Сорамна: вёскі старыя, назвы – новыя

5

Некалі Пётр І загадваў “говорить токмо словами, а не по писанному, дабы дурь каждого всем видна была.” Сёння многія і “па пісанаму” сваю дур, ці, кажучы больш мякка – неадукаванасць — дэманструюць, не саромеючыся.
Праўда, пры гэтым стараюцца застацца невядомымі.


Мы, да прыкладу, не змаглі даведацца, хто ж канкрэтна адказвае за правільнасць напісання назваў вёсак і іншых населеных пунктаў на дарожных шыльдах, аўтобусных прыпынках, аншлагах з назвамі вуліц – усё, як у таго Райкіна: я адказваю за гэты канкрэтны ўчастак, “гузікі прышыты намёртва, усё іншае – не маё”…
І тым не менш хацелася б даведацца, дзе і ў каго вывучалі беларускую мову людзі, што сталі пераймяноўваць астравецкія вёскі? І хто даў ім на гэта права – мяняць назвы паселішчаў, вядомых не адно стагоддзе? На новай аўтадарозе, якая ідзе да пляцоўкі будаўніцтва АЭС, якая яшчэ не здадзена ў эксплуатацыю, ужо тым не менш стаяць аўтобусныя павільёны. І на іх чамусьці вёскі Бабраўнікі і Бадзівалы, вядомыя з 16 стагоддзя, у адзін момант, дзякуючы росчырку пяра нейкага не вельмі адукаванага работніка, сталі раптам Баброўнікамі і Бодзіваламі (назвы напісаны па-беларуску). Адкуль у беларускамоўным напісанні назвы вёскі Бялькішкі ў першым складзе перад націскам узнікла літара “е”: пагадзіцеся, Белькішкі – гэта ўжо зусім іншая вёска. Не кажучы пра тое, што Падваранцы – гэта зусім не Падвялянцы, а дарожны ўказальнік пераконвае нас менавіта ў гэтым
А ў некаторых вёсках у нас цяпер двайная назва. Скажам, указальнік на Трокенікі з боку Полацкага тракту напісаны правільна, а вось з быстрыцкай дарогі  гэта ўжо чамусьці Тракенікі. Калі паспелі перайменаваць? І галоўнае – хто?!! Самабытная вёсачка каля Рытані, на думку дарожнікаў, можа называцца і Літвяны, і Ліцьвяны – гледзячы на тое, з якога боку да яе пад’ехаць.
І ўжо зусім абуральнае фотаабвінавачванне даслаў наш чытач з Міхалішак Максім Кавалеўскі: на раскладзе руху на аўтобусным прыпынку ў дзевяці словах у назвах населеных пунктаў – ажно тры памылкі: Кямелішкі сталі Кімелішкамі, Камарова – Коморово, а Астравец увогуле “страціў” у невядомых “грамацеяў” літару і стаў называцца непрыстойным словам. Будзе над чым пацяшацца і што фатаграфаваць ды выкладваць затым у інтэрнэце шматлікім турыстам, якія так любяць наведваць гэтую вёску. Раней у іх асаблівым попытам карысталася толькі вуліца Пабеды – менавіта так напісана на аншлагах цэнтральная вуліца Міхалішак:  не Перамогі (калі па-беларуску), не Победы (калі па-руску), а менавіта так, на “роднай трасянцы”. Цікава, ці ходзяць па вуліцы “Пабеды” прадстаўнікі мясцовай улады гэтай вёскі? І ці бываюць яны калі-небудзь на аўтобусным прыпынку, ці чытаюць, што там напісана?
Усё гэта магло б быць смешным, калі б не было такім ганебным. Зрэшты, людзі, якія займаюцца напісаннем адпаведных шыльдаў, маглі вучыцца ў школе ці нават у якой-небудзь ВНУ горш ці лепш – але яны выконваюць свае службовыя абавязкі і павінны рабіць гэта належным чынам. Існуюць адпаведныя даведнікі, слоўнікі, урэшце, раённая кніга “Памяць” – няўжо перад тым, як заказваць шыльду ці аншлаг, выдаткоўваючы на іх выраб дзяржаўныя (чытай – народныя) грошы, так цяжка праверыць, як пішацца назва той ці іншай вёскі? Каб не дэманстраваць усяму свету ўласную неадукаванасць, не ганьбіць сябе, сваю арганізацыю і ўвесь раён разам з яго жыхарамі…


Ніна АЛЯКСЕЕВА.