Дзясяты этап конкурсу “Сваё, астравецкае”: чым знакаміта возера Бык

13:00 / 31.07.2026

«Ну канешне ж, размова ў чарговым заданні ідзе пра возера Бык!» – у першым жа сказе дала адказ на пытанне наша дэбютантка Алена Шымковіч. 

І яна, як, да слова, і ўсе астатнія канкурсанты – няправільных адказаў на гэты раз не было – мае рацыю.

…Узгадваецца асабістае знаёмства з гэтым нерэальна прыгожым і містычна-таямнічым возерам. Напрыканцы 90-х падчас чарговай кампаніі па прыцягненні гараджан да ўсеагульнай барацьбы за ўраджай супрацоўнікаў рэдакцыі адпра­вілі палоць буракі. Дзень быў спякотны, пасевы зарослыя, гачкі тупыя, глеба камяністая… Словам, замарыліся мы за дзень да самага нельга. І наш тагачасны вадзіцель Віктар Куркуль прапанаваў паехаць на возера Бык, каб змыць пыл і стому.

Памятаю, як уразіла тады возера. Правільнай авальнай формы, нібы вока бога; з густымі пухнатымі вейкамі-лясамі паабапал; ціхае, спакойнае – але ў спакоі тым адчувалася стоеная магутнасць і таямнічасць. Аблокі паволі плылі па яго цёмнай роўнядзі сінхронна з бяздонным блакітам неба… Да галавакружэння, да страты прытомнасці заварожваючая прыгажосць! Міжволі паверыш у містычныя легенды, звязаныя з паходжаннем гэтага возера, да слова, аднаго з найглыбейшых у Беларусі. Зрэшты, многія канкурсанты сцвярджаюць, што глыбіня яго невядомая, бы яе немагчыма вымераць з-за тоўстага слою ілу. Найменшая з зафіксаваных – 3 метры, найбольшая – 8, але не канчатковая.

І легенда аб паходжанні возера Бык, якая прыведзена ў конкурсным заданні, – не адзіная. У адказах нашых пастаянных удзельнікаў: тандэму Бабіч-Заруба, Ка­рыны Стаповіч, Аляксандры Працуты, навічка Алены Шымковіч, Марыі Васілёнак – узгадваюцца і іншыя са спасылкай на даследаванне нашага земляка, кандыдата гістарычных навук, загадчыка сектара захавання фальклорнай спадчыны Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Юрыя Внуковіча. Ён запісаў мноства паданняў ад старэйшых людзей навакольных вёсак пра ўтварэнне возера. 

Да прыкладу, адзін з жыхароў Мацюлішак расказаў, што чалавек апрацоўваў глебу на быках, а яны не слухаліся. Мужчына голасна заругаўся на іх, крыкнуўшы: «Каб вы праваліліся!» – так і сталася.

Існуе яшчэ адна легенда пра паходжанне і назву возера. Да яго на вадапой прывялі быка (вала), а ён стаў на ілістае дно – і бясследна знік пад вадой. Тушу праз некалькі дзён знайшлі ў возеры Качканай, якое знаходзіцца на тэрыторыі Літвы. 

Самае дзіўнае, што легенды гэтыя – не байкі. Навукоўцы даказалі, што во­зера Бык звязана падземнымі воднымі шляхамі з літоўскім возерам Качканай і Слабодкаўскім, што на Астравеччыне. На паверхні гэтыя азёры не злучаны ні рэчкамі, ні ручаінамі, тым не менш, рыбу, якую кальцавалі ў возеры Бык, вылаўлівалі ў літоўскім возеры, а пазначаны ў Літве вугор знаходзіўся ў возеры Бык, а затым – у Слабодкаўскім. Такія вось нязведаныя падземныя шляхі гасподнія!

Юрый Внуковіч запісаў і іншыя паданні. Мясцовыя жыхары лічаць, што трэба ісці на возера Бык у першы дзень Вялікадня да ўсходу сонца, каб пачуць рыканне валоў. Па іншай версіі, тыя, хто не меў магчымасці наведаць касцёл у гэтае вялікае свята, ішлі да возера, з нетраў якога чулася «Вясёлы нам дзень настаў…» А Марыя Васілёнак прывяла ўспаміны Тарэсы Кляўды, якая ў 70-я гады мінулага стагоддзя разам з аднакласнікамі, класным кіраўніком і дырэктарам школы хадзіла ў паход на гэтае возера і расказвала, як яны лавілі там рыбу, пераплывалі Быка ўздоўж і ўпоперак на самаробных плытах, а хлопцы выцягвалі з-пад каранёў прыбярэжных дрэў ракаў. Апроч гэтага, Тарэса Леанардаўна ўзгадала, што, па словах мясцовых жыхароў, калі ў зімовы дзень (на жаль, яна не запомніла, у які) прыціснуцца вухам да лёду, то можна пачуць роў быка.

Унікальнасць возера Бык – не толькі ў апетым у легендах яго паходжанні ды ў назве. Яно з’яўляецца ядром аднайменнага раённага ландшафтнага заказніка «Возера Бык», утворанага ў 2005 го­дзе з мэтай захавання ўнікальнага прыроднага комплексу. Ён знаходзіцца на тэрыторыі Гудагайскага сельскага Савета і Катлоўскага лясніцтва, прыкладна 1,9 км ад хутара Камароўшчызна, у 14 кіламетрах на паўночны захад ад раённага цэнтра, практычна на мяжы з Літвой. Плошча заказніка складае каля 120 гектараў. Гэта адносна невялікая, але вельмі маляўнічая тэрыторыя, якая ўключае само возера і прылеглыя да яго лясістыя грады. І хоць заказнік мае мясцовае значэнне, яго прырода заслугоўвае самай пільнай увагі.

Возера Бык славіцца сваім рыбным багаццем: тут водзяцца  акунь, шчупак, плотка, лінь, лешч і іншыя віды рыб. 

А галоўны батанічны скарб заказ­ні­ка хаваецца не ў глыбіні вод, а на ўз­бя­рэжжы. Тут можна знайсці 9 відаў дзі­карослых раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, у тым ліку меч-траву звычайную: у краіне дакладна вядома толькі чатыры мясціны, дзе яна расце, на Гродзеншчыне заказнік «Во­зера Бык» – адзінае падобнае.

Сёння тут, нягледзячы на неверагод­ную прыгажосць, рэдка ўбачыш адпачы­ваючых. Па-першае, возера, як ужо ўз­гад­валася, знаходзіцца амаль на самай граніцы з Літвой; па-другое, для адпачынку непрыстасаванае. Да возера цяжка падступіцца, бо берагі яго, па азначэнні мясцовых жыхароў, – зыбуны: густа пераплеценыя каранямі дрэў астраўкі, сярод якіх сустракаюцца «вок­ны», куды, здаралася, правальваліся людзі. Так што, магчыма, легенда пра быка, які бясследна знік у возеры, – зусім не легенда. Да во­зера можна падысці толькі ў адным месцы, дзе дно пясчанае і цвёрдае, але яно насыпана штучна. 
Тым не менш, Алена Шымковіч пра­ілюстравала свой падрабязны і маляўнічы адказ фотаздымкамі, зробленымі ў час, калі вучні Гудагайскай школы хадзілі на возера Бык пад кіраўніцтвам Уладзіміра Клусевіча – па словах Алены, летам 2016 года і ёй пашчасціла пабываць у гэтай цікавай вандроўцы па родным краі. Аляксандра Працута расказала аб даследаваннях на возеры Бык школьнага лясніцтва Варнянскай СШ.

На другую частку пытання – пра мас­тац­­­­кія творы, звязаныя з пры­ве­дзенай ле­гендай, – прак­­­тычна ўсе ўз­­га­далі каменную скульп­ту­ру «Бык» ра­бо­ты Валянціна Бор­здага, якая з’яві­лася ў нашым горадзе пасля пленэру 2008 года і ўс­та­ноўлена паблізу былой аўтастанцыі. Карына Ста­повіч, як заўсёды, не паленавалася прагуляцца да яе разам з сынам, каб зрабіць адпаведны фотаздымак.

Да слова, легенда пра возера, што ўтварылася на месцы, дзе праваліўся пад зямлю араты, існуе не толькі на Астравеччыне. Аляксандра Працута знайшла згадкі пра яе ў зборніку «Легенды і паданні» серыі «Беларуская народная твор­часць», выдадзеным Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, а таксама ў кнізе вядомага беларускага літаратуразнаўцы і фалькларыста Алеся Ненандаўца «Край блакітных азёр». Кастусь Цвірка кнігу «Край легенд» прысвяціў тапанімічным паданням пра беларускія вадаёмы – гісторыі пра Сарачанскія каралі і возера Бык займаюць там пэўнае месца. Узгадалі канкурсанты кнігу «Памяць» і нарыс Адама Мальдзіса «Мастак стагоддзя з Тро­кенік», дзе ўзгадваецца і возера Бык. А Карына Стаповіч прыводзіць верш невядомага аўтара:

В день Светлый, когда звонят колокола,
Мужик на поляну погнал быка со двора,
Решил он нарушить господний завет 
И в поле оставил свой грешный он след.
Земля содрогнулась, разверзлась в тот миг,
Навек под водою исчез он и бык.
И гладью зеркальной, пугающей сов,
Озеро стало средь древних лесов.

Што тычыцца вынікаў, то на гэты раз выдатнікаў у нас шмат. Па 5 балаў за правільныя, падрабязныя, разгорнутыя адказы, да таго ж багата пра­ілюстраваныя, атрымліваюць Карына Стаповіч, Алена Шымковіч, Аляксандра Працута, тандэм Бабіч-Заруба. Чатыры балы ў Марыі Васілёнак. Па 3 балы запісваюць на свой рахунак Вячаслаў Саковіч і Наталля Блахіна, 2 балы атрымлівае Людміла Гудойць. 


Текст: Нина Рыбик