Шмуэль Керен-Кроль. Чудом уцелевший узник Кемелишковского гетто

13:50 / 23.10.2012
1
20 кастрычніка 1942 года, 70 гадоў назад,

на ўскраіне Кямелішкаў

былі расстраляны вязні Кямелішкаўскага гета.

Вытрымкі з акта, састаўленага надзвычайнай камісіяй па расследаванні злачынстваў, здейсненых фашыстамі (дасланы настаўніцай Міхалішкаўскай школы Ірынай Казак):


“28 сакавіка 1945 года праведзена ўскрыццё магілы расстраляных мірных грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці, якія ўтрымліваліся ў гета вёскі Кямелішкі.
Даўжыня магілы 20 метраў, шырыня – 4 метры, глыбіня – каля 3 метраў. Пры раскопцы на глыбіні 1 метра выяўлены трупы людзей, якія ляжаць ушчыльную адзін да аднаго па ўсёй даўжыні магілы. Усяго ў верхнім радзе знаходзіцца каля 50 трупаў мужчын, жанчын і дзяцей розных узростаў. Усе трупы верхняга рада ў большасці сваёй раздзеты да ніжняй бялізны.
Забойства людзей адбывалася стрэламі ў галаву разрыўнымі кулямі – аб гэтым сведчыць раздрабленне чэрапаў”.


Наша газета некалькі разоў пісала пра абставіны трагедыі ў Кямелішках – былі нават надрукаваны ўспаміны былога жыхара мястэчка Антона Ракоўскага.
А Шмуэль Керэн-Кроль – адзін з нямногіх, каму выпадкова ўдалося ацалець. Адзінаму з вялікай сям’і – усе яго родныя ляжаць там, у агульнай магіле на ўскрайку Кямелішак. На той момант яму было каля васьмі гадоў.
Далей на працягу двух гадоў, да прыходу Чырвонай Арміі, Шмуэль хаваўся ў лесе: галадаў, замярзаў, баяўся ўласнага ценю. Потым амаль гэтак жа галадаў і замярзаў у неабаграваемым пасляваенным Віленскім дзіцячым доме, з якога знаёмыя яго бацькоў перавезлі яго ў дзіцячы дом у Польшчы. Адтуль Шмуэль патрапіў у Палестыну, і калі на карце свету ўзнікла новая дзяржава Ізраіль, стаў яе маленькім грамадзянінам. Жыў у кібуцы. Стаў ваенным. Потым за тое, што цяжка параніў палюбоўніка сваёй жонкі, сядзеў у турме. Пасля вызвалення пераехаў у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Ажаніўся яшчэ раз. Стаў паспяховым бізнесменам. Выгадаваў чацвярых дзяцей…
Сёння яму каля васьмідзесяці гадоў (свой дакладны ўзрост Шмуэль не ведае). Ён – жыхар Ёханасбурга, сталіцы Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Бізнес у апошнія гады перадаў дзецям – займацца справамі перашкаджае стан здароўя. І ўсё ж кожны год ён праз уласнае “не магу” прыязджае ў Кямелішкі, каб наведаць магілу сваіх родных…
Ад розных людзей не раз даводзілася чуць: “Шчасліўчык! Выжыў. Пашанцавала!” Вось і нядаўна ў рэдакцыю прыйшло пісьмо, у якім яго аўтар, разважаючы пра трагедыю ў Кямелішках, напісаў: “Якім шчаслівым аказаўся Шмуэль Керэн!”
…Шмуэля я ведаю каля пяці гадоў. Разам з Наталляй Мяшковай пераклала з англійскай мовы яго аўтабіяграфічную кнігу “Мулік”. Перапісваюся з ім па электроннай пошце. Мы шмат размаўляем пра вось гэтае “шчасце” – застацца аднаму на свеце. І працягваць жыць за тату, маму, сямёра братоў і сястрычак, за бабулю, цётачку, стрыечных…
І сёння прапаноўваем чытачам вытрымкі з кнігі Шмуэля Керэна –Кроля “Мулік”, у якой ён сам расказвае аб палынным смаку “шчасця” выжыць:


“Кожны дзень я думаю пра ўласны лёс. Кагосьці слабейшага перажыванні, якія выпалі на маю долю, пэўна, маглі б прывесці да самагубства. Трэба валодаць вялікай мужнасцю, каб пасля ўсяго перажытага адважыцца паглядзець проста ў вочы свайму ўласнаму жыццю, каб адаптавацца ў грамадстве. Чалавек, які прайшоў праз такое, непазбежна сутыкаецца з праблемай адзіноты – яму няма з кім падзяліць свой боль, свае зруйнаваныя мары.
Канешне, мне вядомы палынны смак дэпрэсіі і расчараванняў, але калі я пачынаў правальвацца ў іх глыбіні, памяць вяртала словы, якія сказаў мне мой бацька. Тады, у самым пекле. У гета. Ён сказаў мне: “Ты выжывеш у гэтай разні, сынок”. Амаль загадаў: павінен выжыць! Вось толькі не растлумачыў: навошта. Чаму ў жывых застануся менавіта я? Якая розніца – жывы я ці памерлы? Мільёны людзей жывуць і паміраюць, і амаль ніхто гэтага не заўважае. І які сэнс ва ўсім гэтым? З якой мэтай чалавек прыходзіць на свет – хто ў стане адказаць на гэтае пытанне?
Пытанне “Ці маю я права на жыццё?” заўсёды стаяла перада мной. Няўжо я павінен жыць толькі для таго, каб пакутаваць ад успамінаў? Гэта ж куды большае пакаранне, чым быць пахаваным у адной магіле разам з маёй сям’ёй. Пачуццё віны засталося са мной назаўсёды: як я павінен жыць? Хто я такі? Чаму я наогул выжыў?..
Шэраг пытанняў, на якія няма адказаў. Напэўна, таму я стаў глыбей цікавіцца габрэйскай філасофіяй і культурай, прачытаў процьму кніг на гэтыя тэмы. Я спрабаваў штудыраваць – праўда, без асаблівых поспехаў – нават Кнігу Кабалы, усе тамы якой аднойчы набыў.
Я не шукаю сабе прабачэння; не раблю памылкі на гэты конт. Я не з таго сорту людзей, што направа і налева кідаюць: “Прашу вас паспачуваць мне”. Не імкнуся выглядаць “сімпацягай” і падабацца ўсім навокал. Я дэманструю пазітыўныя адносіны да жыцця. А мае сум і дэпрэсія... Яны толькі мае – ніхто іншы не павінен заўважаць іх ува мне.



***

Грандыёзным расчараваннем для мяне стаў той факт, што ў Ізраілі, у Зямлі Запаветнай, у месцы, куды я імкнуўся з дзяцінства, я адчуў сябе адзінокім, як ніколі раней. Мой уласны народ не захацеў убачыць ува мне свайго сына. Я застаўся сам-насам са сваімі думкамі і пачуццямі. Часам я нават саромеўся, што застаўся жыць. Я сам па сабе быў праблемай. “Адкуль ты прыехаў? І як гэта табе ўдалося не загінуць?” – ад такіх пытанняў сэрца гатова было выскачыць з грудзей. І я нячутна шаптаў сабе пад нос: “А чаму ў жывых засталіся вы? Я таксама, як і ўсе астатнія, маю права на жыццё. А не толькі на пакуты...”
Рэдка выпадаў такі дзень, каб я не ўспамінаў сваё пакалечанае дзяцінства, маіх братоў і сёстраў, маіх сяброў-аднагодкаў. Па начах мне часта мроілася, што я брыду па пустой начной вуліцы майго гарадка, і мяне зусім не здзіўляе яго бязлюддзе – я ведаю: цяпер усе спяць. Але прыйдзе раніца, і ўсё зноў будзе добра. Я сустрэну сваіх сяброў, і мы разам пабяжым у школу...
Як ні стараўся, я не змог знайсці хаця б крупінку сэнсу ў тых невымерных жахах, якія адбыліся падчас вайны. Як людзі, звычайныя жыхары планеты Зямля, маглі дайсці да такой пачварнай жорсткасці? Я павінен быў адшукаць гэты сэнс, зрабіць са сваім жыццём нешта такое, што дапамагло б атрымаць хаця б нейкае тлумачэнне таму, што здарылася ў дзяцінстве – усім гэтым незлічоным забойствам.
Чаму я застаўся ў жывых? Чаму людзі рабілі тое, што яны рабілі? Чаму забівалі, і чаму сярод мясцовага насельніцтва знайшлося столькі раўнадушных людзей або нават такіх, якія дапамагалі забіваць яўрэяў? Чаму яны не дапамаглі сваім суседзям? Яны ж жылі разам – у некаторых мясцінах па 800 гадоў, пакаленне за пакаленнем.
На акупіраваных немцамі землях гэтыя людзі маглі адчуваць сябе ў адноснай бяспецы, калі не дзейнічалі супраць захопнікаў. Яны па-ранейшаму хадзілі ў школу, у храм, працягвалі сваё звычайнае сямейнае жыццё. Некаторыя з іх нават умудрыліся падчас вайны зарабіць больш грошай, чым да яе.
Часта я думаю, што жыць не варта – асабліва мне. Ці магла мая сям’я пазбегнуць прадвызначанага лёсам і не загінуць? Мае браты, мае сёстры? Увесь час мяне не пакідае пачуццё віны перад імі.



***


У пэўным сэнсе азартныя гульні, якімі я захапляюся, – гэта форма самаразбурэння. Як руская рулетка – практычна самазабойства.
На шчасце, я заўжды магу своечасова паставіць фінальную кропку ў гульні – але дзеля гэтага мне прыходзіцца сабраць усе свае сілы. Я шмат і цяжка працаваў, выкарыстоўваў усе свае ўменні і вопыт дзеля таго, каб зарабіць грошы. Але здаралася, што за адну ноч я мог спусціць усё, што было зароблена вялікімі намаганнямі за цэлы месяц. У гэтым няма ніякага сэнсу для мяне, хіба што толькі пачуццё віны постфактум.
Падчас гульні ў рулетку ці ачко здараюцца сітуацыі, якія патрабуюць імгненных рашэнняў, і я забываюся пра тое, хто я ёсць – я цалкам засяроджваюся на гульні. Такі стан можа цягнуцца гадзінамі. І менавіта ў гэтыя гадзіны ўспаміны майго дзяцінства нарэшце адпускаюць мяне. Я трапляю ў іншы свет, цалкам аддзелены ад рэальнага жыцця. Аднак, калі гульня завяршаецца, асабліва тады, калі я прайграваю – а гэта здараецца часта – успаміны і рэальнасць навальваюцца на мяне з новай сілай. Гульня для мяне, як наркотык, які людзі ўжываюць, каб збегчы ад сапраўднага жыцця.
Магчыма, я проста не ў ладах сам з сабою, і гэтае саманеразуменне каштуе мне вялікіх грошай.



***

Спачатку мяне здзіўляла, чаму мой бацька па сутнасці загадаў мне выжыць. Але пасля доўгіх разваг я прыйшоў да высновы, што прычынай таго было яго жаданне, каб наш род працягваўся. І гэты абавязак ускладваўся на мяне. Ён не прасіў мяне выжыць і пакараць забойцаў. Мне было дастаткова застацца ў жывых.
І што здарылася? Я выжыў. А ўсе мае родныя былі забіты. І дзе адказ? Я па-ранейшаму вымушаны яго шукаць. Я мог стаць селянінам і прыхаваць сваю ідэнтычнасць. Я мог стаць такім жа, як мая кузіна Муля, якая перажыла вайну і не захацела больш ні на хвіліну застацца яўрэйкай – адмовілася ад сваёй веры і нават ад нацыянальнасці. Але я застаўся тым, кім быў, каб усё жыццё працягваць свае пошукі надзеі і сэнсу.
Я не магу растлумачыць гэта псіхалагічна. Я ніколі не хацеў… Я баяўся здрадзіць уласнай ідэнтычнасці.



***

Рэлігійныя яўрэі кажуць, што Shoan (Халакост) быў пасланы Богам. Калі гэта так, то Гітлер і фашысты таксама былі пасланцамі Бога?
Усемагутны піша нам нашы лёсы. Ён вырашае, каму жыць, а каму памерці, хто застанецца здаровым, а хто захварэе. Кожную дробязь вырашае Ён.
У момант, калі немцы знішчалі яўрэяў у Кямелішках, жыхары мястэчка маліліся ў касцёле. Неба разрывалася ад грымотных стрэлаў, а яны спявалі псалмы – славілі Бога. І гэта насупраць нашага дома, усяго ў нейкіх 900 метрах ад яго...
І ў такі момант міласэрны Бог мог прымаць малітвы?
Колькі людзей з тых, каму давялося перажыць Халакост, засталіся веруючымі? Артадоксы бачаць у Халакосце адкупленне грахоў, пакаранне Божае. Яны гавораць, што Бог пакінуў нас. Адвярнуў ад нас свой твар. І калі вы не цалкам прымаеце гэтую ідэю, вы падрываеце ўласную веру, а калі вы актыўна супраць яе, вы – атэіст.
Я ведаю, што 90 працэнтаў маіх сяброў, дзяцей Халакосту, не прызнаюць ніякай рэлігіі. Яны гавораць, што Бога няма.
Наколькі я разумею, Бог – гэта тая мяжа ўнутры чалавека, скрозь якую пераступіць нельга. Не больш. Для мяне не могуць існаваць адначасова Бог і Халакост.
Магчыма, я шукаю нешта, што наогул знайсці немагчыма. З дзяцінства я чую, што былі людзі, якія выдавалі фашыстам яўрэяў, таму што мелі з гэтага хоць невялікую, але карысць. А яшчэ заўсёды існавалі тыя, хто ненавідзеў яўрэяў па рэлігійных меркаваннях. Але былі яшчэ і тыя людзі, якія дапамагалі мне, якія дзяліліся са мной кавалкам хлеба.
Вось з гэтых пазіцый мы і называем існуючы свет цудоўным, а адносіны паміж людзьмі – чалавечнымі.



***

Год за годам я чытаю пра Халакост, і мае дзеці часам пытаюцца ў мяне, чаму я ўвесь час цікаўлюся гэтым? Проста я шукаю новыя звесткі – хачу дабрацца да самага дна ў гэтым бяздонным абсурдзе. Гэта вельмі балюча. Але цяпер, як бачыце, многія людзі адкрыта заяўляюць, што яны забівалі яўрэяў. Магчыма, увесь свет забіваў яўрэяў. Магчыма, ніхто не забіваў яўрэяў. Ніхто не мардаваў. Але ж мае браты і сёстры і тысячы іншых яўрэйскіх дзяцей былі замардаваны. Дзе ж вы, забойцы? Як вы змаглі жыць далей пасля таго, што вы зрабілі?
Многія людзі да гэтага часу лічаць, што такія, як я, сваімі пытаннямі абуджаюць непатрэбную памяць, трывожаць старыя раны, уносяць у іх утульнае жыццё дыскамфорт…



***

Я не магу пазбавіцца ад пачуцця віны за тое, што застаўся ў жывых; і за тое, што зрабіў недастаткова для ўшанавання памяці нявінных ахвяр. Гэтыя пачуцці будуць са мной заўжды. Да канца маіх дзён мяне будзе мучыць усведамленне, што не ўсё зроблена дзеля памяці маленькіх дзетак, жыццё і мары якіх былі знішчаны – дзеля больш мільёна дзяцей! І маё сэрца будзе крывавіць заўсёды.



***

Аднойчы, падчас аднаго з маіх прыездаў у Пабрадзе, я застаўся начаваць у маіх сяброў. І познім вечарам выйшаў на вуліцу.
Было ўжо цёмна і вельмі ціха. Кожны спяшаўся дадому. Я глядзеў на неба, на якім было цесна ад зорак, і думаў: зоркі свецяць над месцам, дзе я нарадзіўся. Дзе я мог пражыць сваё жыццё разам з сям’ёй. З маімі сёстрамі і братамі…
І ўжо нашы дзеці нарадзіліся б пад гэтым небам. Я жыў бы ў маленькім доме, ездзіў бы на старым абшарпаным аўтамабілі... Я быў бы шчаслівым. Побач са мной была б мая сям’я і сябры...
Калі б толькі існавала магчымасць адкруціць час назад... Людзі, прашу вас – навучыце мяне, як вярнуць мінулае!


-------------------------------------------
Падрыхтавала Ганна ЧАКУР.
Фота Алеся ЮРКОЙЦЯ.