сэрцам, якая любіць людзей і радзіму.

Галіна

Нарадзілася Галіна Сігіз­мун­­даўна ў вёсцы Трашчаны. Маці яе некаторы час служыла ў пана Сволькена і лічылася адукаванай. Можа, таму і дзецям пастаралася даць адукацыю: сын стаў марскім афі­цэрам, дачка – настаўніцай.

З мужам, ураджэнцам вёскі Тумкі, Галіна пазнаёмілася, калі прыйшла вучыцца ў 9 клас Жукойненскай школы. На вечарыне яе запрасіў на танец тумкоўскі хлопец Станіслаў Ромаш – з таго ўсё і пачалося. На выхадныя і на канікулы яны разам ішлі да Тумкоў, а потым юнак праводзіў дзяўчыну да Трашчан – а гэта яшчэ кіламетраў пяць.

Яны разам паехалі паступаць ў Мінск. Галіна здзейсніла дзіцячую мару і стала настаўніцай, а Станіслаў вывучыўся на інжынера-будаўніка. У 1967 годзе яны пажаніліся. Нара­дзілі дваіх сыноў. З таго самага першага танца так і не разнімаюць рук – жывуць у згодзе, у ладзе, любові. 

А як выйшлі на адпачынак, то па паўгода, а то і больш, праводзяць у Тумках.

З гісторыі вёскі

Вёска Тумкі знаходзіцца ў Міхаліш­каў­скім сельсавеце. У 16-м стагоддзі яна ў складзе маёнтка Міхалішкі ў Высокадворскай воласці Віленскай эканоміі ВКЛ. У 1669 годзе – ва ўладанні Цыпрыяна Бжастоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) – у Расійскай імперыі. 

У 19-м стагоддзі вёска ў складзе маёнтка Сідарышкі ў Свянцянскім павеце Віленскай губерніі. Належала памешчыку Пашкевічу. У 1872 годзе адносілася да Страчскай сельскай грамады і ўваходзіла ў Аляксандраўскую воласць.

У 1905 годзе ў Тумках было 130 жыхароў і 250 дзесяцін зямлі. У 1909-м – 10 двароў, 153 жыхары.

З верасня 1915-га да снежня 1918 года  вёска акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. З 1922 года Тумкі ў складзе Польшчы. З лістапада 1939 – у БССР. 

З 12.10.1940 года вёска ўваходзіла ў Жу­кой­ненскі сельсавет Свірскага раёна Ві­лей­скай вобласці. З канца чэрвеня 1941-га да пачатку ліпеня 1944 года – пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

З 20.09.1944 г. – у Маладзечанскай вобласці. У 1959 годзе тут пражывала 64 чалавекі. 

З 31.08.1959 г. – у Астравецкім раёне.

З 20.01.1960 г. – у Гродзенскай вобласці.

У 1970 годзе тут было 49 жыхароў, у 2004-м – 7 гаспадарак, 11 жыхароў. На сённяшні дзень у вёсцы дзве гаспадаркі і 4 жыхары.

У 1875 годзе Тумкі належалі да Кеме­ліш­каў­скай парафіі, цяпер – да Свіранскай. Калі храмы зачыняліся, людзі наведвалі міхалішкаўскі касцёл.

Тапонімы

Назва вёскі паходзіць ад прозвішча Тумко або Тумкевіч – мяркуецца, што гэтыя людзі заснавалі вёску. У 1875 годзе ў Тумках было дзве сям’і з такімі прозвішчамі. Пазней дадаліся Памецькі, Пушкелы, Васілеўскія, Ромашы, Саханы, Клюкоўскія, Мількі, Лаўрэцкія, Ступенькі, Цэйкі, Астроўскія, Валуевічы, Куцькі.

Кожнае поле, лес, балота мае сваю назву – пра іх мне расказаў Віктар Васілеўскі. Ён добра ведае, дзе знаходзяцца палі Бужына, Капуснік, Сцяна, Качарга; неаднойчы бываў у Рэвіна, Кунаковым рове, Ёлачках, Барку, Барочку. Мясцовым жыхарам пра многае гавораць назвы Гара, Зімнік, Кукор, Стаўнік, Кароценькія, Долгія, Журавіннік, Вароты, Шчаўнік, Воўк укапаны, Мокрае.

Таленты 

Тумкі славіліся сваімі музыкамі, якіх запрашалі іграць вяселлі і танцы нават у аддаленыя вёскі. Зянон Васілеўскі іграў на акардэоне, Уладзімір Ромаш – на скрыпцы, Эдмунд Лаўрэцкі – на гармоніку. Расказвалі, што быў яшчэ і кларнетыст. Калі яны збіраліся разам, жыхары прыбярэжных вёсак выходзілі слухаць музыку, якая далёка разносілася па вадзе.

Трагедыя

1 мая 1968 года жыхары Тумкоў перажылі страшную трагедыю. 

У нядзелю дарослыя былі ў Міхалішках – хто ў касцёле, хто на кірмашы. А тым часам хлопчык, гуляючы, распаліў агонь каля сваёй хаты. Пажар ахапіў адзін дом, другі, трэці... Згарэла 15 дамоў – амаль уся вёска. Але, дзякуючы дзяржаве, працавітым і дружным людзям, Тумкі адбудаваліся – і зноў тут кіпела жыццё, праца, падрасталі дзеці.

Бераг левы, бераг правы… 

Рэчка Сарачанка, якая дала назву ланцужку Сарачанскіх азёр, бярэ свае вытокі з Тумкоўскага возера і ўпадае ў Вілію. Яна працякае праз вёску і дзеліць Тумкі на дзве часткі: да рэчкі і за ёй. Дзяды і прадзеды ездзілі адзін да другога на лодках. Нават могілкі былі ў кожнай частцы свае. Аб’ядноўваў Тумкі драўляны мост. 

Цяпер праз рэчку пабудаваны новы бетонны мост. Дзя­куючы яму ды цудоўнай дарозе  два разы на ты­дзень у вёску прыязджае аўталаўка, дзе можна купіць усё неабходнае, а чаго няма, то заказаць – прывязуць у наступ­ны раз. Прадаўцы Анатоль і Тарэса Ур­банайці ветлівыя і ўважлівыя, дапамагаюць вяскоўцам, раяць, клапоцяцца пра іх. 

Жыхары

Добрыя і працавітыя людзі жылі ў Тумках: Юзэфа Сахан, Іосіф і Браніслава Ромашы, Станіслаў і Ядвіга Валуевічы, Валянцін і Яніна Памецькі, Эдмунд і Аляксандра Лаўрэцкія, Франц і Ганна Лаўрэцкія, Леанід і Яніна Тумкевічы, Эдуард і Ганна Клюкоўскія, Эдуард і Клеманціна Цэйкі, Марыя Астроўская, Альбін і Юзэфа Ступенькі, Іван і Леанора Пушкелы, Іосіф Куцька. Няма ўжо іх на гэтым свеце, але яны пакінулі пасля сябе добрую памяць. 

Вёсачка заціхла, змоўкла… Цяпер у Тумках толькі два дамы, у якіх ранкам уецца дымок над дахам, а вечарамі прыязна і весела свецяцца аконцы. 


У адным з іх жыве сям’я Васілеўскіх – іх прыгожая дагле­джаная сядзіба вабіць вока. Тут жывуць Уладзімір, Сабіна і іх добры клапатлівы сын Віктар, які даглядае сваіх састарэлых бацькоў. Асаблівая радасць у сям’і Васілеўскіх, калі на святы прыязджае старэйшы сын Анатоль з жонкай і дзецьмі.

У доме за рэчкай жыве зычлівая і жыццярадасная Данута Лаўрэцкая. Змоладу яна выехала ў Вільнюс, пражыла там усё жыццё, а як выйшла на пенсію, вярнулася ў Тумкі, у бацькоўскую хату. 

Яшчэ нядаўна віўся дымок над комінам хаты Бернарда і Гэлі Васілеўскіх. Гаспадар рос сіратою, да пенсіі працаваў трактарыстам, клапаціўся пра маці, быў працавітым, спагадлівым, добрым. Але час не шкадуе нікога. Састарэлага хворага Бярнарда ўзялі пад сваю апеку сацыяльныя службы, а Гэлю даглядае пляменніца.

У чацвёртым доміку жыла сям’я Валянціна і Яніны Па­мецькаў. Гаспадыня – працавітая, вынослівая, цягавітая, здавалася, яна ніколі не адпачывае – бяжыць і бяжыць, як тая вада ў рэчцы. Спрытная, вясёлая, любіла спяваць, танцаваць. Хоць жыццё пражыла цяжкае, рана асірацела. Яе сыны Іван, Віктар і Валерый – прыгожыя, добрыя мужчыны, якія не забываюць сваю малую радзіму: наведваюцца ў бацькоўскі дом, даглядаюць яго. 

Працавітыя, сціплыя Ста­ні­слаў і Ядвіга Валуевічы выха­­валі дачку Тарэсу паваж­­лівай, спагадлівай, добра­зыч­лівай. А яна, у сваю чаргу, у веры і любові выгадавала сваіх дачушак. Мінулай восенню, калі напярэдадні Усіх Святых Літва закрыла граніцы, яна ехала з Вільнюса праз Латвію, каб пабыць у гэты дзень на могілках. А па дарозе праведалі аднавяскоўца Бярнарда Васілеўскага ў доме састарэлых, прывезлі дзеду слыхавы апарат. І за бяздомных катоў, якія аблюбавалі Тумкі, баліць яе сэрца: Тарэса прывозіць для іх мяшкамі корм і плаціць чалавеку, які корміць іх зімой.

Тумкі, светлую маляўнічую вёсачку, цяпер ажыўляюць мінчане-дачнікі. Гараджанам падабаецца цудоўная прырода, чыстае паветра, рэчка, возера, лес. 

Для ўсіх, хто нарадзіўся і пасяліўся тут, Тумкі – родны кут, які ўсім мілы і забыць які яны не маюць сілы…


Іаланта ВАЛУЕВІЧ. Фота з архіваў жыхароў Тумкоў.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://telegram.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.