Барані і іх жыхары

Барані, як населены пункт, упершыню пакінулі свой след у архіўных дакументах яшчэ ў 1593 годзе, калі былі ўласнасцю брэсцкіх ваяводзічаў Фёдара і Марціна Тышкевічаў. Пазней сяло падзялілася на дзве часткі: Барані-І, якія належалі памешчыку Кучэўскаму і Барані-ІІ – уласнасць памешчыка Сволькена. У 1905 годзе ў вёсцы пражывала 163 жыхары.
Сённяшнія невялічкія, але прыгожыя і неяк па-хатняму ўтульныя Барані вядомы сваімі грыбнымі лясамі ды чыстай, як сляза, вадой навакольных азёр. Але сапраўдную славу і неўміручасць імя здабыў гэтай вёсцы яе выдатны сын, паэт, святар і гарачы патрыёт сваёй радзімы Казімір Сваяк (Канстанцін Стэповіч), дом-музей якога нядаўна пачаў дзейнічаць у Баранях.



Дай Бог рабіць тое, што хочацца

– Уставай, Геня! Хутка світаць пачне – самы час брацца за малацьбу, – не адна зімовая раніца пачыналася для дзяўчыны гэтымі словамі бацькі.
–Але ж, татка, – спрабавала адгаварыцца Геня. – Трох сыноў маеш, а адзіную дачку малаціць клічаш…
Бацька быў няўмольны, і дзяўчыне прыходзілася, пакінуўшы цёплую пасцель, брысці ў халодны свіран, каб там у няяркім святле газавага ліхтара лупцаваць па нявымалачаных жытніх снапках цяжкім цэпам. Або ручной пілой пілаваць дровы пад мерку – па-гаспадарску. І складваць іх, а гэта таксама мастацтва – тут кожны сучок трэба на сваё месца пакласці, прынаравіць.
–Не ў тым справа, дачушка, – любіў прыгаворваць бацька, – што малаціць ці пілаваць няма каму, а ў тым, каб ты ўсякую работу ведала. Хай Бог абміне рабіць яе ў жыцці, але ўмець трэба ўсё – невядома яшчэ, як твой лёс складзецца…
Сам Юзаф Чарняўскі, бацька Гені, умеў рабіць усё: мэблю, сялянскія грузавыя вазы і нават фасоністыя брычкі для мясцовых паноў. А яшчэ ён быў адмысловым кавалём. Дзяўчынкай Геня любіла прыбягаць да таты на кузню – ад молата іскры разляталіся ва ўсе бакі веерам, і яго твар мякчэў, рабіўся маладзейшым.
Бацька паходзіў з беднай сям’і – амаль беззямельнай. Але талент майстра на ўсе рукі дапамог яму, як тады казалі, “узбіцца на капейчыну”. Справіў дом і ў доме – і толькі пасля гэтага, ужо кавалерам у гадах, вырашыў жаніцца. З дзяўчынай на 10 гадоў маладзейшай. “Здурнеў каваль! – гуляла па вёсцы пагалоска. – Мала, што на прыгожай жэніцца, дык яшчэ і маладзейшай ледзь не напалову. Наплачацца за такой жонкай!”.
А яны сталі жыць душа ў душу – дружна і зладжана. Зямлі прыкупілі каля 5-ці гектараў – няхай будзе свая, тым больш, што дома на лаўцы праз нейкі час ужо сядзелі, як у казцы, “тры сыночкі ды дачка”. Хаця жылі не з зямлі – з “залатых” рук Юзафа. “Каваль куець, а каваліха песні пяець”, – зайздросціла вёска іх дастатку.
Геня, калі браць па цяперашнім часе, у дзеўкі выйшла позна – пасля 18-ці стала хадзіць на танцы.
–У тыя часы ў Баранях хат было непараўнальна больш, – успамінае Генуэфа Іосіфаўна Стаповіч. – І ў кожнай па 8-10, а то і больш чалавек. Моладзі было – не пералічыць! Вячоркі, танцы – па чарзе ў кожнай хаце. Кабеты прыходзілі на танцы першымі, рассядаліся па лавах і цэлы вечар “перамывалі костачкі” маладым: у якой дзяўчыны сукенка бяднейшая, каторую ў танец выводзяць рэдка… Ля старэйшых сядзелі і зайздроснымі вачыма назіралі за танцуючымі, з нецярпеннем чакаючы надыходу свайго “зоркавага” часу, “падшпаркі”. У танцоркі пераходзілі пасля 18-ці.
Перайшла і Геня. І амаль адразу закахалася. Добра б, каб выбрала па сабе – заможнага, дык не – галоту! Раймунда Стаповіча, круглага сірату. Хата-то ў яго ёсць, але хай бы лепш не было – малая, крывая, з земляной падлогай і падслепаватымі маленькімі акенцамі.
–Маладосць – час безразважнасці, – усміхаецца Генуэфа Іосіфаўна. – На цяперашні розум, напэўна, пабаялася б я ў такі дом пераходзіць. А тады… Бацькі і па-добраму прасілі, і са злосцю забаранялі, толькі я ўпёрлася на сваім: кахаю. “Ну і круці ты галаву! – у рэшце рэшт махнулі яны рукой. – Толькі раз так робіш, ад нас дапамогі не чакай. Жыві сваім розумам”.
Пабяліла Геня дом знутры і звонку, павычышчала ўсе закуточкі, сурвэтачкі самаробныя пазасцілала, а пасажную шафу паставіць няма куды – так у бацькоўскім доме стаяць і засталася. Ды зіма вельмі хутка растлумачыла новай гаспадыні, што яе новае жытло не толькі маленькае, але яшчэ і ой, якое халоднае.
Толькі і ў маленькай хаце добрыя справы робяцца – гады праз два прыйшоў час Гені нараджаць. Завезлі яе ажно ў Свір. А яна, нядоўга думаючы, “выстраліла” адразу дуплетам – нарадзіла двойню. Маленькіх – па кілаграму вагой кожны – дзяўчынку і хлопчыка.
–Прыйшла пасля родаў да сябе, – расказвае жанчына. – Ляжу і плачу: як жа я такіх маленькіх у халодную хату прынясу? І адзенне для нованароджанага толькі на аднаго прыстроіла… Што мой Рэймусь рабіць будзе – у чым нас з бальніцы забярэ?..
Толькі прачулі пра нараджэнне блізнюкоў бацькі Гені – і іх крыўда адступіла. Прыслала маці дачцэ праз зяця і сваю хустку цёплую, і пялюшак стос…
Прыехалі яны дамоў і памалу сталі падрастаць. Бабуля Гені моцна дапамагала. Вось толькі дачушка праз паўтара месяца памерла. А праз год…
Падаіла яна неяк вечарам карову, прыбрала са стала пасля вячэры, лягла. Толькі чуецца: нешта не тое. “Рэймусь, – затармасіла яна мужа. – Уставай. Запрагай каня – радзіць мне час”. “Не выдумвай”, – са сну не мог сцяміць той. Урэшце прачнуўся і бягом – па каня.
–У Ясені чулі, як я енчыла, калі муж мяне ў Жукойні вёз. Сярод ночы пакуль акушэрку знайшлі, так я ў возе дачушку і нарадзіла. Хрысцінку. Нічога, прыгажуняй вырасла.
Двое дзяцей, а працу па гаспадарцы ніхто не адмяняў. Дачушку на адну руку, другой рукой за сына – і карову даіць. Вяртаецца яна неяк з малаком, а насустрач два незнаёмыя мужчыны:
–Гаспадыня, у лядашчай хатцы жывеш, а добры лес на новую хату за хлявом трымаеш. Запрашай – мы табе звонкі дом складзём.
–Запрасіла б, толькі вам мала што плаціць, дык яшчэ і карміць вас трэба. А па праўдзе сказаць, няма асабліва чым.
–А мы непераборлівыя – што сама будзеш есці, тое і нам дасі.
…Крыху больш як праз месяц майстры склалі новы дом. Перабраліся Стаповічы. Геня ходзіць па жоўценькіх дошках новай падлогі – як па небе. Дзецям – таксама рай. А тут і новае папаўненне прыспела…
Нараджала Генуэфа Іосіфаўна ў 1957-ым годзе, потым у 1958-ым, 60, 61 ,64, 65 і 68-ым.
–Сыпаліся дзеткі адно за другім, – смяецца яна. – Ажно татка неяк не вытрымаў. “А дакуль жа ты будзеш іх вадзіць?” – залаяўся “па матушцы”. А як жа было не вадзіць – абортаў тады не ведалі, ды і граху баяліся: Бог даў – прымі і падзякуй. Ды і выгадаваліся ўсе – няхай сабе і не ў раскошы. Іншая справа, што дваіх ужо няма… Ды кожнаму, відаць, свой тэрмін адмераны – тут не паспрачаешся. Дзеці параз’язджаліся, дома застаўся толькі перадапошні сын. І добра – жыву пры яго сям’і. І я дагледжаная, і ім ад мяне якая дапамога.
Татава навука мне так і не спатрэбілася – малаціць цэпам не давялося. Можа, таму што калгасы зайшлі на нашы землі. Ды і камбайны неўзабаве людзі прыдумалі.
А Барані… Вёска пайшла на спад 3 1953 года. У чэрвені гэта здарылася… Ляжаў у Якубцэвічаў за хлявом лес, прыгатаваны для будаўніцтва дома. Дзеці бавіліся і падпалілі. Не, каб дарослым сказаць – пахаваліся ад грэху далей. Ну і выкасіў агонь ледзь не палову вёскі. Нямногія тады на папялішчы дамы вырашылі аднаўляць – большасць пагарэльцаў павыязджалі: хто ў Польшчу, хто ў суседнія вёскі, а хто – на вярбоўку (тады многія ехалі). І стала наша вёсачка глухнуць. Сёння ў Баранях толькі ў сямі дамах цепляцца печы. Ды на лета прыязджае адзін дачнік. Мне ўжо і самой часам не верыцца, што была яна такой шматлюднай і вясёлай. Зрэшты, у тое, што сама я была маладой, таксама амаль не верыцца…



Шчасце, калі ты патрэбен

Прыглядваць за домам-музеем Казіміра Сваяка прызначана Наталля Стаповіч – маладая прыгожая жанчына, гледзячы на якую, цяжка паверыць, што яна – маці траіх дзяцей, а тым больш, што яе старэйшы сын ужо паспеў закончыць сярэднюю школу. Маладосць Наталлі ў яе ўсмешцы – задорнай, з іскрынкай, у яе стройнай гнуткай фігуры, а яшчэ ў рухавасці – у пастаяннай гатоўнасці ўзяцца за справу старанна і азартна.
Родам Наталля з Мядзельскага раёна, а ў Барані шмат гадоў таму прыехала да сяброўкі ў госці. Там і напаткаў яе лёс ў выглядзе доўгавалосага, вусатага хлопца на надраеным да бляску матацыкле. І хаця першае ўражанне, як ўспамінае яна сама, хлопец пакінуў вельмі неадназначнае…
–Казіміру выпала прайсці праз гарніла Афганістана, – расказвае Наталля. – Водбліскі той вайны яшчэ доўга жылі ў ягоных вачах, што, вядома, не магло не адбівацца на характары. Быў час, калі мы нават разышліся – я выехала да брата. Думала: назаўсёды. А потым атрымала тэлеграму з паведамленнем аб смерці яго бабулі, з якой я амаль не была знаёма. Прачытала, зразумела – і вярнулася ў Барані. І як цяпер? Ды як у кожнага – заўсёды гладка не бывае. Але праз усё можна прайсці – было б жаданне.
–Мне падабаецца наша вёсачка, – працягвае Наталля. –Утульная, маляўнічая, з размераным, вывераным не адным пакаленнем яе жыхароў распарадкам дня. Адно толькі засмучае – уцякаюць з Бараняў маладыя людзі. Баюся, што з прадстаўнікоў сярэдняга пакалення я – адна ў вёсцы. Асноўная прычына ад’езду моладзі – немагчымасць знайсці працу. Я вось прасядзела дома не адзін год. Канешне, без справы не была – і дома процьма абавязкаў, і па гаспадарцы. Але нядаўна адкрылася экспазіцыя “Дом-музей Казіміра Сваяка”, і ў мяне з’явілася праца. Гэта такое шчасце, калі ты запатрабаваны! Барані наогул любяць гасцей – з радасцю гатовы прыняць кожнага, хто да нас завітае, а калі ўжо справа тычыцца нашага знакамітага земляка – радасць патройваецца. Так што шчыра запрашаем усіх неабыякавых людзей – і ў нашу вёску, і ў дом-музей нашага святара-паэта.


Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.