К 80-летию Великой Победы обновится братская могила в посёлке Гудогай
14:00 / 13.04.2025
З кнігі «Памяць. Астравецкі раён»:
«Было гэта летам 1942 года. Немцы і іх паслугачы паліцаі лавілі па вёсках моладзь і прыганялі на станцыю Гудагай рамантаваць чыгунку.
Неяк раніцай на станцыю прыйшоў таварны эшалон. Па баках вагонаў – немцы з кулямётамі. Расчынілі дзверы і пачалі выганяць адтуль людзей. Гэта былі савецкія палонныя салдаты. Яны былі ў парваных шынялях і гімнасцёрках, збітыя. Многія ледзь рухаліся. Дапамагалі адзін аднаму. Відаць, шмат пакут перанеслі яны. Канвой не даваў мясцовым людзям перадаваць ім што-небудзь з ежы. Вокрыкамі, прыкладамі, дубінкамі немцы падганялі калону. Размясцілі палонных у будынку школы. Вакол узвялі ў некалькі радоў калючую агароджу, наўкола выкапалі доты, бункеры. Нікога блізка не падпускалі. Немцы марылі палонных голадам, прымушалі да непасільнай працы, жорстка здзекваліся. Фашысты білі, пагражалі расстрэлам кожнаму, хто асмельваўся наблізіцца да лагера. Але людзі як маглі дапамагалі ваеннапалонным.
Даводзілася бачыць, як знясіленыя палонныя падалі, вартавыя іх білі ботамі, прыкладамі, прымушалі ўстаць. Многія тут жа паміралі. Каля дарогі вырасла вялікая магіла...»
Па сведчаннях старажылаў, якія ў тым ліку захоўваюцца ў музеі Гудагайскай школы, вядома, што мясцовыя жыхары спачувалі і як маглі дапамагалі вязням.
«Калі іх выводзілі на работу, то стараліся перадаць ім нешта з прадуктаў харчавання: місачку бульбы, лусту хлеба, некалькі яечак. Гэта не заўсёды ўдавалася, таму што вартавыя адбіралі гэ тыя невялічкія перадачы. Асабліва лютавалі літоўскія і ўкраінскія найміты», – так успамінаў пра падзеі тых страшных гадоў мясцовы жыхар Іван Сяркоў.
Адзін з такіх момантаў упамінаецца ў кнізе «Памяць» на 217 старонцы. Ёсць нават фотаздымак гэтага чалавека з подпісам «А.Дз. Артамонаў – былы вязень Гудагайскага канцлагера ваеннапалонных, хто застаўся жывы». Праўда, больш нідзе звестак пра яго знайсці не ўдалося.
Калі ў 2012 годзе я займалася пошукам імён ваеннапалонных, якія загінулі ў Гудагаі, у інфармацыйных матэрыялах сайта «ОБД Мемарыял» «Данясенні аб незваротных стратах» бачыла прозвішча Аляксандра Мішкаўца, насупраць якога пазначана geflohen – што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае «збег».
Лёс тых, хто трапіў у гудагайскі лагер быў цяжкі: ад голаду і холаду многія паміралі. Іх выкідвалі ў роў праз дарогу насупраць будынка і прысыпалі зямлёй. Пасля вызвалення Астравеччыны воіны Чырвонай арміі пахавалі іх разам з загінулымі ў баях ваеннаслужачымі. Усе яны знайшлі супакой пад абеліскам на ўскрайку Гудагая.
У 1954 годзе над брацкай магілай быў усталяваны помнік вышынёю 2,5 метра. Да 30-годдзя Вялікай Перамогі помнік рэстаўравалі. Абеліск стаў вышынёй 4 метры, уверсе яго размясцілі пяціканцовую зорку, каля помніка паклалі цэментныя пліты. У тых добрых справах удзельнічаў былы дырэктар школы, а на той час настаўнік Віталь Лянкевіч. А дапамагалі яму настаўнік гісторыі Пётр Блізнік і жыхар пасёлка Часлаў Шашкевіч. Рамонтныя работы каля помніка праводзілі і ў 2019 годзе.
Сёлета да 80-годдзя Вялікай Перамогі тэрыторыя каля помніка будзе добраўпарадкавана.
– У год 80-годдзя мы павінны зрабіць усё, каб нашы нашчадкі памяталі, што гэтыя людзі аддалі сваё жыццё за нашу светлую будучыню, за тое шчаслівае мірнае жыццё, якім мы сёння жывём. Частку сродкаў на добраўпарадкаванне выдзеліў сельскі Савет – закупілі плітку. Сельгаспрадпрыемства дапамагае іншымі неабходнымі матэрыяламі і людзьмі. Каля помніка з’явіцца пляцоўка з памятнымі плітамі, уздоўж яго пакладзём плітку, дзе змогуць размяшчацца ўдзельнікі мітынгу. Акрамя гэтага, да спраў па добраўпарадкаванні падключыліся арганізацыі, замацаваныя за гэтым месцам. Школа плануе закупіць туі – пасадзім іх за помнікам, каб аддзяліць тэрыторыю ад лесу. Пагранічная камендатура дапаможа з добраўпарадкаваннем самога абеліска – яго патынкуюць і пафарбуюць. Заменяць і памятную дошку, якая размяшчалася на помніку, – яе адновяць за сродкі раённага аддзялення партыі «Белая Русь». Мясцовы жыхар Альфрэд Юруш зробіць новую зорку, матэрыял для яе прадставіў дэпутат райсавета Вадзім Кокаш. І да 9 мая ў нас будзе абноўленая тэрыторыя брацкай магілы і помнік. Людзі змогуць прыйсці сюды і аддаць даніну памяці загінулым.
Па архіўных звестках даведніка «Лагеря советских военнопленных в Беларуси 1941-1944», у брацкай магіле пахавана 200 ваеннапалонных. Іншыя крыніцы інфармацыі паведамляюць, што іх там магло быць і 300. На сёння ўстаноўлены імёны 70 з іх...