У Рытані заструменіў фантан і хутка з'явіцца парк камянёў

Прызначаць рамантычныя спатканні, згадзіцеся, хочацца ў нейкім асаблівым месцы, каб яно не проста адпавядала настрою, а ўздымала яго, стварала атмасферу лёгкасці, гармоніі, спакою. Ідэальная сітуацыя: рандэву ля фантана. “Ага, – скажа скептык, – толькі для гэтага закаханым  кожны раз прыйдзецца на спатканне ездзіць у Астравец”.
Не абавязкова! Калі вам бліжэй да Рытані, прызначайце спатканне там – перад будынкам, у якім адначасова месцяцца Дом культуры, сельскі Савет і дырэкцыя саўгаса, цурчыць, усімі колерамі вясёлкі пераліваецца на сонцы вясёлы струмень сапраўднага фантана.


–Ён быў зроблены яшчэ ў савецкія часы, – расказвае дырэктар Рытаньскага Дома культуры Аляксандр Юргелянец. – Парадаваў крыху рытаньцаў і іх гасцей, а потым… У гады перабудовы стала не да фантанаў. А потым, калі эканамічная сітуацыя стабілізавалася, людзям зноў захацелася прыгажосці. Вось мы патроенымі сіламі – сельсавет, дырэкцыя саўгаса і культура – узяліся за справу, і фантан заструменіў. І парк камянёў пачаў нараджацца – бачыце?
Як тут не ўбачыш?! І альтанку, і прыгожа прыдуманыя ландшафтныя ўпрыгожанні. І акуратна падкошаную траўку навокал будынка і ўздоўж вуліцы.
–Што тычыцца абкошвання, то тут нас падтрымлівае райвыканкам, – кажа старшыня сельскага Савета Сяргей Кошчыч. – У  тым сэнсе, што раённым цэнтрам занятасці ў перыяд з 1 мая па 30 кастрычніка нам выдзяляюцца дзве стаўкі часовых работнікаў. Дзякуючы гэтаму, мы маем магчымасць увесь сезон спраўляцца з буйствам пустазелля без асаблівай напругі. Не толькі на цэнтральнай вуліцы галоўнай сядзібы гаспадаркі, дарэчы. Абкошваем тэрыторыю вакол бальніцы, пошты, школы мастацтваў, панадворкі ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, адзінокіх састарэлых людзей…
А ў планах “трохкутніка” сельсавет-саўгас-дом культуры яшчэ мора планаў. Якіх? Не так проста ў гэтых хітруноў выведаць дэталі. “Прыязджайце праз некалькі месяцаў – самі ўбачыце! – кажуць яны. – І невялікі населены пункт мае права (і магчымасць!) жыць у чысціні і прыгажосці.


Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.