Мацканы і іх жыхары
Невялічкая прыдарожная вёсачка. Ціхая і не асабліва прыкметная. Уздоўж яе можна праязджаць гадамі – слізганеш позіркам па вачанятах-вокнах дамоў на ўскрайку – і тут жа забудзеш. І вёсачка цябе забудзе таксама. “Праязджомы” і мімалётны, ты ёй не асабліва цікавы...
Вёсачка неўпрыкмет для самой сябе састарэла, і ўласная такая далёкая маладосць стала для яе куды больш рэальнай і блізкай, чым самая сучасная сучаснасць.
З кнігі “Памяць”: у 19 стагоддзі вёска Мацканы ўваходзіла ў склад Сольскай воласці Ашмянскага павета Віленскай губерніі. У 1897 годзе ў ёй налічвалася 13 гаспадарак і 78 жыхароў. З 1921 года ўваходзіла ў Сольскую гміну Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У 1938 годзе тут было 42 двары, 198 жыхароў. У 1970 годзе ў Мацканах пражывала 66 жыхароў. На 01.01.2004 года ў 13 жылых дамах – толькі 17.
Сёння тут толькі дзесяць комінаў вёскі выпускаюць па раніцах у неба дымок з прысмакам бліноў – усе астатнія дамы пустуюць або перакваліфікаваліся ў дачы.
У Мацканах (гэта даныя Астравецкага сельскага Савета) пражывае 20 чалавек, з якіх восем – працаздольнага ўзросту, трое – дзеці да 16 гадоў і дзевяць – пенсіянеры.
У адзінаццаць гадзін звычайнага рабочага дня складана застаць дома школьніка або асобу “працаздольнага ўзросту” – усе, так бы мовіць, пры справе. Затое людзі, якія заслужылі сабе права на адпачынак, як кажуць палякі, – да дыспазіцыі. Ну і гайда да старэйшых жыхароў Мацканаў! Тым больш, што гэта людзі, якія сваім жыццём пісалі гісторыю вёскі.
Марыя Адамаўна Грамбоўская
Палісаднік Марыі Адамаўны Грамбоўскай зіхаціць-пераліваецца ўсімі магчымымі колерамі пышнагаловых вяргіняў. А вось функцыя апавяшчэння гаспадароў аб нашэсці на іх двор чужынцаў, нібы ў старажытным Рыме, ускладзена на… гусей, якія – не паспелі мы ўвайсці ў двор – пагрозліва выцягнулі доўгія шыі і з аглушальным гагатаннем кінуліся насустрач. На іх лямант з дома выйшла гаспадыня:
–Адчапіцеся ад людзей, гарластыя! От дурная птушка – век бы не трымала, калі б не пер’е… Унучак жа маю – ім лішняя падушка не зашкодзіць. А хто яе зробіць, як не родная бабуля?! Па праўдзе кажучы, я ўжо гэтых падушак нашарпала безліч: і сабе, і братавой, і ўнучцы, і сястры… І Мачэліха ў мяне купляла – сваім ажно ў Гомель вазіла. Быў час, на пярыну пачала збіраць – думала, дачка ў мяне народзіцца… Дзе там – два хлопцы: Іван робіць у калгасе на трактары, Раман – зваршчыкам у Астраўцы. Трэцім разам – лепшым часам? Не было з кім – муж мой памёр маладым. З біркулёзу. Кашляў-кашляў… А тут яшчэ печань падпала… З хворымі лёгкімі яму трэба было тлустую яду есці, а печань тлустасць не прымала. Так і памёр. У 37 гадкоў засталася ўдавой. Аднаму сыну дзевяць гадоў, другому – тры. От, тут зробішся гаспадыняй. Усяму навучышся.
У калгасе ў паляводстве працавала. Лён палолі – хадзілі пяшком ажно пад Астравец. Дзіва, што цяпер усім ногі баляць. Дзялкі буракоў, кукурузы – усё трэба было дагледзець, усё прапалоць. А ты часам не ведаеш, чаму цяпер кукурузу ніхто не поле, а яна расце нетраўлівай? Хімія? Бач, дадумаліся… А даўней усё рукамі, усё рукамі…
І там – рукамі, і дома – рукамі. Найму каго дровы нарыхтоўваць, і сама разам у лес іду. Паспрабуй, пашаруй ручной пілой цалюткі дзень! Яшчэ й стараюся ўгадзіць найміту, каб не прагнаў ды не запатрабаваў іншага памочніка.
Сёння, бывае, расказваю ўнукам – не вераць. Яны думаюць: людзі заўсёды лес шведскімі піламі валілі. І трактарамі заўсёды зямлю аралі…
Калісьці ў майго таты была свая зямля. У Лашкевічавай пасецы – вунь там – добры шнюрок мы мелі. Але ж і дзяцей нарадзіў – ажно дзевяцёра. Толькі што не выжылі ўсе – чацвёра пазміралі. А пяцёра выгадаваліся. Цяпер пра столькі дзяцей маладыя і падумаць баяцца. Цяпер такія цэны – і дваіх пракарміць цяжка…
Хаця… Плацяць і дзіцячыя, і дэкрэтныя. Нам жа не плацілі. Наадварот. Малодшаму яшчэ года не было, як брыгадзір падаў на мяне ў сельсавет, што не хаджу на працу. А штрафавалі тады мяне. Ну што рабіць? Пайшла. Пасадзіла малога на мяжы на посцілку, сама – да працы. Маханула ветрам – нямаведама якое запаленне вочкаў падпала. От напакутвалася, пакуль гэтае запаленне абгасіла…
Карову і без мужа трымала. А як жа? Без каровы і з голаду памерці можна. Якія тады існавалі заробкі – слёзы… Касіў на карову спачатку брат, а неўзабаве і старэйшы сын за касу ўзяўся. Потым і малы на пакос выйшаў.
Сыноў я з маленства цвічыла. Трымала дысцыпліну. А як было інакш? Без бацькі ж раслі. І бачыш, выраслі спраўнымі людзьмі – не саромеюся. Цяпер у мяне дзве нявесткі і дзве ўнучкі.
Са мной у нашым доме жывуць сын Іван і нявестка Таня. Нармальна жывём. Стараемся саступаць адзін адному. О! Каб не саступалі, дык сабака, пэўна, і крыві не папіў бы… Але дзе я змаўчу, а дзе нявестка прабачыць. Так і жывём.
Жаночы лёс, ён з самага пачатку вымаляваны: выйдзі замуж – завядзі гаспадарку – нарадзі дзяцей – выгадуй іх добрымі людзьмі – падгадуй унукаў, а там і на могілкі пачынай збірацца…
Такое Бог жыццё мне “добрае” даў – без слёз не расказаць. Цяпер трошкі лягчэй стала, а час у зямлю лезці. Сусед вунь памёр. Абагнаў. Сумнавата стала – і паразмаўляць няма з кім…
А чаму наша вёска завецца Мацканы, я не ведаю. Ужо і наш тата не ведаў. Жыў тут некалі стары Фэлікс… Больш за сто гадоў меў, як паміраць надумаў… Вось ён, можа, і ведаў. А мы… Адкуль жа нам ведаць – да сотні мы пакуль не дацягнулі. Пад Гервятамі – Мацкі, а пад Соламі – Мацканы. Так я думаю…
Ганна Юльянаўна Грамбоўская
Без палачкі Ганна Юльянаўна – ужо не хадок. І стоячы, яна таксама абапіраецца на, як сама гаворыць, “трэцюю нагу”. А сесці адмовілася наадрэз – так і прастаяла ўвесь час, пакуль мы размаўлялі. Да майго нататніка спачатку паставілася насцярожана, а калі зразумела, што я – з раённай газеты, “адпусцілася”, памякчэла, сказала:
–Добра. Пішы ўсё, як ёсць. Пішы, каб мне лягчэй было. Можа, што памогуць… Ёсць жа там у раёне нейкія начальнікі па старых – няхай памогуць. Мне ўжо 84 гады. Самы час пра мяне ўспомніць. Толькі каму патрэбны стары чалавек?.. Дочкам во патэлефаную:
–Дзяўчаты, вы ж – дочкі…
–Мама, у нас свае праблемы. А ў цябе – мы ведаем – усё ёсць.
Ёсць – я ж не кажу, што няма. Але няхай бы па цукерачцы мне прывезлі. Я б сама іх і не ела – аддала б малому. Такі ўдалы хлопчык расце! Валя, прынясі Сярожку, няхай глянуць, які ён прыгожы і вясёлы. Спіць? Тады не будзі – разкапрызіцца. Гэта мой праўнучак. Малы – толькі два гадкі, але разумны нямаведама які. Да гаворкі яшчэ слабы, дык пакажа, што хоча. “Баба, ам-ам!” – і да роту ручку падносіць. Ведаю: хоча есці.
А Валя – мая ўнучка. Колькі іх у мяне? Ай, я ўжо і не палічу. Валя, колькі вас у мяне? Дзесяць унукоў і дзесяць праўнукоў. Во! Багатая бабуля…
Чатыры дачкі выгадавала: Стасю, Даню, Лену і Ніну. Стася загінула – ехала на ровары, і яе збіла машына. Гэта мне трэба было б у зямлю легчы, а не ёй, маладзёнцы. А не – трымае Бог.
Мацканы мне няродныя – я сюды замуж прыйшла. Сама з Валэйкавіч. На паляводстве тут рабіла, у млыне, у лесе гадавальнікі палола… Няма дзіва, што цяпер рукі рабіць не хочуць, а ногі – хадзіць. А можа, гэта з выгоды, га? Можа, каб якую работу, дык яшчэ і разышлася б?
Дзяўчаты яшчэ ў школу хадзілі, як Стасюль памёр. Жыў-жыў – і памёр… Ужо і не ў памяці, як іх гадавала. От, жыла-была… Свякроўку пахавала, потым мужа, а ўрэшце і дачушку Стасю. Такія мае “радасці”. Такая мая жызня ўсялякая – і багатая, і бедная. Жыла – як у ступе таўкла…
Валя, а можа, разбудзім Сярожку? Няхай людзі глянуць, які ў нас удалы хлопчык расце, Не? Ну добра, не будзі, а то разкапрызіцца…
Ядвіга Іванаўна Бабойць
У яе фігуры, у рухах, у манеры трымацца чытаецца нейкая нязломнасць. Стойкасць. Уменне супрацьстаяць любой навале. Насуперак гадам. Насуперак лёсу…
–Мне было дзевяць гадоў, калі згарэў наш дом. Карасіну ў тыя гады цяжка было купіць, дык тата з дзедам недзе на станцыі здабылі збан бензіну. І разліваць яго вырашылі дома. Справа адбывалася вечарам, і яны падсвечвалі сабе лучынай. Лучына пстрыкнула, і бензін успыхнуў. Каб здагадаўшыся накрыць яго якім кажухом, можа, нічога страшнага і не здарылася б. Але пажар паспрабавалі заліваць вадой…
Дом згарэў ушчэнт. Жыўцом згарэлі брат і сястрычка. Тата аслеп, мама засталася без рукі.
Вось так у дзевяць гадоў я стала гаспадыняй. Мне трэба было накарміць і абмыць пяцёра братоў-сёстраў і інвалідаў тату з мамай.
На кватэру тады пусціў нас да сябе дзед. Пасля смерці бабулі ён ажаніўся яшчэ раз – мачаха не асабліва ўзрадавалася нашаму нашэсцю…
Самым цяжкім для мяне было спячы хлеб. Не было сіл як след вымяшаць цеста. А як яго засунуць у печ? На прыпечак усаджу, а далей – аніяк. Стаю і плачу. Злітуецца мачаха – укіне мае камякі ў печ… Горкім быў смак майго хлеба…
Але ж выгадавала ўсіх сваіх братоў і сясцёр, перажаніла, аддала замуж. І толькі пасля гэтага сама пайшла. Са спазненнем – у маіх равесніц ужо дзеці вунь якія былі. Нічога, і я паспела. Нарадзіла траіх. Выраслі – не сорамна прызнацца: не п’юць, не кураць, работы не баяцца.
Бацькі засталіся пры мне. Тата дажыў да 80-ці гадоў, мама памерла на дзевяноста першым.
Сёння мне самой пераваліла за восемдзесят – работніца ўжо слабаватая. Ну і гаспадарку трымаю па сілах: тры курыцы, певень ды сабака. Граду нейкую пасаджу ды дагледжу. Адным словам, маю і ў што адзецца, і за пусты стол не сядаю. Вось толькі пазнавата гэта ўсё прыйшло. Каб гадкоў хаця на трыццаць раней. А цяпер няма радасці нават ад дастатку…
Гора хлебанула – цераз край, а валасы – бачыш? – чорныя, як смоль. Неяк у магазіне пытаецца ў мяне незнаёмы чалавек: “Ці ты, пані, свае валасы фарбуеш?” Не фарбавала змоладу і на старасць пэцкацца не буду. Хто яго ведае, можа, яны счарнелі ад перажытага гора?
Марыя Іосіфаўна Грамбоўская
Мяккія абрысы твару і вочы, у якіх насуперак васьмідзесяцітрохгадоваму ўзросту жыве нейкая надзея. Як у дзяўчынкі. Як у той Марыські, што шмат-шмат гадоў таму выйшла замуж і пераехала са Смаргонскага раёна ў Мацканы – у дом мужа. Якім прыгожым малявалася ёй сямейнае жыццё!
–Старэйшаму сыну было тры гады, а малодшаму – тры месяцы, калі людзі знайшлі майго мужа ў пятлі. Што да чаго – і сёння не ведаю. У бальніцы ён тады рабіў. Палучку ў той дзень атрымаў. П’яны, праўда, дамоў вяртаўся – можа, ад гарэлкі дур у галаву зайшла?
Пахавала і засталася – як стаяла. Ой, страх успомніць тую жызню. Білася, як рыба аб лёд. Рабіла ў паляводстве. Абчапляюся малымі і іду на дзялкі – какарузу палоць, або лён ці буракі. Крыху падраслі сыны, і яны сталі мне дапамагаць. Да работы ў мяне хлопцы – як шалёныя. Бяда толькі, што і да гарэлкі – гэтак жа.
Быў момант, абодва да мяне ў дом вярнуліся. Адзін у Дайлідках працаваў, другі – у Ізабяліна. Прыйдзе вечар, выйду на парог, то ў адзін бок углядаюся, то ў другі – ці ідуць мае сынкі, ці цвярозыя яны?..
Потым адзін адумаўся, выракся гарэлкі, вярнуўся ў сям’ю, добра жыве. А другі…
Запіваў ён моцна. Як сыдзецца з такімі, як сам, сябрукамі – па некалькі дзён не вяртаецца. Хаджу-хаджу, выглядваю-выглядваю…
Вярнуўся ён аднойчы пасля чарговага запою, залез на печ. “Выклікай, – кажа, – “хуткую”. Вельмі мне дрэнна”. А я вунь які хадок – з дзвюма палачкамі. Не дайсці мне па зімовай аблівацы ў другі канец вёскі, дзе тэлефон ёсць. Ды і што казаць урачам, патэлефанаваўшы? Што ён пасля запою?
Праляжаў ён ноч на печы, назаўтра кажа: пайду да сябе дамоў – ён паўхаты меў у тым баку вёскі. Пайшоў. А мне сэрца баліць. Паклыпала і я, пачакаўшы. Зачынена. Паляпала ў дзверы – не адчыняе. Ну і вярнулася ні з чым.
А назаўтра сябрук ягоны прыбег: чаму дзверы ўвесь час у яго зачынены? Тут мяне і працяло. Забылася і пра хворыя ногі – дабегла да хаты. Стукаю-грукаю – нічога. А я ўжо ведаю: дрэннае нешта зрабілася. “Ламай, – кажу сынаваму таварышу, – дзверы”. Ён, праўда, не ламаў – залез праз гарышча, адчыніў дзверы…
Укленчыў мой сынок пасярод хаты, а галоўка ягоная ў пятлі з вяроўкі, да бэлькі прычэплена. Зрабіў, як калісьці ягоны бацька…
І мужа, і сына ў мяне гарэлка забрала.
Так людзі сталі піць! Гэта ад раскошы, паверце. Хто даўней піў? Часу не мелі за работай. Ад цямна да цямна. Есці не мелі чаго. А як апраналіся! Я замуж пайшла – мела дзве сукенкі, і тыя суседкі пазычалі, як трэба было на вяселле ўбрацца. А цяпер... Сукня-не сукня, туфлі-не туфлі… І ўсё адзначаюць: то нараджэнне, то яшчэ якую немач. Хто даўней ведаў гэты дзень нараджэння?!...
…От даў мне Бог век доўгі, але дурны – без меры…
Найгорш, што ногі зусім не слухаюцца. Сунуся з кійкамі, павалюся – не ўстаць. А рабіць хочацца. Вось і кветачкі пасадзіла, і крыху агародзіку. А Божанька добры – неўдалотаў шкадуе: такая файная гародніна ў мяне сёлета вырасла: капуста – як галовы, цыбуля – як рэпа, і чыстая, без прылепкаў.
Днём, бывае, і парадуюся, гледзячы на гэтае хараство. А лягу спаць – нічога мне не міла. Такое гора наваліцца, што і ўздыхнуць сіл не хапае…
Генуэфа Грымбоўская
Маладжавая і мілавідная, яна з пароды тых шчаслівых жанчын, на тварах якіх гады не пакідаюць глыбокіх зарубак – толькі рысачкі, ад якіх яны яшчэ прыгажэйшыя. Сваё імя па-бацьку Генуэфа не сказала, спаслаўшыся на літоўскую традыцыю называць людзей толькі іх уласным імем. У Вільні яна з 1962 года, так што многае ў сваім жыцці арыентуе ў адпаведнасці з літоўскімі звычаямі.
–У 1962 годзе я перайшла ў дзявяты клас. А паколькі ў нас была толькі васьмігадовая школа, то далей трэба было ісці ў Астравецкую, а гэта значыць – штодня дабірацца з Мацканаў у Астравец. Траюрадная сястра пашкадавала мяне і забрала да сябе ў Вільню.
Нават не ведаю, якім чынам, але ў новы клас я ўпісалася даволі лёгка. Канешне, давялося папакутаваць, пакуль перавучылася з беларускай мовы на рускую. Але дала рады, і школу закончыла з добрымі адзнакамі. Сястра раіла паступаць вучыцца далей, але мне не цярпелася стаць самастойнай, таму адразу пасля школы ўладкавалася на завод радыёкампанентаў. Вучаніцай намотчыцы катушак. Стала намотчыцай. Потым перавялі ў кантралёры…
У адпаведнасці з літоўскімі законамі на пенсію я аформілася ў 60 гадоў, але адпачываць не збіралася – не ўяўляла, як гэта можна сядзець, склаўшы рукі. Толькі лёс распарадзіўся па-свойму…
Наш завод стаў банкрутам, і дванаццацітысячны калектыў зменшыўся да… дзесяці чалавек, у лік якіх увайшла і я. Мы проста працягвалі выпускаць сваю прадукцыю. Так працягвалася яшчэ тры гады, а потым аднойчы я вырашыла для сябе: стоп! Усё. Хопіць. Каб змякчыць пераход, адразу ўзяла чарговы адпачынак. І больш на завод не прыйшла.
…І думаць не думала, што псіхалагічна будзе так цяжка. Адчуванне нейкай абсалютнай незапатрабаванасці, нават адкінутасці: жыццё пайшло далей, а цябе з сабой не ўзяло – ты засталася на абочыне…
Не, побач са мной былі мае дзеці: два сыны, нявесткі, унучкі, але не было самага галоўнага чалавека…
Франц – таксама з Мацкан. Ён быў на пяць гадоў старэйшы. У школе не звяртаў на мяне ўвагі. Але аднойчы (ён тады служыў у арміі і прыехаў на пабыўку да бацькоў) Франц мяне заўважыў…
Мы сябравалі сем гадоў і ў 1969 годзе пажаніліся. Жылі спачатку на кватэры, потым Франц атрымаў аднапакаёўку. Праз нейкі час у нас ужо была трохпакаёвая кватэра. І два сыны.
Я была за мужам, як за каменнай сцяной. Я марыла – а ён ажыццяўляў мае мары. Нават не ведаю, як яму гэта ўдавалася – Франц працаваў усяго толькі электрагазазваршчыкам на будоўлі. На працы ён і загінуў – зварваў пруты ў праёме і страціў раўнавагу. Паспеў ухапіцца за адзін з прутоў, але той быў слаба зацэментаваны… Пералом шыйнага пазванка…
Прайшло ўжо дзесяць гадоў, а сэрца шчыміць і сёння. Я і ў Мацканы не магла прыязджаць надоўга – нават рыпенне падлогі ў бацькоўскай хаце Францавых бацькоў (цяпер гэта наша дача) нагадвала мне пра мужа. Тым больш, што пахавалі яго мы таксама ў Мацканах.
З гэтага моманту ўсё і пачалося. Мы навялі парадак ля магілы Франца, ля магілаў нашых родных, але хацелася, каб было прыгожа паўсюль. І я ўзялася за арганізацыю… Не думайце, што гэта было для мяне простай справай – па натуры я чалавек нясмелы… Але жыццё прымусіла. Звярнулася да Віктара Іванавіча Ермака, старшыні нашага сельсавета – той выдзеліў трактар. Абзваніла, абхадзіла па дамах – запрасіла людзей на суботнік. Прыйшлі, вычысцілі – і самі ўзрадаваліся: так прыгожа стала на нашых могілках! Суседнія вёскі паглядзелі на наш парадак і сваіх памерлых пачалі хаваць у нас.
Але частка магіл была закінутай – родныя пахаваных выехалі з Мацканаў. Спачатку, прызнаюся, была думка звярнуцца ў “Астравецкую праўду” – хацела даць аб’яву. Нават тэкст прыдумала: “Дзеці! Успомніце сваіх бацькоў – спарадкуйце месцы іх пахавання на могілках у Мацканах”. Потым падумала і пачала дзейнічаць інакш: распыталася ў жыхарак вёскі, дзе жывуць дзеці тых, хто ляжыць у недагледжаных пахаваннях. Узяла тэлефонны даведнік і стала званіць… Мне не адмовіў ніхто. Згаджаліся, абяцалі прыехаць. Як правіла, прыязджалі. Калі нехта не прыязджаў, я зноў тэлефанавала і прасіла даць дазвол мне самой прыбраць магілу іх бацькоў – мне ж няцяжка, толькі я не хачу нікога пакрыўдзіць… Пасля паўторнага званка прыехалі літаральна назаўтра. Потым захацелася аднавіць згніўшы крыж, які стаяў ля брамы могілак. Знайшлі патрэбнае дрэва, набылі пінатэкс, купілі новую фігурку Езуса – цяпер на Мацканскіх могілках устаноўлены новы крыж з дуба.
Могілкі трэба рэгулярна абкошваць – то аднаго мужчыну папрашу, то другога… Не адмаўляюць. Хоць за вочы, я ведаю, часам абураюцца. Маўляў, зноў гэтая Геня захамутала. Дэспат, а не жанчына.
Спарадкавалі могілкі – захацелася падрамантаваць дарогу. Падрамантавалі. У сярэдзіне вёскі стаяла хатка-развалюха – увесь выгляд псавала. Не буду расказваць, колькі разоў я ездзіла ў сельсавет – не важна. Галоўнае, што ўрэшце Віктар Іванавіч прыслаў тэхніку і хібарку разабралі. Цяпер трэба прыбраць нягожы хлеў з другога боку. А яшчэ саджалка…
У цэнтры вёскі ў нас ёсць саджалка, у якую людзі гадамі скідвалі смецце. Большую частку “залежаў” мы ўжо вывезлі. Думаю, вычысцім і тое, што пакуль засталося.
Разумееце, калі чалавек жыве ў чысціні, ён і сам больш чыстым робіцца – нават у душы.
А да мацканскага дома я прывыкла. І вясковую цішыню слухаю з задавальненнем. Кожную раніцу іду ў лес – як некалі хадзілі з мужам. Франак ішоў па адной сцежцы, я – па другой, а потым нашы сцежкі сыходзіліся, і мы кожны раз радаваліся, сустрэўшыся. Цяпер я хаджу за дваіх: спачатку па сваёй сцяжынцы, а потым – па мужавай. І ведаеце, у мяне ёсць свой дзяцел – ён прылятае ў наш двор, сядае на дах і стукаецца, нібы просіць: выйдзі на двор, гаспадыня. І ў лесе ён мяне пазнае. І я навучылася радавацца сустрэчы з птушкай, як некалі – сустрэчы з мужам на агульнай сцяжынцы.
Міхаіл Міхайлавіч Маісееў
У вёсцы яго называюць “наш галоўны энергетык” – напэўна, таму што за тэхнічнай парадай або дапамогай усе бягуць “да Мішы”.
–Я, вядома, маю дачыненне да энергетыкі, таму што працую на Янаўскай гідраэлектрастанцыі, але я – машыніст. Без прыстаўкі “галоўны”. Кантралюю генератар, прапускаю павадкі, абкошваю тэрыторыю. У сярэднім наша ГЭС дае ў гадзіну 80 кілават. Гэта значыць, што 80 гаспадынь могуць адначасова ўключыць свае прасы.
Але магутнасць ГЭС напрамую залежыць ад узроўню вады…
Сам я родам з Магілёўшчыны. Жыў у Вільнюсе, але мы з жонкай увесь час марылі мець свой дом у вёсцы. Купілі вось гэты. Бабка, якая яго прадавала, казала: мне – 80, а дому – усе 100 гадоў. Але падрамантавалі, падлаталі, і атрымалася цалкам сімпатычнае жытло.
Новы дом мы пабудавалі ў Ізабяліна, але пакінулі яго дзецям – самі пераехалі сюды. Нам падабаецца. Асабліва ў апошнія гады, калі вёска так прыкметна пачысцела. І дарога ў нас добрая, і вуліца чыстая. І вось саджалку пачалі чысціць. Экскаватар нам толькі трэба, пакуль “прабіць” не ўдаецца, але кропля камень дзяўбе – зробім. Самае галоўнае, каб людзі зразумелі, што можна жыць лепш, прыгажэй – і зрабіць гэта можна ўласнымі рукамі.
Валянціна Сакалоўская
Пра яе ў вёсцы кажуць “руплівіца” – бяжыць і бяжыць. То ў лес, то на градкі, то мые, то гатуе – адным словам, склаўшы рукі, не сядзіць. А на руках жа трое дзетак ды бабуля, якой пераваліла за восемдзесят.
У Валянціны трое дзяцей: трэцякласнік Вадзім, першакласніца Насця і Сярожка, якому два гадкі.
Яна нарадзілася ў Мацканах, а потым разам з бацькамі пераехала ў Гервяты. Але калі выйшла замуж, разам з мужам яны вырашылі вярнуцца да бабулі – і старую дагледзяць, і свой дах над галавой. Тым больш, што на руках маладых ужо быў маленькі Вадзімка. А потым здарылася трагедыя…
–Мая сястра падчас сямейнай сваркі забіла свайго мужа, – расказвае Валянціна. – Швагра пахавалі, сястру пасадзілі ў турму, іх дачка Насця, якой было тры з паловай гады, засталася адна. Мы параіліся з мужам і забралі дзяўчынку да сябе. Спачатку было вельмі складана. Трагедыя здарылася на вачах у дзяўчынкі, і яна бясконца расказвала нам пра гэта. Як маглі, стараліся перавесці яе ўвагу на нешта іншае, але малая вярталася да страшнай тэмы зноў і зноў. А яшчэ яна шукала маму…
Мяне Настачка называе “цёця”. Бывае, гуляючы разам са сваімі стрыечнымі братамі, забудзецца і крыкне мне “мама”, а потым зразумее – і засаромеецца… Хай бы звала – я ж не супраць. Тым больш, што яна перастала ўзгадваць перажыты жах. Ды і маці Насця ўжо таксама амаль што забыла. Яна нам стала роднай. Але праз тры гады вернецца сястра. Як складзецца далейшы лёс Насці? Сэрца баліць пра гэта думаць.
Дарослых людзей шкада, а малышоў – у сто разоў больш. Яны ж такія безабаронныя…
А Мацканы мне падабаюцца. Чыстая вёсачка. Спакойная. Людзі ў ёй жывуць добрыя. І лес блізка, і вадасховішча. І да цэнтральнай дарогі – рукой падаць. Канешне, нам даводзіцца фізічна працаваць куды больш, чым гараджанам, і зручнасцей у нас непараўнальна менш, але затое мы дыхаем чыстым паветрам і прачынаемся па раніцах ад птушыных спеваў.
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.