Cвята маленькай вёскі Ажуройсці

"Зямля, дзе пачаўся мой лёс" – менавіта пад такім дэвізам прайшло свята маленькай вёскі Ажуройсці. Сёння вёска налічвае ўсяго 13 жыхароў, але ўсе яны жывуць дружна: працуюць разам, разам адзначаюць святы, падтрымліваюць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну. І ганарацца тым, што з іх вёскі выйшла шмат таленавітых людзей. З іх – мастачка Тарэса Варановіч і яе сястра Ірэна Герасім. А таксама – дыпламаты, артысты, капітан далёкага плавання, урачы.


Свята праходзіла пры падтрымцы загадчыцы Дайлідскага сельскага клуба Валянціны Антонаўны Гайдуль і намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Гервяты” Віталія Віктаравіча Мацкевіча, гаспадарка прадаставіла падарункі самаму старэйшаму жыхару вёскі Зыгмунду Баляслававічу Мацкелю і самай юнай Грэце Мачэль.
Шмат цёплых слоў у адрас жыхароў сказала стараста вёскі, заслужаны настаўнік Марыя Іосіфаўна Ушакевіч.
Свята атрымалася шчырым і пранікнёным. З душой і пад гучныя апладысменты прымалі жыхары артыстаў мастацкай самадзейнасці Аксану Тамковіч, Саманту Кузьміцкую, Алену Велялову, Дзмітрыя Максімава, якія парадавалі публіку сваімі выступленнямі.
Вельмі хацелася б, каб вёсачкі, дзе пачаўся чыйсьці лёс, ніколі не знікалі з твару зямлі. Хай сабе яны зусім маленькія – толькі жывуць там людзі з вялікай душой.


Вольга ШОЎКУН.